Заўсёды даступны


Для многіх юнакоў служба ў арміі становіцца менавіта той прыступкай, з якой пачынаецца і іх станаўленне як асобы, і шлях у прафесію. Не выключэнне і выпускнік СШ №5 Андрэй Вештарт. Служыць яму выпала ва ўнутраных войсках, і гэта стала лёсавызначальным. Нягле¬дзячы на тое, што да прызыву закончыў мясцовы каледж і атрымаў спецыяльнасць “Бухгалтар”, звольніўшыся з радоў Беларускай арміі, прыйшоў у аддзел унутраных спраў. Маладыя, фізічна загартаваныя, перспектыўныя кадры тут якраз патрабаваліся. Пасля трохмесячнай спецыяльнай падрыхтоўкі ў Магілёўскім вышэйшым каледжы Мініс¬тэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэю прысвоілі сяржанцкае званне, і загадам начальніка РАУС ён быў прызначаны несці службу ў ізалятары часовага ўтрымання. На працягу трох гадоў даводзілася сутыкацца з асобамі, затрыманымі за тое ці іншае правапарушэнне або здзейсніўшымі злачынства. Але гэта не расчаравала ў абранай прафесіі. Набываў практыку нясення мілі¬цэйскай службы, завочна вучыўся ў вышэйшым каледжы міліцыі.

У 2012 годзе начальнік райаддзела прапанаваў пайсці на пасаду ўчастковага інспектара. Зараз яго падведамны ўчастак — вуліцы Касманаўтаў і Станкевіча — па колькасці насельніцтва самы вялікі ў раёне.

— Але не самы клопатны, — адзначае ўчастковы. — Знаходжу ўзаемаразуменне з людзьмі. Наведаць кожную сям’ю яшчэ не паспеў, хоць такую задачу перад сабой паставіў. А вось у некаторыя праблемныя даводзілася наведвацца неаднойчы. Мая галоўная мэта — не пакараць чалавека, а дапамагчы вырашыць праблему. Калі пачынаў участковым, было цяжка, бо не меў у гэтай справе практыкі. Нават баяўся, што не спраўлюся. Але вельмі падтрымаў мой непасрэдны начальнік Аляксандр Генадзьевіч Мядзелка. Да любой сітуацыі ён адносіцца з разуменнем, заўсёды знойдзе патрэбныя словы, правільна накіруе. І ўвогуле ў нас добры, зла¬джаны калектыў.

Прашу Андрэя ўзгадаць некаторыя канкрэтныя сітуацыі. Але ён абагульняе: “Расказваць можна пра кожны выклік, але навошта? Калі ў адных выпадках дастаткова выслухаць чалавека, даць яму магчымасць выгаварыцца пра набалелае, то ў іншых падсцерагае небяспека, даводзіцца прымяняць фізічную сілу. Афармляем пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, збіраем матэрыялы для накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, узбуджэння крымінальных спраў. Увогуле, на “папяровую” работу трэба траціць шмат часу”.

Чацвёра сутак у месяц даводзіцца дзяжурыць у групе райаддзела і столькі ж быць падменным — гэта значыць, кругласутачна знаходзіцца на сувязі і ў любую хвіліну быць гатовым на выезд. А калі ў горадзе ладзяцца масавыя мерапрыемствы і людзі прыходзяць на іх сем’ямі, то супрацоўнікі міліцыі ў такія дні нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме.

— Зразумела, гэта не дадае радасці, — прызнаецца старшы лейтэнант міліцыі Андрэй Уладзіслававіч Вештарт. — Але і задавальненне работа прыносіць, калі дапамагаеш чалавеку. А нам дзякуюць многія.

Андрэй Вештарт, зрэшты, як і іншыя ўчастковыя інспектары міліцыі, заўсёды на сувязі — яго мабільны тэлефон даступны ў любы час сутак. А званкоў паступае шмат. Вось і падчас нашай размовы яму раз-пораз прыходзілася адказваць на тэлефанаванні — абавязвала служба. Тое, што яна стала прызваннем маладога чалавека, — відавочна.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

Ад рэдакцыі: А вы ведаеце свайго ўчастковага? Іх фотаздымкі, каардынаты, тэлефоны і тэрыторыі абслугоўвання былі змешчаны ў №9 “Пастаўскага краю” за 3 лютага бягучага года. Ёсць гэта інфармацыя і на сайце раёнкі. Аналагічныя звесткі пра кожнага ўчастковага маюцца на сайце райвыканкама, а таксама ў месцах грамадскага карыстання, размешчаных у зоне іх абслугоўвання. У раённым аддзеле ўнутраных спраў “выйсці” на любога ўчастковага як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці можна па тэлефонах: 4-12-02, 4-22-65, 4-32-25.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.