Рабіць дабро разам — лёгка


З 8 мая па 1 чэрвеня праходзіў штогадовы рэспубліканскі месячнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сёлетні яго дэвіз — “Актыўнае валанцёрства”. Акцыя заклікала нераўнадушных людзей аказваць дапамогу падапечным Чырвонага Крыжа — адзінокім пажылым людзям, цяжкахворым, дзецям-інвалідам, а таксама пакінутым без апекі бацькоў, людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Прайшлі мерапрыемствы і ў нашым раёне.

Адно з апошніх — паездка ў Мосар, ініцыятарам якой выступіла старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Ана­тольеўна Грузд. Наведаць гэта прыгожае святое месца адправі­ліся Мікалай Міхайлавіч Матарас з сынам Цімафеем, Ала Іванаўна Дзямідка з дачкой Надзеяй, Андрус Чыпуліс з вернай спадарожніцай Анастасіяй, Дзяніс Жук з мамай Эмай Баляславаўнай, Мар’ян Адамавіч Каравацкі з Ярэва з жонкай Аленай і Святлана Фаміна з Варапаева з сястрой міласэрнасці Валянцінай Станіславаўнай Міхалевіч.

— Людзі з абмежаванымі магчымасцямі большасць часу праводзяць у сваіх дамах і кватэрах, — гаварыў валанцёр, адміністратар клуба “BMW” у Паставах Аляксандр Клакоўскі. — Многія адчуваюць сябе адзінокімі, бо родныя вымушаны працаваць, займацца хатнімі і іншымі справамі. Асноўны сродак зносін з навакольным светам — інтэрнэт. А яны маюць патрэбу ў жывых зносінах з аднагодкамі, сябрамі, ім хочацца пагутарыць, пабываць у прыгожых мясцінах. Таму я і адклікнуўся на прапанову стаць спонсарам паездкі. З жонкай Надзеяй у маі мы вазілі ў Мосар дзяцей з сацыяльнага прытулку. Спадабалася самім, чаму не паказаць іншым?

Нягледзячы на спякотнае надвор’е, невялікую затрымку з ад’ездам, дарогу ў пяцьдзясят кіламетраў, экскурсанты адчувалі сябе бадзёра, жартавалі, расказвалі розныя гісторыі. А калі выехалі з салонаў мікрааўтобусаў на мосарскую зямлю, захапіліся прыгажосцю храма, любаваліся штучнымі вадаёмчыкамі, рэдкімі відамі лілей у іх, дагледжанасцю газонаў і клумбаў.

Тэрыторыя агляду вялікая. Прайсці яе не зусім проста нават здароваму чалавеку, а на інваліднай калясцы — увогуле складана. Цяжкавата прыйшлося тым, хто суправаджаў. Але Аляксандр Клакоўскі і сын Мікалая Матараса Цімафей дапамагалі калясачнікам пад’ехаць пад гару, заехаць у касцёл і выехаць, пераадолець парог музея. Нягледзячы на розныя веравызнанні, усе пакланіліся рэліквіям Святога Юстына, папрасілі яго аб заступніцтве.

У кожнага з гэтых людзей свая гісторыя і свая трагедыя, у выніку якой асноўным сродкам перамяшчэння стала інвалідная каляска: стрэс ад таго, што здарылася, доўгі перыяд рэабілітацыі, наведванне медыцынскіх цэнтраў,  вялі­кая колькасць лекаў — ім прыйшлося праз усё гэта прайсці. Яны адрозніваюцца ўзростам, знешнасцю, характарам, а аб’ядноўвае адно — права на міласэрнасць з боку іншых. Ім так важна адчуваць падтрымку і цяпло не толькі сваіх родных і блізкіх, але і ўвогуле неабыякавых да іх лёсу людзей. Інваліднасць — гэта велізарныя выпрабаванні як для тых, каму гэты прысуд вынесены, так і для родных. Многае залежыць ад умення падтрымліваць адно аднаго.

Паездка доўжылася больш за чатыры гадзіны. За гэты час пілігрымы паспелі пасябраваць паміж сабой, адшукалі агульных знаёмых, абмяняліся тэлефонамі і адрасамі электроннай пошты. Слухала сваіх спадарожнікаў — і набіралася ў іх аптымізму. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі знахо­дзяць крупінкі дабра і пазітыву ў любой сітуацыі, умеюць радавацца новым уражанням.

— Мне адной было б не пад сілу арганізаваць гэту паездку, — гаварыла В. А. Грузд. — Рабіць дабро разам — лёгка. Бязмежна ўдзячна ўсім, хто праявіў міласэрнасць: галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміру Мікалаевічу Чакаваму, дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяне Іванаўне Пякарскай за прадастаўлены зручны для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі транспарт, Аляксандру Клакоўскаму за спонсарства і фізіч­ную дапамогу падчас экскурсіі, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” Але Баляславаўне Мураўскай за суправаджэнне, вадзіцелям Пастаўскай ЦРБ і ТЦСАН Руслану Аўраменку і Сяргею Фамічу Смірнову за падтрымку і чуласць.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.