Звярнуць увагу на сяло


Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Кісялёў правёў нараду са старшынямі сельскіх Саветаў і камандзірамі добраахвотных дружын па ахове грамадскага парадку, на якой былі разгледжаны пытанні дзейнасці дружын і саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку ў сельскіх населеных пунктах.

Намеснік начальніка ад­дзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС К. І. Зубко адзначыў, што ў Паставах дзейнічаюць 9 добраахвотных дружын, якія дапамагаюць супрацоўнікам міліцыі сачыць за парадкам у гора­дзе. З іх камандзірамі нала­джана цеснае ўзаемадзеянне, маюцца кантактныя тэлефоны ўсіх дружыннікаў, кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў, дзе яны працуюць, прадастаўляюць транспарт для выездаў на дзяжурства. А вось у сельскай мясцовасці, дзе па-ранейшаму здзяйсняецца шмат крадзяжоў і іншых злачынстваў, існуюць пэўныя праблемы з арганізацыяй дзейнасці дружын. І яны патрабуюць вырашэння, тым больш што Прэзідэнтам краіны пастаўлена задача звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю на сяле, а Міністэрствам унутраных спраў распрацаваны комплекс мер, накіраваных на змяненне негатыўных тэндэнцый.

К. І. Зубко агучыў прапановы РАУС, як змяніць становішча. Па-першае, неабходна перагледзець склад дружын і пакінуць у іх радах тых людзей, якія сапраўды гатовы на добраахвотнай аснове займацца аховай грамадскага парадку. Па-другое, трэба сумесна распрацаваць меры стымулявання дружыннікаў. І па-трэцяе — наладзіць узаемадзеянне з участковымі інспектарамі міліцыі, бо яны нярэдка працуюць адасоблена ад мясцовай улады. Кірыл Ігаравіч таксама паведаміў, што цяпер графікі выхаду дружын на дзяжурства будуць складацца ў залежнасці ад правя­дзення на тэрыторыі сельсавета таго ці іншага масавага мерапрыемства і спецыфікі правапарушэнняў, якія там здзяйсняюцца.

Пытанні, якім чынам заахвочваць дружыннікаў, дзе ўзяць грошы на тое, каб застрахаваць іх, а таксама транспарт для выездаў на дзяжурства, выклікалі даволі бурнае абмеркаванне прысутных. У ходзе яго было прапанавана актыўней прыцягваць у склад дружын работнікаў гаспадарак, у першую чаргу спецыялістаў сярэдняга звяна, якія, як правіла, маюць службовыя аўтамабілі і добра ведаюць насельніцтва. Што датычыць заахвочвання, то кіраўнікам арганізацый, дзе працуюць дружыннікі, будуць адпраўлены пісьмы з указаннем знайсці магчымасці для іх матэрыяльнага стымулявання. А з наступнага года, хутчэй за ўсё, будзе вырашана і пытанне страхавання (для гэтага мяркуецца закласці ў бюджэт неабходныя грашовыя сродкі).

Падводзячы вынікі нарады, Ю. М. Кісялёў даручыў старшыням сельскіх Саветаў правесці на месцах свае рабочыя нарады, запрасіўшы на іх камандзіраў і членаў добраахвотных дружын, участковых інспектараў міліцыі, іншых зацікаўленых. А таксама даў указанне райкаму ГА “БРСМ” падключыць да аховы грамадскага парадку на сяле моладзь з пярвічных арганізацый.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.