Удзельнікам і гасцям ХІХ Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”


Паважаныя арганізатары, удзельнікі і госці фестывалю,

шаноўныя сябры!

Віншую вас з адкрыццём ХIХ Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у горадзе Паставы! Фестываль унікальны, непадобны на іншыя. Ужо ў самой назве закладзены яго адметнасць і своеасаблівасць: тут гучыць народная музыка ў выкананні народных інструментаў — цымбалаў і гармонікаў. Для калектываў гэты творчы форум — магчымасць паказаць свае дасягненні, у святочным настроі прыняць удзел у конкурсных спаборніцтвах, абмеркаваць плыні і напрамкі народнай музычнай культуры, а для майстроў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — прадэманстраваць лепшыя ўзоры твораў народнага мастацтва і сакрэты тэхналогій стварэння вырабаў.

Адметнасць сёлетняга фестывалю ў тым, што ён праходзіць у год, абвешчаны ў краіне Годам культуры. Таму ў праграме мерапрыемстваў фестывалю значная іх частка прысвечана гісторыі развіцця мастацкай культуры на Пастаўшчыне. Вельмі важна, каб культурныя традыцыі менавіта народнай мастацкай культуры пераняло і далей захоўвала сучаснае пакаленне творцаў.

Дзякуй усім, хто ўнёс свой вялікі або маленькі ўклад у павышэнне мастацкага ўзроўню фестывалю — ён заўсёды будзе значным; шчырая падзяка кіраўніцтву Пастаўскага раёна за створаныя ўмовы, гасціннасць і рэалізацыю шматлікіх цікавых творчых праектаў.

Няхай фестываль стане сапраўдным святам народнай мастацкай культуры для ўсіх яго ўдзельнікаў і гледачоў, творчым форумам для музыказнаўцаў і навукоўцаў, упрыгажэннем Пастаўшчыны, прынясе кожнаму радасць сустрэч і добры ўспамін.

Барыс СВЯТЛОЎ, міністр культуры

 Рэспублікі Беларусь.

Паважаныя арганізатары,

удзельнікі і госці фестывалю!

Дзякуючы музычным традыцыям і выканальніцкай школе, закладзенай яшчэ ў ХVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам, а затым народным музыкам і самабытным  майстрам Груздаўскага цымбальнага аркестра, цяперашняму заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнаму ансамблю “Паазер’е”, Пастаўшчына заслужана стала музычнай сталіцай Прыдзвінскага краю. Невыпадкова тут атрымаў пастаянную прапіску Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. У суквецці больш чым дваццаці музычных і песенных форумаў, якія штогод ладзяцца ў вобласці, Пастаўскі фестываль займае адно з самых пачэсных месцаў. На яго, як правіла, прыязджаюць калектывы і асобныя выканаўцы з усёй Беларусі і замежных краін, якія імкнуцца ў сваім творчым росце ўзяць чарговую вышыню.

На свяце народнай музыкі  выступаюць не толькі  самадзейныя мастацкія калектывы, фальклорныя гурты і салісты-частушачнікі, гарманісты і цымбалісты.  Шырока дэманструюць свае дасягненні майстры народных рамёстваў, спрабуюць творчыя сілы юныя выканаўцы на народных інструментах.

Добрай традыцыяй з’яўляецца пастаянны ўдзел у святочных  мерапрыемствах прызнаных майстроў мастацтваў, вядучых прафесійных калектываў Беларусі, што надае  фестывалю не толькі высокі творчы ўзровень, але і магчымасць ва ўсёй паўнаце прадставіць сучаснае музычнае мастацтва, розныя выканальніцкія школы.

Перакананы, што сёлетні, як і папярэднія фестывалі, стане сапраўдным святам народнай творчасці  для ўсіх яго ўдзельнікаў, пройдзе ў шчырай,  сяброўскай атмасферы, будзе спрыяць духоўнаму ўзбагачэнню, развіццю нацыянальных культур.

Дзякую ўдзельнікам за іх шчодры талент, любоў і павагу да спадчыны свайго народа,  а гаспадарам і арганізатарам — за добразычлівасць і гасціннасць. Удалых выступленняў, прыемных сустрэч, творчых адкрыццяў!

Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ,

старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.

Шаноўныя арганізатары,

удзельнікі і госці фестывалю!

Прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды адкрыцця чарговага традыцыйнага  Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” – аднаго  са старэйшых і самых адметных фестываляў народнага мастацтва ў нашай краіне. Упэўнены, што і гэты, дваццаць шосты з часу заснавання, фестываль стане яркай і значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Тым самым будзе годна працягнута  рэалізацыя шматгадовага навукова-творчага праекта па адраджэнні, развіцці і папулярызацыі нацыянальных і рэгіянальных музычных традыцый.

Спадзяюся, што і на гэты раз фестываль  годна прадэманструе высокі творчы ўзровень удзельнікаў, разнастайныя стылі і кірункі традыцыйнага і сучаснага народнага музычнага мастацтва Беларусі і іншых краін, адкрые новыя цікавыя творчыя калектывы і індывідуальных выканаўцаў.

Фестываль не толькі набраў сталы ўзрост, але і мае пэўныя рэзервы для далейшага развіцця, і кожны з нас павінен спрыяць гэтаму. Больш актыўнае творчае выкарыстанне і папулярызацыя мясцовых і рэгіянальных музычных традыцый, шырокае ўвядзенне ў музычную практыку раней забытых народных музычных інструментаў, захаванне традыцыйных школ народнага музіцыравання, далучэнне і падтрымка музычнай творчасці дзяцей і моладзі, актыўная прэзентацыя і папулярызацыя лепшых творчых калектываў і выканаўцаў, як і фестывалю ў цэлым, застаецца для ўсіх нас надзённай задачай і на бліжэйшыя гады.

Вельмі важна, што на фестывалі будуць працягнуты традыцыі ў правядзенні асноўных яго мерапрыемстваў, пастаяннага ўдзелу ў ім вядучых прафесійных калектываў нашай краіны, што надае кожнаму фестывалю не толькі высокі творчы і выканальніцкі ўзровень, але і магчымасць ва ўсёй паўнаце прадставіць сучаснае музычнае мастацтва.

Сёння яшчэ раз хачу выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто спрыяў і спрыяе правядзенню фестывалю, пажадаць удзельнікам новых творчых поспехаў і заслужаных узнагарод, а гледачам і слухачам – радасці сустрэч з цікавымі творчымі калектывамі і выканаўцамі, з лепшымі ўзорамі народнага мастацтва.

У добры шлях і творчага плёну табе, фестываль!

                        Тадэвуш Стружэцкі, аўтар праекта, ініцыятар і арганізатар правядзення фестывалю ад пачатку яго заснавання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.