У пошуках сваёй гульні

Спорт

Абаронца пастаўчан Віталь Дубін (злева) ліквідуе праход саперніка.

“Паставы-ПМЦ” — ФК “Міёры” – 2:2

Насычаную праграму міжнароднага фестывалю народнай музыкі ўпрыгожыў і гэты цікавы матч, у якім абедзве каманды змагаліся за перамогу да фінальнага свістка. Госці ў мінулым некалькі разоў станавіліся чэмпіёнамі вобласці, тры сезоны адгулялі ў 2-й лізе чэмпіянату Беларусі. Пастаўчане, памятаючы два леташнія паражэнні ў гульнях з імі, пачалі дзейнічаць актыўна і напорыста, правялі хуткі гол ужо на 1-й хвіліне. Партнёры па гульні вывелі на ўдарную пазіцыю апорнага паўабаронцу Руслана Зелянкевіча, і лепшы бамбардзір нашай каманды стрэліў дакладна ўпрыцірку са штангай. Неўзабаве гаспадары маглі павялічыць сваю перавагу, але заключны ўдар галавой падчас прыгожай камбінацыі Яўгена Грантоўскага аказаўся недакладным.

У сярэдзіне тайма гульня выраўнялася, а потым усё часцей дэманстраваў сваё майстэрства варатар пастаўчан Яўген Лубко. Ён двойчы выручыў нашу каманду ад непрыемнасцей. Аднак ужо ў дабаўлены час страта канцэнтрацыі абаронай ПМЦ прывяла да таго, што на навясную перадачу адгукнуўся нападаючы гасцей Віталь Смалякоў і лік зраўняў. Акрыленыя міёрцы пасля перапынку загулялі яшчэ актыўней, і пастаўчанам прыйшлося ў асноўным абараняцца. У далейшым матч прадоўжыўся на сустрэчных курсах, а моцны і дакладны ўдар паўабаронцы пастаўчан Ігара Павініча варатар гасцей з цяжкасцю перавёў на вуглавы.

Радасна ажывіліся трыбуны на гарадскім стадыёне, калі на 65-й хвіліне наша каманда зноў выйшла наперад дзякуючы намаганням свайго адзінага форварда Рамана Мядзве¬дзева. Аднак хутка больш фізічна моцныя і вопытныя міёрцы зноў лік зраўнялі, калі ў іх вызначыўся Арцём Драздовіч, які летась тройчы засмуціў нашу каманду. Канцоўка паядынку атрымалася нервовай, але сапернікі не скарысталіся зручнымі момантамі для ўзяцця варот. Пастаўчанам яшчэ ёсць над чым працаваць, як заўважыў пасля матча іх галоўны трэнер В. М. Грантоўскі, а ў цэлым пахваліў за самааддачу Лубко, Пучынскага (Мінгіновіча), Жарскага, Дубіна, Місніка (Амбразевіча), Павініча, Зелянкевіча, Карагу (к), Я. Грантоўскага, Ясюкевіча, Мядзведзева (Пасевіча), якія гулялі ў той дзень.

У нашай групе пасля гэтага тура аднаасобным лідарам стала каманда Шуміліна, якая дома з буйным лікам 6:0 адолела шаркаўчан. Услед за ёй ідуць палачане пасля перамогі на сваім полі ва ўпартай барацьбе з лікам 2:1 над футбалістамі Лепеля. Наша каманда з чатырма набранымі ачкамі пакуль трэцяя ў турнірнай табліцы.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.