У пераможцах – дзве пастаўчанкі

Общество

 

Анастасія Тэраз і Надзея Гарбаценка.

У Паставах прайшоў чарговы конкурс “Лепшы па прафесіі-2016” сярод сярэдняга медыцынскага персаналу органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

За гэта званне змагалі ся медыцынская сястра другога тэрапеў тычнага аддзялення 1-га ваеннага шпіталя Анастасія Тэраз (г. Паставы), старшая медыцынская сястра медыцынскага пункта старшы сяржант в/ч 2034 Надзея Ткач (г. Полацк), фельчар аддзялення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння аддзела пагранічнай службы “Паставы” в/ч 2044 На¬дзея Гарбаценка, медыцынская сястра медыцынскага пункта в/ч 2187 Галіна Несцярук (г. Брэст), фельчар аддзялення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння аддзела пагранічнай службы “Рэчыца” прапаршчык в/ч 1235 Алена Фаміна і санітарны інструктар заставы старшы сяржант в/ч 1234 Надзея Жукоўская (г. Ліда).

Прафесійную падрыхтоўку і творчыя здольнасці канкурсантак ацэньвала журы ў складзе начальніка ваенна-медыцынскага аддзела Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь падпалкоўніка медыцынскай службы Алега Аляксандравіча Чабатарова, намесніка начальніка 1-га ваеннага шпіталя—начальніка медыцынскай часці палкоўніка м/с Міхаіла Георгіевіча Рабізы, галоўнага тэрапеўта ВМА Дзяржпагранкамітэта падпалкоўніка м/с Віктара Антонавіча Бауфала і начальніка ваенна-медыцынскай службы в/ч 1241 падпалкоўніка м/с Уладзіміра Стэфанавіча Якавініча.

Канкурсанткі гатуюць карысныя для здароўя стравы.

У першы дзень канкурсанткі шляхам камп’ютарнага тэсціравання прайшлі праверку тэарэтычных ведаў па спецыяльнасці “Сястрынская справа”, затым удзельнічалі ў конкурсе па дэсмургіі: накладвалі павязкі на “мадэлі” ран і жгуты для спынення кровацячэння. Наступнае заданне датычала аказання пагранічнікам неадкладнай медыцынскай дапамогі. Кожная ўдзельніца давала пісьмовыя адказы на пытанні ў білетах, а потым на трэнажоры-манекене прадэманстравала свае практычныя навыкі пры правядзенні сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. У гэты ж дзень журы падвяло вынікі прафесійнай падрыхтоўкі ўдзельніц конкурсу, ад якіх у многім залежала размеркаванне месцаў на заключным этапе.

Фінальная частка конкурсу праходзіла ў наступны дзень на сцэне цэнтра адпачынку АДРАЦ “Ветразь”, дзе прысутнічала шмат гледачоў і груп падтрымкі. Тут удзельніцы прадставілі свае “Візітныя картачкі”. Найбольш уразілі тыя выступленні, у якіх побач з відэапрэзентацыяй канкурсанткі паказалі сябе “ўжывую”, ярка і эмацыянальна раскрылі творчыя, артыстычныя здольнасці.

А вось у бліц-турніры па захаванні санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму ў лячэбнай установе (такім было перадапошняе заданне), наадварот, патрабаваліся максімальная сабранасць і ўважлівасць, веданне розных нарматыўных дакументаў, дакладныя і хуткія адказы на пытанні па медыцынскай тэрміналогіі.

Галасуе журы.

Заключным было хатняе заданне пад назвай “Культура харчавання”, калі ўсяго за дзесяць хвілін трэба было прыгатаваць страву з 10 прадуктаў, уключаючы соль і спецыі. Пераважная большасць канкурсантак паспела прыгатаваць і прэзентаваць самыя разнастайныя стравы, якія павінны быць у меню кожнага, хто прытрымліваецца рацыянальнага харчавання, сочыць за сваім здароўем, увогуле фізічным станам.

Прозвішча пераможцы стала вядома пасля таго, як былі складзены заробленыя на працягу двух дзён балы. Найбольшую іх суму набрала пастаўчанка Анастасія Тэраз, якая заняла першае месца. Другое — у Надзеі Ткач, трэцяе — у яшчэ адной нашай зямлячкі Надзеі Гарбаценка. Дзякуючы сваёй артыстычнасці і абаяльнасці, яна атрымала і прыз глядацкіх сімпатый.

Старшыня журы, начальнік ваенна-медыцынскага аддзела Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь А. А. Чабатароў адзначыў высокую арганізацыю правядзення конкурсу ў Паставах і такую ж прафесійную і творчую падрыхтоўку ўсіх яго ўдзельніц. Кожная медсястра даказала, што сапраўды з’яўляецца лепшай сярод сярэдняга медыцынскага персаналу органаў пагранічнай службы краіны.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.