Аб’яднаў забег

Спорт

У рамках мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета ўпершыню адбыўся лёгкаатлетычны крос «Славянскі забег». Удзел у ім прынялі больш за дзве з паловай тысячы чалавек з розных краін. Траса праходзіла па Маскоўскім праспекце, старт і фініш — на плошчы Перамогі.

Прафесійныя спартсмены і аматары здаровага ладу жыцця спаборнічалі ў трох намінацыях: дзецям ва ўзросце да 10 гадоў было неабходна пераадолець 200 метраў, дарослым — на выбар 4 або 8 кіламетраў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі чакала дыстанцыя на 500 метраў. Ініцыятар масавага спартыўнага свята — прызёр Алімпійскіх гульняў па кіданні молата, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.

Наш раён на лёгкаатлетычным прабегу прадстаўляла дэлегацыя з трыццаці чалавек, у склад якой увайшлі работнікі фізкультурна-спартыўнага клуба, прадстаўнікі РАУС, РАНС і школьнікі.

— Спартыўнае свята вельмі спадабалася. На старт выйшлі людзі розных узростаў, і было відаць, што ўсім гэта цікава, — дзяліўся ўражаннямі дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Станіслаў Чымбург. — Атрымалі масу станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці, незабыўныя ўражанні.

На фінішы ўсім удзельнікам марафону ўручылі памятныя медалі, а мужчынскія і жаночыя тройкі лідараў, да ўсяго, атрымалі падарункі і грашовыя прызы ад Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.