Ружы Алега Шырокага


На завулак Заводскі, 7, у райцэнтры трапіла дзякуючы выпадку. І прыемна здзівілася таму, што гаспадар дома, як аказалася, ужо быў героем публікацыі “Пастаўскага краю”. Але на гэты раз — іншая тэма. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

Немаладая інтэлігентная жанчына вельмі любіць кветкі. З сёлетняй вясны вырашыла расшырыць плошчу для іх і абзавесціся новымі гатункамі. Восенню была завезена зямля, аформлена дастаткова вялікая клумба. “Засяліць” яе даручыла сыну з нявесткай і адным нядзельным днём адправіла іх на рынак па кветкавую расаду. Цэны на яе аказаліся “кусачымі”. “Навошта вам выкідваць грошы? — выпадкова сустрэўся на рынку знаёмы. — Паедзем да мяне дадому, маю чым падзяліцца”.

Калі дзеці, вярнуўшыся з рынку, выставілі з машыны скрынкі з кустамі шматгадовых кветак, маці ахнула: напэўна, усю яе пенсію патрацілі. Аказалася, што ўсё гэта — дар. Даведаўшыся пра такую нехарактэрную для цяперашняга, рыначнага, часу гісторыю, я проста не магла не адправіцца па названым адрасе. З яе і пачала размову з гаспадаром.

— А што ў гэтым дзіўнага? — гаварылі Аляксандр Аркадзьевіч і Тамара Міхайлаўна Шырокія. — Бачыце, колькі ў нас кветак. Чаму ж не падзяліцца імі? Няхай растуць на радасць людзям. І з намі ў свой час дзяліліся родныя, знаёмыя, суседзі. Ды і зараз абменьваемся. А на нашым завулку кветкі ёсць ва ўсіх гаспадароў. І увогуле нам вельмі пашанцавала з суседзямі.

Шырокія пасяліліся тут дзесяць гадоў назад, купіўшы дом. Да гэтага жылі ў аднапакаёвай кватэры. З цеснаты трапілі на сапраўднае прыволле: дом — прасторны, агарод — вялікі.

— Амаль на ўсім ім у ранейшых гаспадароў расла бульба, — узгадваюць той час. — А нам навошта яе столькі? Таму вырашылі агарод пакінуць толькі за домам, а ўсю плошчу перад ім заняць газонам і кветкамі.

Новыя гаспадары ўсё перарабілі на свой густ і ўнутры дома. Рамонт доўжыўся ажно восем гадоў. “Мае ідэі, Алегава (Шырокі толькі па дакументах Аляксандр, а ўсе яго завуць Алег — аўт.) выкананне. У яго залатыя рукі”, — не без гонару гаварыла пра мужа Тамара Міхайлаўна, праводзячы мяне з пакоя ў пакой. І сапраўды, усё зроблена з густам і вельмі добра. Які матэрыял ні вазьмі — любы падуладны майстру, нават метал. Бачылі б вы, якія прыгожыя ружы выкаваў з яго Аляксандр Аркадзьевіч. Ніколькі не саступаюць тым, што раскашуюць летам у кветніку.

Між іншым, кветнік — таксама яго клопат. “Хто сказаў, што гэта не мужчынскі занятак?” — не пагаджаецца гаспадар з маёй рэплікай. — Тут жа не толькі праца, але і задавальненне. Так прыемна назіраць за цвіценнем, наталяцца пахам, заводзіць усё новыя і новыя сарты. Праўда, на многае не хапае часу. Бачыце, навёз камення. Буду драбіць і афармляць клумбу. Каб быў сын дома, то дапамог бы, але наш Ілья летась скончыў гістарычны факультэт Белдзярж­універсітэта і цяпер праходзіць тэрміновую службу ў арміі. А ў мяне задум па добраўпарадкаванні многа.

— А яшчэ Алег любіць і ўмее гатаваць, — расказала Тамара Міхайлаўна. — Вельмі смачнымі ў яго атрымліваюцца плоў, шашлык чак-чак і іншыя стравы. Навучыўся кашаварыць і наш Ілья. Так што кухня для маіх мужчын — таксама зона творчасці.

Як сапраўдны гаспадар праяўляе сябе А. А. Шырокі і на рабоце. Мае нямала грамат, прызнаваўся лепшым па прафесіі, у 2014 годзе стаў лаўрэатам звання “Чалавек года Пастаўшчыны” (менавіта з гэтай нагоды і пісала тады пра яго раёнка). На той час ён працаваў газа­электразваршчыкам УП ЖКГ, зараз — майстар участка ЖЭУ “Паставы-18”, у яго падпарадкаванні 16 чалавек — слесары, сантэхнікі, дворнікі і іншыя.

Знаёмства і размова з Шырокімі прынесла мне немалое задавальненне. Пакідаючы сядзібу, яшчэ раз азірнулася на дом і зноў парадавалася — на ім красаваўся філігранна выкананы Аляксандрам Аркадзьевічам герб Пастаў — тры рыбкі і сетка. Вось такія тут жывуць людзі — і сапраўдныя гаспадары, і патрыёты свайго горада.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.