“Шчаслівая, што працую ў фармацыі”

Общество

Ваганняў наконт выбару прафесіі ў выпускніцы СШ №1 Кацярыны Кухальскай не было — “прафарыентацыю” яна атрымлівала змалку, бываючы на рабоце ў маці — правізара-рэцэптара цэнтральнай аптэкі № 87 Пастаўскага раёна Ірыны Мікалаеўны.

Разнастайныя каробачкі, бутэлечкі, слоічкі, спецыфічны пах аптэкі — усё мне было тут цікава, — успамінае дзяўчына. — А ў школе найбольш падабаліся хімія і біялогія. Таму я цвёрда ведала, што стану правізарам.

У Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт яна паступіла па мэтавым накіраванні, а ў жніўні мінулага года ўжо прыступіла да работы дыпламаваным спецыялістам. Да гэтага, на трэцім, чацвёртым і пятым курсах, праходзіла тут практыку, таму калектыў не быў для Кацярыны незнаёмым. “Прыйшла сюды, як дадому, — прызнаецца яна. — І загадчык аптэкі, і яе намеснік, і ўсе калегі прынялі цёпла. Калектыў прафесійны, мне прыемна тут працаваць”.

Сёлета Каці выпаў гонар прадстаўляць яго на конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод маладых спецыялістаў, які праводзіла Віцебскае ўнітарнае прадпрыемства “Фармацыя”. Конкурс праходзіў у тры этапы. У першым удзельнічала 80 чалавек, у другім іх засталося 30, у трэці выйшла ўсяго 11, у тым ліку і наша пастаўчанка.

— Заключны этап конкурсу праходзіў у Віцебску напярэдадні Дня медыцынскага работніка, — расказвала Каця. — Па жэрабі мне выпала выступаць першай, таму вельмі хвалявалася. Але падрыхтаваліся мы грунтоўна. Накіроўвалі, раілі, падказвалі, дапамагалі загадчык аптэкі Жанна Анатольеўна Лагвіненка і старшыня прафгрупы Рыта Арэхава, вялікі ўклад унесла ў падрыхтоўку фармацэўт-рэцэптар Таццяна Дробышава. Дарэчы, яна атрымала Падзяку Віцебскага ўнітарнага прадпрыемства за высокі прафесіяналізм. Акрамя таго, Таня вельмі творчы чалавек. І відэаролік знялі, і вершы напісалі, нават песню. Нам было пра што расказаць, бо пастаўская аптэка адметная: яе будынак — помнік архітэктуры, якому ўжо больш за 200 гадоў, ствараем свой музей. Калектыў дружны, весела адпачываем. “Толькі ў нашай аптэцы…” — гучала лейтматывам у песні, якую мы выканалі на сцэне разам з Ленай Чатовіч.

На жаль, у тройку прызёраў Кацярына не ўвайшла — журы прысудзіла ёй чацвёртае месца. А вось у гледачоў, што прысутнічалі ў зале, было іншае меркаванне — яны “выкупалі” пастаўчанку ў бурных апладысментах, а пасля завяршэння конкурсу падыходзілі і гаварылі, як сімпатызуюць ёй і як за яе балелі. У якасці пацвярджэння таму дзяўчына прывезла дадому дыплом пераможцы глядацкіх сімпатый, па выніках конкурсу ёй уручаны і яшчэ адзін — за высокі ўзровень прафесійнага майстэрства. Дык хіба гэта не галоўнае?

— Работа мне вельмі падабаецца, — расказвала Кацярына. — Асабліва прыемна, калі мы з мамай трапляем у адну змену: у адным акенцы — яна, у другім — я. Мама для мяне ідэал жаноцкасці, розуму, прафесіяналізму. Ва ўсім бяру з яе прыклад.

— А мяне як кіраўніка радуе, што ў нас сталі з’яўляцца сямейныя дынастыі, — са свайго боку дадае загадчык аптэкі Жанна Анатольеўна Лагвіненка. — Іх ужо тры. Калі дзеці выбіраюць прафесію бацькоў, гэта дае надзею на добрую перспектыву.

Але пакуль што фармацэўтаў у раёне не хапае. Вось і Лынтупская гарпасялковая аптэка № 86 засталася без загадчыка. З красавіка яго абавязкі па сумяшчальніцтве выконвае Кацярына Кухальская.

— Хоць і цяжка, шмат работы, але мне гэта цікава і дае вопыт, — зазначыла малады спецыяліст. — Заказваю і прымаю тавар, афармляю дакументацыю, сачу за санітарным станам памяшкання і прылеглай тэрыторыі. Дапамагае тое, што адчуваю вялікую падтрымку Жанны Анатольеўны.

Вольным часам Кацярына дапамагае маці ў хатніх справах, кантактуе з сябрамі ў інтэрнэце, эксперыментуе ў агародзе з раслінным светам, у тым ліку і з лекавымі травамі. А яшчэ ажыццяўляе сваю даўнюю, са школьных гадоў, мару — спасцігае майстэрства ігры на фартэпіяна. “Ужо даю хатнія канцэрты”, — усміхаецца, і мне бачацца ў гэтай светлай дзяўчыне і вясна, і сонца, і музыка.

Фаіна КАСАТКІНА.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.