Склалі косы роўныя пракосы (+фота)


11 чэрвеня вёска Жылінскія Навасёлкаўскага сельсавета, як у былыя часы, прачнулася з усходам сонца і напоўнілася людскім гоманам і звонам кос — у пяць гадзін раніцы тут пачалася рэгістрацыя ўдзельнікаў V адкрытага чэмпіянату па касьбе, які сёлета атрымаў статус міжнароднага.

З кожным годам жадаючых памерацца сіламі ў спартыўнай касьбе, якая па задумцы арганізатараў доўжыцца пяць гадзін (за гэты час трэба скасіць як мага больш і якасней), становіцца ўсё больш. Сёлета прадэманстраваць сваё валоданне вясковым ін­струментам адважыліся 25 чалавек, яшчэ 5 — пасапернічаць у скораснай касьбе на дыстанцыі ў 400 метраў. Пашыраецца і геаграфія ўдзельнікаў самабытнага мерапрыемства: на чэмпіянат з’ехаліся касцы з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі (Урал і Якуція), Украіны, госці з Польшчы. Склад прадстаўнікоў замежных краін і Брэсцкай вобласці не выпадковы — гэта сябры і аднадумцы ідэйнага натхняльніка і арганізатара спаборніцтваў па касьбе ў Жылінскіх Пятра Паўлавіча Караля і некаторых удзельнікаў чэм­піянату. А пазнаёміліся яны падчас правядзення такіх мерапрыемстваў у вышэйназваных рэгіёнах.

Вітаў удзельнікаў і гасцей старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанцін Эдуардавіч Мядзведзеў.

— Прыемна бачыць, што за непрацяглы час існавання чэмпіянат змог з аматарскіх спаборніцтваў трансфармавацца ў такое ўнікальнае мерапрыемства з наймацнейшым складам удзельнікаў, — гаварыў ён. — Зараз няма вострай патрэбы ў ручной нарыхтоўцы сена, для гэтага існуе спецыяльная тэхніка. Але паўстала іншае пытанне — не даць традыцыям адысці ў нябыт, а адрадзіць іх, як мага часцей дакранацца да каранёў побыту свайго народа, без якіх, вядома, не можа быць і дрэва.

Падобнай думкі прытрымліваецца і ўраджэнец гэтай вёскі П. П. Кароль, які ўсімі сіламі імкнецца не даць парвацца сувязной нітцы паміж пакаленнямі і хоць крыху ўдыхнуць жыццё ў сваю малую Радзіму. З дзяцінства разам з бацькам і братамі на гэтых лугах ён касіў траву, атрымліваў асалоду ад еднасці з прыродай. Пры першай магчымасці з задавальненнем бярэ касу ў рукі і цяпер. Заўсёды з’яўляўся не толькі арганізатарам, але і актыўным удзельнікам чэмпіянату. Праўда, на гэты раз упершыню выступаў у ролі галоўнага суддзі, і арганізатарскія клопаты не дазволілі наталіцца прыемнай стомленасцю ад любімай працы. У свой час Пётр Паўлавіч займаўся рознымі відамі спорту, але пераканаўся, што нішто так не надае зарад бадзёрасці, не развівае фізічную сілу і цягавітасць, як касьба і плаванне.

— Сёлета мы плануем актыўна ўдзельнічаць у такіх спаборніцтвах на вядучых айчынных і замежных пляцоўках. Бліжэйшыя з іх пройдуць у Славакіі. Так што гэты чэмпіянат — свайго роду адборачны тур для маючых адбыцца паездак, — паведаміў ён. — Бязмежна ўдзячны тым, хто падтрымлівае ідэю правядзення чэмпіянату па касьбе, дапамагае ў яго арганізацыі, аказвае спонсарскую дапамогу. А гэта кіраўніцтва Пастаўскага раёна, калектывы ТАА «Вікінг», Віцебскага камбі­ната хлебапрадуктаў, дзяржаўнага аб’яднання «Фі­зічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», дырэктары сельгаспрадпрыемстваў «Навасёлкі-Лучай», «Дунілавічы-агра», «Сцяг Перамогі-агра», старшыні Навасёлкаўскага і Курапольскага сельскіх Саветаў, выкладчыкі і навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, індывідуальны прадпрымальнік А. І. Колесень і іншыя.

Перш чым па ўсёй акрузе зазвінелі косы, удзельнікаў спаборніцтваў падбадзёрвалі і натхнялі мастацкімі нумарамі навучэнцы каледжа і культработнік з Варапаева Аксана Міхалевіч. Мясцовая паэтка Наталія Карнілава прачытала свае творы. У мілагучных вершаваных радках на матчынай мове яна ўсхваляла прыгажосць роднай прыроды, летняга ранку і працы на зямлі, якія звонкай мелодыяй клаліся на слых і цалкам адпавядалі тэматыцы мерапрыемства. Пазней, калі работа ў полі была завершана і косы адклалі ўбок, да ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці далучылася музычны кіраўнік каледжа Наталля Ясак.

Пасля жараб’ёўкі ўдзель­нікі адкрытага чэмпіянату па касьбе разышліся па сваіх участках. Вось тут і пачалося відовішчнае дзейства! Касцы спрытна зразалі густую траву, імкліва падаўжаліся роўныя пракосы. Каб прадэманстраваць свой спрыт, стрыечныя браты Вячаслаў Окаракаў і Дзмітрый Ціханаў з Рэспублікі Саха (Якуція) пераадолелі амаль восем тысяч кіламетраў. Гэта іх трэці і, спа­дзяюцца, не апошні візіт у Беларусь. Братоў вельмі ўразілі незвычайнае хараство нашай прыроды, гасціннасць і добразычлівасць беларусаў. Спачатку Вячаслаў і Дзмітрый пабывалі на магіле земляка, першага з народа Саха Героя Савецкага Саюза Фёдара Папова, які загінуў смерцю храбрых падчас Вялікай Айчыннай вайны і знайшоў вечны спачын на Гомельшчыне, затым адправіліся ў Жылінскія.

