Радуе не толькі пастаўчан


Хор настаўнікаў раённага Дома культуры — адзін з калектываў Пастаўшчыны, які носіць званне “народны”. Створаны ён у 1999 годзе з настаўнікаў агульнаадукацыйных і музычных школ горада і раёна, а яго першым кіраўніком стаў дырэктар Лынтупскай дзіцячай музычнай школы, харавік па адукацыі Віктар Канстанцінавіч Якімовіч.

Зараз калектыў аб’ядноўвае 32 педагогаў з Пастаў, якія выкладаюць самыя розныя прадметы і любяць спяваць. Робяць гэта як пад акампанемент фанаграмы-“мінусоўкі”, так і а капэла. На сённяшні дзень у рэпертуары хору больш за 40 розных твораў: беларускія народныя і духоўныя песні, песні на словы пастаўскага паэта Ігара Пракаповіча, савецкіх кампазітараў і рускіх класікаў. Яны гучаць на рускай, беларускай і англійскай мовах. Інструментальныя аранжыроўкі твораў робіць акампаніятар калектыву Алег Віктаравіч Жаўноў, а партыі для кожнага ўдзельніка хору распісвае яго цяперашні кіраўнік Людміла Леанідаўна Логінава, якая стаіць “каля руля” на працягу ўжо 10 гадоў.

Сваім майстэрствам настаўніцкі хор — а на яго базе існуе яшчэ і вакальная група — радуе не толькі пастаўчан, выходзячы на сцэну падчас разнастайных раённых свят. Ён пастаянны ўдзельнік абласнога агляду-конкурсу вакальна-харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”, рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва “Пеўчае поле” на Мядзельшчыне, Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, выступаў таксама ў Сафійскім саборы ў Полацку і касцёле ў Паставах. За высокае выканальніцкае майстэрства, захаванне і прапаганду харавога жанру калектыў і яго кіраўнік не раз узнагароджваліся дыпломамі і граматамі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.