Рэалізацыя падвяла

Спорт

“Паставы-ПМЦ” — ФК “Шуміліна” — 0:1

Для абедзвюх каманд гэта гульня стала важнейшай у плане выхаду ў тройку мацнейшых, якія на другім этапе першынства павядуць барацьбу за камплекты ўзнагарод. Нягле¬дзячы на невыносную спёку, падтрымаць гасцей прыехала група іх прыхільнікаў з Шуміліна са сцягамі, дудкамі і вялізным барабанам. Пры такой падтрымцы шумілінцы маглі першымі адкрыць лік ужо на 6-й хвіліне, але завяршальны ўдар аказаўся недакладным. У гаспадароў таксама стала атрымлівацца камбінацыйная атакуючая гульня, рэгулярна ўзнікалі моманты для ўзяцця варот. Аднак нашы футбалісты чамусьці спяшаліся і прамахваліся. Толькі на 18-й мінуце Руслан Зелянкевіч трапіў у вугал варот, але варатар шумілінцаў Аляксандр Маслюк у кідку адвёў пагрозу. Самы яўны момант вызначыцца пастаўчане ўпусцілі неўзабаве, калі іх малады нападаючы Раман Пасевіч выбег без перашкод на варатара саперніка, але стрэліў вышэй, над перакладзінай. У канцоўцы першага тайма на ўдарнай пазіцыі апынуўся цэнтральны абаронца ПМЦ Аляксандр Жарскі, але ягоны ўдар аказаўся недастаткова моцным.

За такое марнатраўства госці пакаралі нашу каманду за 4 хвіліны да перапынку. Пасля падачы вуглавога пастаўчане адбілі мяч прама на нагу высакаросламу абаронцу шумілінцаў Ігару Дашкевічу, які з блізкай адлегласці ўжо не прамахнуўся — 0:1. Другая палова сустрэчы праходзіла ва ўзаемна вострых атаках. Аднойчы за пастаўчан “згуляла” перакладзіна, а стрэлы з перспектыўных пазіцый пастаўчан Яўгена Грантоўскага і Паўла Пучынскага былі крыху недакладнымі. У выніку пры нядрэннай гульні наша каманда, за якую выступалі Лубко (Прыходзька), Р. Жылевіч (Мін¬гіновіч), Жарскі, Дубін, Амбразевіч, Павініч, Зелянкевіч, Карага (к, Пучынскі), Ясюкевіч (Бубноўскі), Я. Грантоўскі, Пасевіч (В. Жылевіч), зноў прайграла.

У гэтым туры каманда Лепеля дома разграміла міёрцаў з буйным лікам 5:1. У лідары першынства выйшлі футбалісты Глыбокага, якія на сваім полі ва ўпартай барацьбе з лікам 3:2 адолелі суседзяў з Шаркаўшчыны. Заключны матч першага круга чэмпіянату вобласці пастаўчане таксама правядуць дома ў нядзелю, 3 ліпеня. Матч на гарадскім стадыёне з лепяльчанамі пачнецца ў 14 гадзін.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.