“Свята дзяцінства”

Культура

Так называўся канцэрт, арганізаваны 8 чэрвеня ў двары пастаўскай СШ №5 навучэнцамі і педагогамі школы для жыхароў мікрараёна будаўнікоў.

Святы з нагоды заканчэння навучальнага года і Міжнароднага дня абароны дзяцей ладзяцца ў пятай школе ўжо даўно. На іх прыходзяць не толькі мамы, таты, бабулі, дзядулі, браты і сёстры маленькіх артыстаў, але і іх знаёмыя, сябры, суседзі — словам, усе, у каго ёсць жаданне паглядзець і паслухаць выступленні дзяцей, а магчыма, і самім паспяваць і патанцаваць. Вось і на гэты раз, нягледзячы на хмары, якія незадоўга да пачатку свята зацягнулі неба, пагражаючы праліцца дажджом, на пляцоўцы перад ганкам школы сабраліся пастаўчане самых розных узростаў — ад малышоў да пенсіянераў.

Больш чым паўтарагадзінную канцэртную праграму для прысутных падрыхтавалі ўдзельнікі музычнай студыі “Вясёлыя ноткі”, куды ўвахо¬дзяць пераважна навучэнцы пачатковых класаў, і яе кіраўнік Марына Міхайлаўна Таран. Хлопчыкі і дзяўчынкі радавалі народнымі і сучаснымі песнямі і танцамі, выканалі нават вальс і падэспань. Сваім артыстызмам і непасрэднасцю яны заслужылі апладысменты гледачоў і змаглі запаліць юную публіку. Шматлікія малышы і падлеткі, якія прыйшлі на свята з усяго мікрараёна, з задавальненнем падтанцоў¬валі і падпявалі артыстам.

Школьны двор і дзеці, і дарослыя пакідалі з выдатным настроем. Яго падмацоўвала ўсведамленне таго, што лета толькі пачынаецца. А значыць, будзе яшчэ шмат яркіх, “сонечных” момантаў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.