Усё для здароўя і радасці дзяцей


Алена Юр’еўна Дунец і Нэлі Аляксандраўна Бучэль.

 

Няласкавымі выдаліся на мінулым і гэтым тыдні чэрвеньскія дні. Але нават у дажджлівае надвор’е тэрыторыя дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра, які размяшчаецца ўсяго за некалькі кіламетраў ад Пастаў, з усіх бакоў акаймаваная лесам, выглядае прасторнай і светлай. Прыгажосці ёй надаюць незвычайнае будаўнічае рашэнне лячэбнага і вучэбнага карпусоў, спартыўны манеж, рознакаляровая афарбоўка жылых і іншых будынкаў, мноства кветак, вялікіх і малых архітэктурных форм.

— За дванаццаць гадоў існавання цэнтра значна ўмацавалася яго матэрыяльная база, — адзначыў галоўны ўрач установы Уладзімір Мікалаевіч Нікіфараў. — Мы стараемся падтрымліваць яе ў належным стане, работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі вядзецца пастаянна. Чыстае паветра, навакольная прыгажосць — усё павінна радаваць дзяцей, якія атрымліваюць у нас комплекс рэабілітацыйных медыцынскіх мерапрыемстваў па аднаўленні і ўмацаванні зда¬роўя. Дарэчы, іх профіль з мінулага года некалькі змяніўся.

Цяпер у “Ветразі” пераважаюць пацыенты з пульманалагічнымі, псіханеўралагічнымі, кардыярэўматалагічнымі і артапедатраўматалагічнымі захворваннямі. За змену кваліфікаваную медыцынскую дапамогу атрымліваюць на бюджэтнай аснове 110 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Старшая медыцынская сястра Наталля Пятроўна Захарава (у цэнтры сядзіць) з медработнікамі фізіятэрапеўтычнага аддзялення Ірынай Вільгельмаўнай Панковай, Юліяй Юр’еўнай Баль, Аляксандрам Віктаравічам Харытоненкам, Таццянай Георгіеўнай Зібаравай, Марынай Уладзіміраўнай Собаль, Ядвігай Зіфрыдаўнай Крыштафовіч, Святланай Антонаўнай Івашкевіч і Ірынай Віктараўнай Мазурэвіч.

 

Увогуле, пуцёўку ў “Ветразь” можа купіць чалавек з любога рэгіёна краіны. З 2014 года цэнтр атрымаў статус санаторна-курортнай арганізацыі другой катэгорыі для дарослых і дзяцей. Добрая база прыцягвае сюды беларускіх і расійскіх спартсменаў, іншыя катэгорыі насель¬ніцтва. Цяпер і на працягу ўсяго лета будзе дзейнічаць аздараўленчы лагер для дзяцей з Беларусі і Расіі.

За гады свайго існавання ў цэнтры склаліся пэўныя традыцыі. Адна з іх — ушаноўваць людзей працы за іх прафесіяналізм і майстэрства, узорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў. Вось і ўчора тут віталі медыцынскіх і іншых работнікаў з нагоды прафесійнага свята. На ўрачыстасці галоўны ўрач установы Уладзімір Мікалаевіч Нікіфараў уручыў Ганаровыя граматы ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама ўрачу-рэабілітолагу, загадчыцы аддзялення Алене Юр’еўне Дунец і медыцынскай сястры Нэлі Аляксандраўне Бучэль. Праца медыцынскіх сясцёр Таццяны Георгіеўны Зібаравай і Людмілы Уладзіміраўны Гапеенка адзначана Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта, а санітаркі Вольгі Паўлаўны Забароўскай і сястры-гаспадыні Жанны Анатольеўны Дзеравянка — раённага Савета дэпутатаў. Вялікая група работнікаў розных прафесій была заахвочана адміністрацыяй цэнтра. Усе атрымалі музычныя падарункі.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.