Які боль…

Спорт

ФК “Глыбокае” — “Паставы-ПМЦ” — 5:0

На гэты раз у пастаўчан узніклі сур’ёзныя кадравыя цяжкасці — па розных прычынах, пераважна з-за траўм, у матчы з чэмпіёнамі вобласці па міні-футболе і з адным з фаварытаў першынства не згулялі пяцёра нашых вядучых ігракоў. Асабліва шмат праблем было ў задняй лініі, дзе на адказнай пазіцыі цэнтральнага абаронцы вымушаны быў дзейнічаць апорны паўабаронца Ігар Павініч.

Праўда, да сярэдзіны першага тайма паядынак праходзіў у роўнай барацьбе, а госці маглі выйсці наперад першымі. На 5-й хвіліне партнёры па гульні вывелі на рандэву з варатаром глыбачан нападаючага Рамана Мя­дз­­ведзева. Ён перакінуў мяч цераз варатара, але моцны вецер аднёс яго ад варот. Неўзабаве правёў моцны ўдар пастаўчанін Руслан Зелянкевіч, і мяч праляцеў упрыцірку са штангай. Пры падтрымцы шматлікіх гледачоў гаспадары пайшлі наперад, але госці зладжана стрымлівалі атакі саперніка. На жаль, неўзабаве пазіцыйныя памылкі абаронцаў пастаўчан дазволілі Віталію Анахімоўскаму двойчы без перашкод стрэліць пад перакладзіну.

Да перапынку глыбачане арганізавалі яшчэ адну імклівую атаку, якую трапным ударам з ходу завяршыў Віталь Стоцік. У адказ госці разыгралі вострую контратаку, але моцны ўдар Яўгена Грантоўскага парыраваў галкіпер гаспадароў. У другім тайме стомленыя пастаўчане гулялі яшчэ і супраць ветру і такіх пагроз саперніку болей не стварылі. А вось глыбачане ў канцоўцы зноў узмацнілі свой націск і змаглі яшчэ двойчы вызначыцца. Спачатку В. Стоцік бездакорна рэалізаваў пенальці, а Дзмітрый Грак аказаўся самым спрытным пасля падачы вуглавога ўдару.

Пастаўчане пацярпелі буйное паражэнне, але не выглядалі на полі бездапаможнымі, у аптымальным складзе каманды да такога выніку справа не дайшла б. За наш горад згулялі Казаравец, Р. Жылевіч, Павініч, Дубін, Амбразевіч (Бубноўскі), Пасевіч, Зелянкевіч, Карага (к), Ясюкевіч, Мядзведзеў (Рапалаў), Я. Грантоўскі. Аднаасобным лідарам чэмпіянату стаў “Полацкгаз”, які на выездзе з лікам 4:0 разграміў нашага наступнага саперніка — каманду Шуміліна. Футбалісты Лепеля атрымалі валявую перамогу ў гасцях у Шаркаўшчыне з лікам 5:1. Пастаўчане цяпер пятыя ў турнірнай табліцы і ў ня­дзелю, 26 чэрвеня, на гарадскім стадыёне памераюцца сіламі з шумілінцамі, якія пакуль на трэцім месцы. Пачатак матча ў 12 гадзін.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.