— Наш народ спрадвеку займаецца сельскагаспадарчай працай, трымае шмат скаціны, таму касьба для нас з’яўляецца звычайнай справай. Нашы продкі падчас стаханаўскага руху скошвалі за дзень па тры гектары, — расказваў мне Дзмітрый, пакуль яго брат, дарэчы, двухкратны абсалютны чэмпіён Якуціі па спартыўнай касьбе, складваў траву ў пракосы.

Пакуль абмяралі скошаныя ўчасткі, касцы маглі аднавіць сілы ў вясковай лазні і паплаваць у возеры. Далей усіх чакалі абед на свежым паветры, нефармальныя зносіны, абмен уражаннямі і этнадыскатэка «Танцы на палянцы». Вынік агульных намаганняў касцоў значна перакрыў рэкорды мінулых гадоў — без малога шэсць гектараў.

Спрытна ў той дзень касіў Аляксандр Андалецка з вёскі Верацеі Шаркаўшчынскага раёна, які асіліў 40,1 соткі і заняў трэцяе месца. Крыху больш чым на адну сотку яго апярэдзіў сярэбраны прызёр чэмпіянату Рыгор Равенька з Бярозы. Сапраўдным адкрыццём спаборніцтваў стаў дэбютант — пастаўчанін Іосіф Галяк, які скасіў 43,5 соткі, абышоўшы шматлікіх вопытных ­удзельнікаў — мінулагодніх лідараў сенакосных баталій.

— Як і абсалютная большасць удзельнікаў гэтага свята, касу навучыўся трымаць у дзяцінстве і ўжо ў 12 гадоў валодаў інструментам нароўні з дарослымі, — гаварыў Іосіф Пятровіч. — Пра чэмпіянат даведаўся з аб’явы ў раённай газеце і вырашыў трохі размяцца. На перамогу не прэтэндаваў, ды і, па праўдзе сказаць, нават не ведаў умоў, з-за чаго ледзь не правароніў рэгістрацыю.

У сваёй перамозе І. П. Галяк бачыць і долю заслугі 85-гадовага свата Аляксандра Васільевіча Асяненкі з Боцьвінаў, які збіраў яго ў дарогу і навёў адразу тры касы. Ды як! Яны самі плылі па травяным дыване, што адзначаў не толькі ўдзячны сваяк, але і тыя, хто прасіў яго даць узмахнуць пару разоў інструментам. Напэўна, так і было, інакш як растлумачыць, што пасля таго, як скончыўся адведзены на спартыўную касьбу час, ён хацеў прыняць удзел яшчэ і ў скораснай? Але гэта не прадугледжвалі ўмовы чэмпіянату.

Вынікі сярод жанчын (а яны валодалі косамі не горш за мужчын) падводзіліся асобна. Трэцяе месца прысуджана палачанцы Наталлі Сабчук (9,9 соткі), другое ў Алены Хмылко з вёскі Казнадзеюшкі Лынтупскага сельсавета (яе плошча — 12 сотак). Бясспрэчнай пераможцай стала пастаўчанка Ванда Купран, якая скасіла 13,2 соткі. Свае адносіны да неў­ласцівага жанчынам занятку яна характарызуе трыма словамі: «Люблю. Умею. Магу».

— Гэтай і ўсім іншым вясковым прамудрасцям мяне і шасцярых маіх братоў і сясцёр навучылі бацькі, якія не дзялілі працу на мужчынскую і жаночую. Наш тата быў сапраўдным асілкам. Мяркую, што тая сіла, якую маю, мне перадалася ад яго, і грэх ёй не карыстацца, — дзялілася Ванда Казіміраўна. — Па-сапраўднаму пачала касіць, калі выйшла замуж і ўдваіх з мужам займаліся нарыхтоўкай сена. Для мяне гэта было не ў цяжар, а ў радасць, таму што люблю працаваць на свежым паветры, атрымліваю асалоду ад працы на зямлі, не ўяўляю жыцця без фізіч­ных нагрузак.

Упершыню ўдзел у чэмпіянаце ў Жылінскіх В. К. Купран прыняла летась і паказала другі вынік сярод жанчын. На гэты раз у перамозе была ўпэўнена. Не ўспрымала як саперніцу нават маладзейшую па гадах родную пляменніцу Алену Хмылко, якую сама ж і ўзахвоціла паўдзельнічаць у чэмпіянаце. Жартавала, маўляў, перадаю эстафету.

У скораснай касьбе не было роўных якуту Дзмітрыю Ціханаву, другое і трэцяе месцы па­дзялілі палачане Раман Іваноў і Сяргей Партак.

Узнагароджванне пераможцаў і ўшаноўванне замежных удзельнікаў чэмпіянату па касьбе адбылося вечарам на галоўнай фестывальнай сцэне падчас урачыстага адкрыцця XIX Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звiняць цымбалы i гармонiк». Прызёры спаборніцтва ўзнагароджаны дыпломамі, грашовымі прэміямі (іх памер залежыў ад занятага месца), яны таксама атрымалі цэнныя падарункі, а пераможцы — косы, вырабленыя на Арцінскім заводзе.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара, Антона ЧАЛЕЯ і Пятра КУРЫЛОВІЧА.

no images were found

no images were found

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.