“У аснове ўсяго — эканоміка”


Так лічыць дырэктар ААТ “Паставымэбля” Сяргей Рычардавіч Зямчонак. Гэта тэма стала дамінуючай і падчас нядаўняй размовы з ім і як з кіраўніком прадпрыемства, і як з дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе ў Мінску 22-23 чэрвеня.

— Сяргей Рычардавіч, напачатку раскажыце пра сітуацыю на прадпрыемстве.

— У цэлым яна нармальная. Але водгаласы крызісу адчуваем. Пакуп¬ніцкая здольнасць як насельніцтва, так і арганізацый упала, і рэалізаваць прадукцыю ў тых аб’ёмах, у якіх яна выпускаецца, становіцца ўсё цяжэй. Невялікі спад у вытворчасці назіраўся ў пачатку года, тым не менш мы нікога не скарачалі, былі звальненні — да 40 чалавек — па ўласнай ініцыятыве работнікаў. Перад пачаткам сезона выпуску спецыялізаванай мэблі (дашкольнай, школьнай і для вышэйшых навучальных устаноў) зноў сталі набіраць людзей, і ў бліжэйшы час, спадзяюся, выйдзем на ранейшую колькасць працуючых (265 чалавек).

Што да вынікаў работы прадпрыемства, то яны нядрэнныя. Адзначаецца рост выпушчанай і рэалізаванай прадукцыі, рэнтабельнасці продажу, нядрэнныя паказчыкі і па іншых пазіцыях. Своечасова разлічваемся па падатках і іншых плацяжах, заработнай плаце. Маем два патэнты на новыя віды распрацоўкі мэблі, прадукцыю завода ведаюць, яе ахвотна купляюць.

— Што дапамагае процістаяць праявам крызісу?

— У нас ёсць базіс — закладзена трывалая аснова па ўсіх кірунках. Маюцца напрацоўкі па асартыменце прадукцыі, пастаянна павышаем яе якасць, пад кантролем тэрміны выканання заказаў, адкрываем магазіны па продажы мэблі. Не ўпускаем з поля зроку экспарт — падтрымліваем сувязі з краінамі Прыбалтыкі, Казахстанам, Расіяй, наладжваем іх з гандлёвымі кампаніямі “Отто” і “Икеа”, актыўна займаемся пошукам выхаду на турэцкі і расійскі рынкі. Што датычыць ра¬сійскага, то ў Маскве нядаўна наведалі выстаўку, дзе заключылі шмат кантрактаў аб намерах супрацоўні¬чаць, якія цяпер паступова афармляюцца і пераходзяць у рабочую плоскасць.

Усё сказанае вышэй пацвярджае: не самі па сабе наладзіліся і наладж-ваюцца сувязі. Сутнасць у тым, што мы на прадпрыемстве выпускаем прадукцыю, якая даведзена да еўрапейскага стандарту якасці. Германская кампанія “Отто” працуе на ўвесь кантынент, і вельмі спа¬дзяёмся, што стабільны еўрапейскі рынак будзе даступны і для нас. Дарэчы, у Германію адпраўлена партыя лавак-трансформераў, і ўжо вядомыя станоўчыя водгукі на іх.

— Як удалося дасягнуць высокай якасці? А для паспяховай рэалізацыі прадукцыі і цана павінна задавальняць. Што робіцца ў гэтым плане?

— Гэта вынік настойлівай працы ўсяго калектыву, а яшчэ — своечасова праведзенай мадэрнізацыі, зніжэння сабекошту. Пастаўлена задача зні¬жаць яго на 20-25%. Ведаю, што дасягнуць такіх лічбаў будзе няпроста, бо колькі прадпрыемствам кірую, столькі гэтым і займаемся. У прыватнасці, кацельня пераведзена на мясцовыя віды паліва, 80% з якіх — адходы вытворчасці, астатняе нарыхтоўваем сваімі сіламі. Эканомім і электраэнергію: павялічыўшы аб’ёмы вытворчасці і колькасць працуючых амаль у паўтара раза, яе спажываем на ранейшым узроўні, і гэта за кошт таго, што шмат энергазатратных установак замянілі на больш эканамічныя.

Даводзіцца “ўціскацца” і з заработнай платай, бо канкурэнцыя становіцца ўсё больш жорсткай. Нашы канкурэнты — гэта ў асноўным прыватныя прадпрыемствы з Бабруйска, Магілёва, Гомеля, Мінска, а яны грошы лічыць умеюць і лішніх расходаў сабе не дазваляюць.

— А чым “Паставымэбля” кіруецца пры фарміраванні палітыкі ў заработнай плаце?

— Ёсць два шляхі. Першы (і мы яго прытрымліваемся) — жыць па сродках, разумеючы эканамічную сітуацыю, і пры яе паляпшэнні развіваць вытворчасць, папаўняць калектыў, бо дазваляюць магчымасці і закупленае абсталяванне, можна і зарплату павысіць. Але яна павінна быць заробленай, павысіць проста так нельга, бо гэта загоніць у тупік, што ў канчатковым выніку закончыцца спадам, крызісам. Эканамісты павінны сказаць, што рэальна ёсць у астатку і наколькі можна падняць узровень заработнай платы.

Але гэта не догма, і на прадпрыемстве ведаюць, як я стаўлюся да меркавання пра тое, што рост заработнай платы не павінен апераджаць рост прадукцыйнасці працы. Мы пастаянна працуем над зніжэннем матэрыялаё-містасці, і калі, скажам, прадукцыйнасць павысілі на 10% і пры гэтым затрацілі меншую колькасць паліва, запчастак і г.д., а фінансавыя магчымасці дазваляюць павысіць заработную плату, дык чаму б гэтага не зрабіць?

Другі шлях — плаціць незаробленыя грошы, губіць эканоміку прадпрыемства, залазіць у даўгі, прайграваць тэндары — а праз іх ідуць усе закупкі нашай спецыялізаванай мэблі. І ў канчатковым выніку акажамся ў сітуацыі былых пастаўскіх прадпрыемстваў —шклозавода і кансервавага.

— Калектыў аказаў гонар кіраўніку — вылучыў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Напэўна, і наказ завадчане давалі?

— Людзі, якія працуюць на заводзе, мяне добра ведаюць, і я іх таксама. Па два-тры разы на дзень абавязкова бываю ў цэхах, і кожны работнік да мяне можа падысці з любым пытаннем. Рэгулярна збіраемся падчас перазменкі, абмяркоўваем усе бягучыя пытанні, у тым ліку і вынікі работы прадпрыемства.

Што да наказаў. Мы ўсе зацікаўлены ў стабільнасці ў грамадстве ў цэлым і ў эканоміцы ў прыватнасці, і размоў пра гэта на форуме, спадзяюся, будзе шмат.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.