Русалчыны жарты


У вёсцы гулялі вяселле, і моладзь з усяго наваколля сабралася ўвечары на танцы. Жаніх з нявестай жылі па-суседстве. Вясельныя сталы накрылі ў маладога, а дом нявесты, павыносіўшы ўсю мэблю, падрыхтавалі для танцаў.

Музыкі — адзін з гармонікам, а другі з акардэонам — не давалі сумаваць ні моладзі, ні гасцям, ні цікаўным суседзям. Жаніх шчодра частаваў знаёмых гарэлкай, а нявеста з сяброўкамі сыпалі жменямі цукеркі. Жанчыны, рассеўшыся па лаўках, уважліва разглядалі ўборы дзяўчат і гасцей, ухвалялі ці асу­джалі даўжыню спадніц, вышыню абцасаў, абмяркоўвалі, ці не занадта блізка хлопцы туляць партнёрак у сучасных танцах.

Дануся з Антонам пасля чарговай полечкі выйшлі на вуліцу перадыхнуць. Ліпеньская ноч была цёплай, неба — зорным, з агародчыкаў соладка пахла мацыёлай і мятай. Нягле­дзячы на позні час, вакол дома з рогатам і піскам насіліся дзеці. Хлопец з дзяўчынай адышлі ўглыб сада і прыселі на бярвеннях. Можна было б доўга любавацца зоркамі, але ненажэрныя камары апанавалі так, што давялося ўцякаць.

Дануся хацела прычасацца, але ўсе люстэркі вынеслі ў лазню, дзе было паслана маладым. Раз­біць люстэрка, ды яшчэ ў вясельныя дні, — няма горшай прыкметы. Далей ад бяды лепш іх прыбраць, пакуль у доме столькі лю­дзей. Дануся не адважылася б зайсці ў лазню, Антон жа смела адчыніў дверы і, запаліўшы святло, падвёў яе да трумо. Дзяўчына расчасала свае прыгожыя светлыя валасы, прыпудрыла носік. І тут яны ў акенца ўбачылі, што па сцежцы ідуць маладажоны, якія, напэўна, сабраліся адпачываць. Выключыўшы святло, ледзь паспелі выскачыць. Антон у цемры перакуліў на ложак вядро з кветкамі. Кінуліся да возера, на беразе якога стаяла будыніна, і заплёскалі па вадзе ў зарасні­ку чароту. Дануся аж млела ад страху, што яе могуць пазнаць і раскажуць бацькам, што яна з хлопцам чамусьці таўклася ў лазні, а не весялілася на танцах.

Але маладыя, знайшоўшы ложак зусім мокрым, вырашылі, што гэта пажартавала… русалка і выцерла свае доўгія светлыя валасы іх прасцінамі, кветкі раскідала па падлозе, а потым зноў плюхнулася ў возера. У цемры яны заўважылі толькі светлавалосую дзяўчыну, якая мчала да возера, а цёмнавалосы Антон пра­мільгнуў як цень.

Маладыя спалі на сене на гарышчы. Не на прыгожа вышытых падушках і прасцінах, а на посцілках, вытканых яшчэ бабуляй. Першынец у іх нарадзіўся кучаравы, з зялёнымі русалчынымі вачыма. Ні ў тату, ні ў маму…

Нэлла ЛОСЬ,

г. п. Лынтупы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.