З Кубкам, дыпломамі і медалямі

Спорт

Зборная каманда Пастаўскага раёна прыняла ўдзел у абласной спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў «Сельскія гульні», якая прахо­дзіла 20-22 мая на маляўнічым беразе возера Суя Полацкага раёна.

У спартакіядзе, якая атрымала другое жыццё пасля дзесяці гадоў забыцця, дэманстравалі свой спрыт 19 каманд. У склад нашай увайшлі амаль трыццаць чалавек. Гэта работнікі не толькі спартыўнай галіны раёна, але і сілавых структур, малаказавода, ратаўнікі, настаўнікі, дзярж­служачыя, чыгуначнікі, медыкі і камунальнікі.

Каманды спаборнічалі ў васьмі дысцыплінах: міні-футболе, настольным тэ­нісе, жаночым і мужчын­скім валейболе, стрытболе, перацягванні каната, лёгкай атлетыцы і гіравым спорце. Па выніках гульняў не было роўных мужчынскай валейбольнай камандзе нашага раёна, якая і стала пераможцай. Жаночая каманда паднялася на другую прыступку п’едэстала, прызавое трэцяе месца ў пастаўчан па перацягванні каната. У агульнакамандным заліку тройку прызёраў узначаліла каманда Верхнядзвінскага раёна, другое месца — у прадстаўнікоў Віцебскага раёна, трэцяе — у Пастаўскага. Каманды-пераможцы ўзнагароджаны Кубкам, медалямі і дыпломамі ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.

Сапернікі былі моцныя, перамогі даваліся нялёгка. Напэўна, таму кожнай з іх радаваліся па-сапраўднаму. Падчас спаборніцтваў ва ўсіх удзельнікаў ад азарту гарэлі вочы, было відаць, што ім падабаецца ўдзельнічаць у спартыўным свяце. Але самае галоўнае — мы былі сапраўднай камандай. Жылі ў палатках. Дух саперніцтва панаваў толькі на спартыўных пляцоўках, у астатні час удзельнікі спартакіяды з задавальненнем бавілі час разам. Дадому вярталіся бадзёрымі і з масай пазітыўных эмоцый.

Дыпломы прызёраў абласной спартакіяды «Сель­скія гульні» — не адзіныя ўзнагароды, якія мы прывезлі са спартыўнага мерапрыемства. На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў начальнік упраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Васілій Аляксеевіч Захарэвіч уручыў дыпломы пераможцам штогадовага агляду-конкурсу сярод устаноў сферы фізічнай культуры на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з насельніцтвам.

Па выніках работы за мінулы год дзяржаўная ўстанова «Пастаўскі фіз­культурна-спартыўны клуб» прызнана пераможцай у намінацыі «Раённыя сельскія фізкультурна-адукацыйныя спартыўныя цэнтры». Дыплома першай ступені за лепшую арганізацыю работы з насельніцтвам у фізкультурна-спартыўных збудаваннях у намінацыі «Спартыўныя комплексы, фізкультурна-спартыўныя камбінаты» ўдастоены ФАК дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». Па выніках усіх намінацый абласнога агляду-конкурсу Пастаўскі раён заняў другое месца.

С. Чымбург, дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.