Захоўваюць гуцкія традыцыі


 

Ад танцаў, якія выконваюць Вераніка Аляхновіч, Дзяніс Лукашэвіч, Вікторыя Ракіта і Арцём Зубовіч (на здымку) з Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра, не адвесці вачэй, а ногі самі просяцца ў скокі.

Раней ні адно свята ў вёсцы не абыходзілася без гучнай музыкі, вясёлых песень і самабытных танцаў. У кожнай мясцовасці была свая манера іх выканання. З часам традыцыі мяняліся, у іх уносілася штосьці новае і сучаснае.

— Задача нашага калектыву — аднаўляць і захоў­ваць народныя танцы, — гаварыла дырэктар цэнтра, харэограф па адукацыі Тамара Валянцінаўна Маслоўская. — Мне хочацца, каб танцы нашых бабуль, бацькоў жылі. Таму і вучу ім маладое пакаленне. Дзеці таленавітыя, па крупінках убіраюць у сябе тое, што расказваюць ім і паказваюць старажылы, якія помняць танцы сваёй маладосці. Кожны танец мае адметную гісторыю, нясе эмацыянальную афарбоўку і пры ўсім гэтым захоўвае энергічнасць, дынаміку, весялосць.

Гутчане не займаюцца рэканструкцыяй абрадаў, а стараюцца напоўніць іх менавіта тым сэнсам і насычанасцю, якія былі закладзены ў старажытнасці. Танцоры выступаюць у прыгожых нацыянальных касцюмах, саламяных капелюшах. Іх запрашаюць да ўдзелу ў розных народных святах, якія праводзяцца ў раёне, парафіяльных фэстах, конкурсах. Нярэдка бывае, што самадзейныя артысты выступаюць на сцэне, а на пляцоўку выходзяць парамі гледачы і паказваюць такія майстар-класы!

— Каторы год запар ездзім на міжнародны фестываль “Браслаўскія зарніцы”, — працягвала Тамара Валянцінаўна. — У турніры побытавых танцаў  удзельчае да 60 пар з усіх раёнаў Віцебскай вобласці. Відовішча непаўторнае, яркае. Кожная пара — унікальная. У розныя перыяды набылі папулярнасць такія тан­цы, як полька, месяц, абэрак, лявоніха, полька-бабачка, ойра, падэспань, вальс, кадрыля, мазурка і іншыя. Шматфігурныя, парныя, парна-гуртавыя, асіміляваныя, імправізаваныя — іх выконвалі на балях, вечарынах, сямейных урачыстасцях. Назіраць за танцамі можна бясконца. Рада, што нам удалося захаваць  фальклорныя арыгінальныя традыцыі нашай мясцовасці. Сённяшнія танцоры — выпускнікі сярэдняй школы. Неўзабаве яны пакінуць бацькоўскія дамы, паедуць у гарады вучыцца. Але маем працяг — побытавыя танцы выдатна выконваюць малодшыя дзеці. Народны танец жыве!

Тэкст і фота

 Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.