Словы ўдзячнасці медыкам


З дабрынёй і спагадай

Хачу падзякаваць урачу-анколагу цэнтральнай раённай бальніцы Дзіне Пятроўне Трава за яе высокі прафесіяналізм і чалавечнасць. Знаёмства з Дзінай Пятроўнай адбылося падчас цяжкай хваробы, якая нечакана напаткала мяне ў поўным росквіце сіл. Здавалася, няма ніякай надзеі на выратаванне. У гэты цяжкі час Дзіна Пятроўна стала для мяне не толькі ўрачом, але і спагадным чалавекам з прыроджанымі ёй дабрынёй і любоўю да бліжняга. Аднаму Богу вядома, колькі яна ўклала цярпення і сіл, каб запаліць у маёй душы іскрынку надзеі. Дзякуючы прафесійным намаганням гэтага цудоўнага медыка і веры, якую яна нястомна ўсяляла, стан майго здароўя значна палепшыўся. Не за гарамі і той час, калі я буду зусім здаровы.

Жадаю шаноўнай Дзіне Пятроўне ўсяго найлепшага ў жыцці, дабра, любові блізкіх і ўдзячнасці пацыентаў. Мая ж удзячнасць вам — бязмежная.

В. ЛОЎКІС, в. Казнадзеюшкі, Лынтупскі сельсавет.

Вярнулі да жыцця

Наша маці, свякроў і бабуля Станіслава Адольфаўна Дзеравянка жыве ў Кураполлі. Узрост мае паважаны — неўзабаве споўніцца 90 гадоў. Заўсёды ў руху, у добрым настроі, у працы. Па медыцынскую дапамогу амаль не звярталася, бо чалавек сціплы, не хацела нікога турбаваць. Неспадзяванка здарылася напярэдадні праваслаўных Каляд — упала і ўстаць ужо не змагла. Было гэта познім вечарам, аднак хуткая дапамога, якую выклікалі, прыбыла аператыўна і забрала бабулю ў бальніцу.

Лячэнне было працяглым, і медыкі паставілі на ногі такога цяжкога пацыента. Пасля выпіскі некалькі тыдняў пабыла дома, падужэла. А неяк увечары аднаго дня здарыўся інфаркт. Зноў “хуткая” даставіла ў бальніцу. Моцна хваляваліся, але неўзабаве пераканаліся, што перажыванні былі дарэмнымі: зноў правільна пастаўлены дыягназ, эфектыўнае лячэнне далі свае вынікі — здароўе палепшала.

Дзеля гэтага пастараліся многія медыцынскія работнікі. Шчыра дзякуем калектывам аддзяленняў хуткай дапамогі, анестэзіялогіі і рэанімацыі, неўралогіі, урачам офіса агульнай практыкі ў мікрараёне 5 гарадка за прафесіяналізм, увагу, своечасовую і такую вялікую дапамогу і падтрымку. Жадаем вам, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, поспехаў у жыцці і працы, дабрабыту і шчасця.

Сям’я ДЗЕРАВЯНКА, г. Паставы.

Заўсёды ўважлівыя

Людзі, якія абралі прафесію медыка і заўсёды верныя свайму высакароднаму абавязку, заслугоўваюць бязмежнай ¬удзячнасці пацыентаў, шчырых слоў. Мне неаднойчы даводзілася звяртацца ў Пастаўскую цэнтральную раённую бальніцу. Заўсёды ўважліва адносіўся галоўны ўрач установы аховы здароўя Уладзімір Мікалаевіч Чакавы. Прафесійныя кансультацыі атрымлівала ў Галіны Леанідаўны Нямірскай. У апошні час я часты пацыент у офісе ўрачоў агульнай практыкі ў мікрараёне 6 гарадка, дружны калектыў якога на чале з Таццянай Ге¬надзьеўнай Васюковіч літаральна ставіць мяне на ногі.

Сардэчна віншую ўсіх са святам, перадаю найлепшыя пажаданні, зычу зда-роўя, поспехаў, цудоўнага настрою, светлых і радасных дзён у жыцці.

Л. БАЛОТНІКАВА, г. Паставы.

Вы — нашы анёлы-ахоўнікі

Напярэдадні прафесійнага свята медыкаў хочацца бясконца паўтараць наступныя словы: “Как хорошо, что есть на свете очаг тепла и доброты”. Такім ачагом, акрамя бацькоўскага дому, з’яўляецца і наша Пастаўская цэнтральная раённая бальніца. Па волі лёсу доўгі час мы самі, нашы бацькі і родныя з’яўляемся частымі наведвальнікамі гэтай установы. Вельмі ўдзячны за кваліфікаваную дапамогу, дабрыню, спагаду, цярпенне і клопат усяму калектыву на чале з галоўным урачом У. М. Чакавым. Ён з’яўляецца сапраўдным вытокам дабрыні, адказнасці, мудрасці і прафесіяналізму.

Вашы сэрцы, паважаныя медыкі, такія чыстыя, як і вашы белыя халаты, якія нагадваюць нам белыя крылы анёлаў. І сапраўды, вы — нашы анёлы-ахоўнікі, што схіляюцца над хворымі ў любы час сутак, каб дапамагчы і суцішыць боль. Мы станем перад вамі на калені, з удзячнасцю паклонімся, пацалуем вашы залатыя рукі і папросім Усявышняга, каб вашы зоркі на небе гарэлі доўга-доўга і падавалі святло надзеі ў нашы збалелыя сэрцы.

Віншуем усіх з Днём медыцынскага работніка! Мір вашаму дому, вашым сем’ям, родным і блізкім.

Сям’я ПУПКЕВІЧ, в. Вярэнькі.

Дзякуй за ўсмешку

Усе мараць пра прыгожую ўсмешку і здаровыя зубы. Таму пры неабходнасці і накіроўваюцца да стаматолага. У крэсла садзяцца з трывогай і надзеяй. Шчаслівы той, хто не ведае, што такое зубны боль. Калі ж ён нясцерпны, то і трапіць на прыём хочацца неадкладна, і на ўрача глядзіш, як на Усявышняга.

Для мяне ратаўніком ад зубнога болю з’яўляецца Алена Феліксаўна Гелжац — урач-стаматолаг раённай паліклінікі. Яе залатыя рукі робяць сапраўдныя цуды. Не паспееш настроіцца на тое, што табе будуць вырываць зуб, як доктар прыветна ўсміхаецца, маўляў, усё закончана. Алене Феліксаўне я давярала і лячэнне сваіх зубоў. Ветлівая, ураўнаважаная, ад яе зыходзяць нейкае асаблівае цяпло і спакой. Яна прафесіянал сваёй справы.

Напярэдадні Дня медыцынскага работніка віншую Алену Феліксаўну, а таксама ўрача-пратэзіста Інэсу Дзмітрыеўну Ішчук з прафесійным святам. Дзякуючы ім у мяне прыгожыя зубы і я ніколі не хаваю ўсмешку.

М. ПЯТРОЎСКАЯ, г. Паставы.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.