Замежныя госці — удзельнікі фестывалю


Творчы калектыў “Гарманісты Аўкштайціі”

(Літва)

Калектыў створаны ў 2014 годзе пры Малетайскім цэнтры культуры. Прымае ўдзел у розных творчых конкурсах, святах гарадоў Літвы, у тэлепраграме “Дадзім пары”. Мастацкі кіраўнік — Ёзас Кястуціс Кузміцкас.

 

Танцавальная група “Jхhvikas”

(Эстонія)

Пры новай гімназіі Йыхві дзейнічае маладзёжная група народнага танца пад кіраўніцтвам Тайво Альястэ і Вальдэмара Бералкоўскага. Маладыя людзі лічаць важным падтрымліваць традыцыі эстонскага народа. Большая частка танцораў і раней мелі дачыненне да гэтага віду мастацтва. Назва групы перакладаецца з эстонскай мовы як “Журавіны”, — а гэта багатая вітамінамі карысная ягада. Можна спадзявацца, што эстонскія народныя танцы ў сучасным выкананні юных гімназістаў таксама створаць добры настрой.

У маладзёжнай групе народнага танца Йыхвіскай гімназіі дзесяць танцавальных пар.

 

Ансамбль кокле “Дзітары”

(Латвія)

Заснаваны ў 1991 годзе ў Балдане, невялікім гарадку за 30 кіламетраў ад Рыгі. Цяпер у ансамблі граюць 10 дзяўчат. У рэпертуары — розныя музычныя кірункі: сучасныя творы латвійскіх і замежных аўтараў, музычныя пераклады розных эпох і стыляў для ансамбля кокле і, вядома ж, апрацоўкі песень і танцаў розных акруг Латвіі, тэксты і мелодыі якіх належаць да старажытнай культуры балтаў. Побач з 33-струнным канцэртным кокле ў выступленнях выкарыстоў­ваюць і іншыя народныя інструменты: этнаграфічныя кокле, бразготкі, свісткі, званочкі, барабаны. “Дзітары” ўдзельнічалі ў многіх музычных праектах, ствараючы сумесныя канцэртныя праграмы з харамі, ансамблем музыкі часоў барока, асобнымі салістамі, калектывамі народных і нават сучасных танцаў.

“Дзітары” ў перакладзе з латышскага — “кавалачкі бурштыну”. Яны зіхацяць кожны раз, калі іх бярэш у далоні, так, як і сэрца чалавека, які слухае кокле…

 

Народная капэла “Јobuziacy”

(Польшча)

Капэла створана ў 1984 годзе. Заснавальнікам з’яўляецца Казімір Маліцкі — вялікі прыхільнік народнай культуры, аўтар многіх песень. Дэбютавала капэла ў 1985 годзе на мясцовых дажынках. У яе склад уваходзяць акардэаніст, кантрабасіст, скрыпач, кларнетыст, трубач. Капэла выступае на розных мясцовых святах, а таксама часта прадстаўляе рэгіён на міжнародным узроўні. Інструктар калектыву — Эміль Ходан, які грае на кларнеце і акардэоне.

 

Ансамбль рускай песні “Масковія”

(Расія)

Ансамбль створаны ў 1984 годзе музыкантам і кампазітарам Львом Васільевічам Колесавым на базе Пушкінскага раённага Дома культуры. За актыўную канцэртную дзейнасць і высокае выканальніцкае майстэрства ў 1986 годзе ансамблю прысвоена званне “народны”. З 2009 года “Масковіяй” кіруе Марына Мікалаеўна Серыкава.

Ансамбль аб’ядноўвае аматараў рускай песні, якія вывучаюць традыцыі народных спеваў і аддаюць увесь вольны час рэпетыцыйнай і канцэртнай дзейнасці.

«Масковія» неаднойчы станавілася дыпламантам міжнародных фестываляў, у тым ліку і пастаўскага “Звіняць цымбалы і гармонік”. Калектыў знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, спявае і радуе гледача.

 

Вакальны ансамбль рускай песні “Івалга” Аўдрынскага Дома  культуры Рэзекненскага краю

(Латвія)

Калектыў адносна малады — існуе восем гадоў. У складзе — 11 удзельніц ва ўзросце ад 25 да 75 гадоў. Вясёлыя, ініцыятыўныя і лёгкія на пад’ём, усе любяць рускую песню — і народную, і эстрадную. Прымаюць удзел у многіх мерапрыемствах на тэрыторыі краю, штогод выступаюць з канцэртнай праграмай на Кургане дружбы на латвійскай тэрыторыі. У рэпертуары значнае месца займае і ваенная песня.

Калектыў прыносіць радасць і добры настрой, двойчы за год з канцэртамі наведваецца ў пансіянаты для адзінокіх пажылых лю­дзей. Ёсць сем’і, у якіх ужо тры пакаленні займаюцца спевамі.

 

Народны аматарскі аркестр народных інструментаў “Ціса”

(Украіна)

Народны аматарскі аркестр народных інструментаў «Ціса» і народны аматарскі жаночы вакальны ансамбль Дома культуры сяла Княждвір Каламыйскага раёна Івана-Франкоўскай вобласці створаны ў 1976 годзе. Заснаваў калектывы дырэктар Дома культуры Васіль Дземідзюк. Цяпер імі кіруюць Васіль Кавацюк і Наталія Шаўчэнка. Абодва калектывы актыўна ўдзельнічаюць у розных фестывалях. Выступалі з канцэртнымі праграмамі ў Польшчы, Германіі, Японіі, Лівіі. У рэпертуары — творы ўкраінскіх кампазітараў, фальклорная музыка карпацкага рэгіёна, украінскія народныя песні.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.