Вынік па гульні

Спорт

“Паставы-ПМЦ” — “Полацкгаз” (Полацк) — 0:2

У папярэдніх сезонах пастаўчане на сваім полі нязменна аказваліся мацнейшымі за свайго саперніка і на выездзе ў Полацку таксама не прайгравалі. Ведаючы гэта, госці пасля папярэдняй крыўднай асечкі прыехалі на гульню максімальна мабілізаванымі, у сваім наймацнейшым складзе. А вось наша маладая каманда, якая страціла цэлую групу моцных ігракоў, аб’ектыўна апынулася ў горшым становішчы, аднак пастаралася згуляць дастойна супраць моцнага клуба — аднаго з фаварытаў турніру. Праўда, у пачатку сустрэчы мацней на полі выглядалі госці і двойчы бліскуча згуляў варатар пастаўчан Яўген Лубко.

У сярэдзіне тайма гульня выраўнялася, але неў¬забаве гаспадары апынуліся ў ролі даганяючых. На 26-й хвіліне палачане, як расказаў іх трэнер Арцём Ганчарэнка, які таксама гуляў, правялі сваю адпрацаваную імклівую фланговую камбінацыю, і Андрэй Пашкевіч без перашкод адправіў мяч у сетку варот — 0:1. Пастаўчане паспрабавалі перайсці да актыўных дзеянняў, але прабіцца праз абарону сапернікаў, дзе, як і на іншых пазі¬цыях, гулялі футбалісты з вопытам гульняў у 1-й і 2-й лігах чэмпіянату Беларусі, было няпроста. З прыцэльным далёкім стрэлам Руслана Зелянкевіча справіўся высакарослы галкіпер палачан, а самы небяспечны ўдар нашага нападаючага Рамана Мядзведзева аказаўся крыху недакладным.

Пасля перапынку барацьба праходзіла на сустрэчных курсах, але задняя лінія саперніка згуляла практычна без памылак. У сваю чаргу абаронцы пастаўчан на 83-й хвіліне парушылі правілы перад сваёй штрафной пляцоўкай. Да мяча падышоў капітан палачан А. Ганчарэнка і майстэрскім ударам у абыход сценкі паслаў мяч у верхні вугал варот. Усім стала зразумела, што пасля гэтага наша каманда ўжо не зможа адыграцца. У дадатак да паражэння пастаўчане страцілі свайго крайняга абаронцу Руслана Жылевіча, які быў выдалены з поля пасля двух атрыманых папярэджанняў за парушэнні правілаў. Галоўны трэнер ПМЦ В. М. Грантоўскі прызнаў, што палачане зараз аб’ектыўна мацнейшыя за нашу каманду, за якую на здавальняючым узроўні згулялі Лубко (Казаравец), Р. Жылевіч, Зелянкевіч, Дубін, Міснік (Мінгіновіч), Я. Грантоўскі (Бубноўскі), Ясюкевіч, Карага (к), Павініч (Пліско), Амбразевіч (Пасевіч), Мядзведзеў (В. Жылевіч).

Увогуле, гэты тур аказаўся няўдалым і для астатніх гаспадароў. На сваім полі наш наступны сапернік — каманда Міёр — прайграла з лікам 0:1 глыбачанам. Разам з імі ўзначалілі турнірную табліцу футбалісты Шуміліна, якія на выездзе ва ўпартай барацьбе з лікам 3:2 адолелі лепяльчан. Наша каманда з трыма набранымі ачкамі ідзе чацвёртай і сёння ў 12 гадзін на гарадскім стадыёне пазмагаецца з ФК “Міёры”. Яна вельмі чакае падтрымкі сваіх прыхільнікаў.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.