Зямлю трэба выкарыстоўваць па-гаспадарску

Местная власть

“Аб рабоце суб’ектаў гаспадарання, сельскіх выканаўчых камітэтаў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў” — такое пытанне было вынесена на парадак дня адкрытага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, якое пад старшынствам кіраўніка раёна В. С. Гутарава адбылося 20 мая і ў рабоце якога прынялі ўдзел намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь А. М. Корбут і генеральны дырэктар Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання С. А. Даніловіч. Дакладчыкам па абазначанай тэме выступіла начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А. В. Іванькова.

Агульная плошча зямель раёна складае 209644 гектары, у тым ліку сельскагаспадарчага назначэння — 106700 гектараў (51% ад агульнай плошчы), лесагаспадарчых прадпрыемстваў — 82126 (39%), іншыя катэгорыі зямель — 20818 гектараў (каля 10%).Колькасць землекарыстальнікаў і карыстальнікаў зямельных участкаў — 14782. Дзейнічае 9 фермерскіх гаспадарак, якім прадастаўлена 588 гектараў зямель, з іх 343 — ворных, 102 — лугавых, 18 — садоў.

У любым відзе дзейнасці нельга стаць добрым гаспадаром, калі абыякава адносіцца да парадку на падведамнай тэрыторыі, вуліцы, прысядзібным участку, парушаць патрабаванні заканадаўства ў сферы зямельных адносін, — адзначыла дакладчык і прывяла шэраг станоўчых прыкладаў гаспадарлівага стаўлення да асноўнага багацця — зямлі, спынілася на тым, як выконваюцца раённыя мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, зацверджаныя на бягучы год. Многае зроблена і летась. У 2015 годзе землеўпарадкавальнай службай сумесна з сельскімі Саветамі і сельгасарганізацыямі праведзена інвентарызацыя зямель сельскіх населеных пунктаў, у выніку якой выяўлена 153,1 гектара зямель, якія не выкарыстоўваліся. 145,9 гектара іх перададзены сельгасарганізацыям, 7,2 гектара пераразмеркаваны сярод грамадзян. Сёлета сельгасарганізацыям перададзена яшчэ 44 гектары зямель у межах сельскіх населеных пунктаў. Трэба адзначыць, што за апошнія пяць гадоў попыт грамадзян на зямельныя ўчасткі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі зменшыўся прыкладна на 75 працэнтаў. Галоўныя прычыны — скарачэнне колькасці сельскага насельніцтва і скарачэнне ў яго ўласнасці буйной рагатай жывёлы і іншай жыўнасці, павелічэнне колькасці людзей пажылога ўзросту.

Для больш поўнага і эфектыўнага выкарыстання зямель і з мэтай ліквідацыі цераспалосіцы праводзіцца работа па ўключэнні зямель грамадзян у палі севазвароту сельгасарганізацый. Усяго па раёне ў агульны севазварот гаспадарак прыцягнуты 781 гектар. Па выніках інвентарызацыі ў перыяд 2010—2015 гадоў выяўлена і вернута ранейшым землекарыстальнікам для сельгасвытворчасці 979 гектараў. У мінулым годзе было ўзарана і засеяна 146 гектараў, якія да гэтага пуставалі ў межах сельскіх населеных пунктаў у ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Кураполле-агра”, АБП “Рассвет Пастаўскі”. У той жа час не ўключаны ў севазварот землі, перададзеныя ААТ “Парыж-агра”, “Камайскі-агра”, часткова — “Сцяг Перамогі-агра”, СВК “Андроны”.

Вялікую шкоду сельгасугоддзям наносіць баршчэўнік Сасноўскага. І хоць у нашым раёне ён менш распаўсюджаны, чым у некаторых іншых, трэба больш актыўна займацца яго знішчэннем. Дакладчык са станоўчага боку адзначыла работу ў гэтым напрамку раёна электрасетак, ААТ “Навасёлкі-Лучай” і “Камайскі-агра”. А вось ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, “Ярэва-агра” павінны актывізаваць яе. Яшчэ адна праблема — несанкцыянаваныя звалкі бытавых адходаў, якія выяўляюцца на тэрыторыі практычна кожнага сельсавета. Работнікі службаў, адказныя за навядзенне парадку на зямлі, накі­роўваюць у адрас старшынь сельскіх Саветаў прадпісанні па іх ліквідацыі, накладваюцца штрафы.

У мінулым годзе ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Кураполле-агра”, АБП “Рассвет Пастаўскі”, райаграсэрвісе рэкультывавана пяць унутрыгаспадарчых кар’ераў агульнай плошчай 0,85 гектара. А вось кіраўнікі ААТ “Камайскі-агра” і “Вярэнькі-агра” павінны паспяшацца з гэтай работай, бо неаднаразова папярэджваліся за парушэнні ў выкарыстанні кар’ераў.

На тэрыторыі раёна ёсць 471 свабодны зямельны ўчастак, прызначаны для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, у тым ліку ў Паставах — 15. Летась праведзена 10 аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць, на бягучы год запланавана 18. У ходзе рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2012 года №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці” знесена іх 780, у тым ліку за 2015 год — 49.

У рашэнні, прынятым па абмеркаваным пытанні, пастаўлены канкрэтныя задачы перад землеўпарадкавальнай службай, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы жывёльнага і расліннага свету, старшынямі сельскіх Саветаў і кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый, рэалізацыя якіх пасадзейнічае актывізацыі работы па гаспадарлівым выкарыстанні зямлі, навядзенні на ёй парадку і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.