Служыць у арміі — прэстыжна


У вясновай прызыўной кампаніі, якая доўжылася на працягу апошніх трох месяцаў, учора пастаўлена кропка. Па яе выніках рады Узброеных Сіл і воінскіх фарміраванняў папоўнілі 49 навабранцаў з Пастаўскага раёна.

Адпраўцы ў армію па        пярэднічалі адбор прызыўнікоў прадстаўнікамі злучэнняў і вайсковых часцей, вывучэнне маральна-дзелавых якасцей юнакоў, медыцынскія агляды і пасяджэнні прызыўных камісій. Апошнімі за час вясновай кампаніі разгледжана больш за 300 прызыўнікоў, з якіх толькі 49 прызнаныя прыгоднымі да праходжання ваеннай службы, яшчэ 150 чалавек атрымалі адтэрміноўкі для атрымання адукацыі, 37 — па сямейных абставінах, астатнія з’яўляюцца непрыгоднымі або часова непрыгоднымі для службы ва Узброеных Сілах.

Тыя ж, хто згодна з Канстытуцыяй адправіўся выконваць абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, папоўняць шэрагі воінскіх часцей ВПС і СПА, войскаў органаў пагранічнай службы, унутраных войскаў МУС, сіл спецыяльных аперацый і сухапутных войскаў. Служыць яны будуць у Віцебску, Мар’інай Горцы, Валожыне, Полацку, Маладзечне, Смаргоні, Заслонаве і Паставах. Дарэчы, хутчэй за ўсё, пасля курса маладога байца вернуцца на малую радзіму ўсе навабранцы, прызваныя ў 49-ю радыётэхнічную брыгаду, і будуць служыць у першым радыётэхнічным цэнтры. Гэтых чатырох юнакоў бацькі, сваякі і сябры праводзілі ў армію 24 мая. Мама Дзяніса Пучкова ў прадчуванні расставання ледзь стрымлівала слёзы: развітвацца з сынам было цяжка. А вось мама прызыўніка Андрэя Шэйна,  наадварот, імкнулася захоўваць пазітыўны настрой і нават жартавала. Зрэшты, як і сябры, якія прыйшлі яго праводзіць.

Падчас прызыўной кампаніі ў ваенкамаце было людна не толькі ад прызыўнікоў, але і тых, хто звольніўся ў запас і прыходзіў станавіцца на воінскі ўлік. Сярод іх Андрэй Стэфановіч і Павел Юхно. Абодва праходзілі службу ў пагранічных войсках. Кажуць, што не шкадуюць пра час, праведзены на заставе, таму што шмат чаму навучыліся, сталі больш дысцыплінаванымі і цярплівымі. Андрэй плануе вярнуцца на ранейшае месца работы, а вось Павел не выключае, што пойдзе служыць па кантракце.

— Апошнім часам служба ва Узброеных Сілах набірае папулярнасць. Па-першае, пра гэта можна меркаваць па тым, як ахвотна юнакі застаюцца на звыштэрміновую. Па-другое, шмат жадаючых паступаць у навучальныя ўстановы, якія даюць ваенныя спецыяльнасці. Сёлета ў раённы ваенкамат для прахо­джання медкамісіі і папярэдняга адбору звярнуліся сорак чалавек, 32 будучыя абітурыенты прызнаныя прыгоднымі. Дарэчы, 7 з іх  — дзяўчаты. Гэта самы высокі паказчык у вобласці, — расказваў ваенны камісар Пастаўскага райваенкамата Юрый Мільто.

Аднак, нягледзячы на папулярнасць службы ў арміі, па-ранейшаму застаюцца і тыя, хто хацеў бы яе пазбегнуць або парушае правілы воінскага ўліку. За апошні прызыў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 12 чалавек, яшчэ 11 знаходзяцца ў працяглым вышуку. На траіх ухілістаў пададзены дакументы ў пракуратуру на ўзбуджэнне крымінальных спраў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.