Зямляцкія пачуцці


Добры дзень, дарагія землякі!

Удалося пабываць на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік!». Уражанні самыя добрыя, хаця надвор’е было не зусім спрыяльным. Прыемныя сустрэчы адбыліся з выхадцамі з Пастаўшчыны, якія па тых ці іншых прычынах жывуць за яе межамі. Настальгія па дзівосным куточку, якую зведаў і сам, пастаянна прысутнічае ў іх душах і вяртае туды думкі.

Дарэчы, ужо каторы год вітае ідэя склікання з’езда землякоў-беларусаў з Пастаўшчыны, ініцыятарам якой з’яўляецца нястомны Тадэвуш Стружэцкі. Зямляцтва ўжо віртуальна існуе, нават рабіліся захады практычныя. І ў рамках апошняга пастаўскага фестывалю прайшла сустрэча землякоў, на якой былі цікавыя задумы і эмацыянальнае абмеркаванне.

Калі ехаў на гэты раз у электрычцы да Маладзечна, а потым на дызелях да Крулеўшчыны і да Канстанцінава Двара, пад наплывам станоўчых эмоцый напісаўся верш, які і прапаную ўвазе чытачоў «Пастаўскага краю».

Зямляцкія пачуцці

Нябёсамі аблашчаны,

Цудоўны, дзіўны край,

Чароўная Пастаўшчына,

Нас зноўку сустракай!

Па свеце мы паездзілі —

Дзе толькі ні былі! —

І праз гады прыкмецілі:

Тут лепшы кут зямлі!

І хоць мы трошкі здраднікі,

Нам за ад’езд даруй,

Вандроўнікаў-рамантыкаў

Пяшчотай пачастуй,

Каб у краях наседжаных

І іншым землякам

Хацелася наведацца,

Пабыць аднойчы там,

Дзе бацяны высокія

Абмерваюць лугі,

І ў гнёздах па-над вёскамі

Вітаюць, як сцягі.

Каб з Мінска ці з Варонежа

Цяпло сюды вязлі

І ласкай заварожвалі

Найлепшы кут зямлі,

Дзе людзі найдабрэйшыя,

Дзе найпрывабны лес,

Цымбалы найзванчэйшыя,

Пахнючы самы бэз!

Дубоўкавымі словамі

Самотнай пекнаты,

Пялёсткамі суровымі

Жывіся горда ты,

Нябёсамі аблашчаны,

Цудоўны, дзіўны край.

…Чароўная Пастаўшчына,

Нас радуй і здзіўляй!

Янусь МАЛЕЦ.

 

 

 



1 комментарий по теме “Зямляцкія пачуцці

  1. Ну, не адпускаюць бацяны!!! Не зусім задавальняла: «Стаяць, нібы сцягі.» Круцілася-вярцелася ў мазгах і выкруцілася ў такі радок: «Вітаюць, як сцягі!»
    Здаецца, гэта ўжо канчаткова! Эх, пакуты-распакууты паэтычныя!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.