Ад шкарпэтак да ранца


Нягледзячы на тое, што да новага навучальнага года яшчэ больш за месяц, пастаўскія кааператары пачалі рыхтавацца да яго, як толькі ў школах празвінеў апошні званок.

— Ужо ў канцы мая — пачатку чэрвеня мы прыступілі да прапрацоўкі ўсіх гандлёвых аб’ектаў раёна: знялі рэшткі тавараў школьнага асартыменту, якія засталіся з мінулага навучальнага года, і склалі спіс таго, што трэба дазаказаць. Цяпер актыўна давозім школьную форму: касцюмы для хлопчыкаў і дзяўчынак, сарафаны, кашулі, блузкі, штаны, а таксама абутак і канцтавары, — расказвала вядучы тавара­знаўца райспажыўтаварыства Н. Л. Артамонава. — Практычна ў кожным магазіне абсталяваны “Куткі школьніка”, якія абазначаны адпаведнымі таблічкамі. Там можна набыць усё неабходнае для вучобы: альбомы, сшыткі, ручкі, алоўкі, клей, вокладкі, дзённікі і іншае. У буйных гандлёвых аб’ектах на сяле ў продажы маецца і школьная форма, у астатнія магазіны прывозім яе, а таксама абутак для вучняў па заяўках насельніцтва.

Як і ў мінулыя гады, неўзабаве ў Паставах пачнуць працаваць спецыялізаваная выстава-продаж і школьны кірмаш, дзе ў шырокім асартыменце будуць прадстаўлены адзенне, абутак, школьна-пісьмовыя прылады, рукзакі, ранцы, панчошна-шкарпэтачныя вырабы. Кірмаш будзе ладзіцца кожную нядзелю на рынку рай­спажыўтаварыства аж да канца жніўня. Для зручнасці пакупнікоў каля ўнівермага “Амега” ў райцэнтры на гэтым тыдні з’явіцца вялікі гандлёвы павільён са школьнымі таварамі, які будзе функцыянаваць штодня да сярэдзіны верасня і ў якім можна будзе набыць усё пералічанае вышэй, у тым ліку дзіцячую бялізну.

Што датычыць цэн на тавары для школьнікаў, то на ўсё, што засталося з мінулага навучальнага года, яны не змяніліся, адзначылі ў райспажыўтаварыстве. Практычна па такой жа цане паступае тавар у магазіны і цяпер. Асартымент яго багаты.

— Па меры неабходнасці мы завозім усё, што прапануюць нашы пастаянныя пастаўшчыкі — беларускія вытворцы. Таму выбраць ёсць з чаго, — запэўніла Н. Л. Артамонава.

Многіх бацькоў непакоіць пытанне, у якую суму абыдзецца сабраць сына ці дачку ў школу. Спецыялісты ўстановы склалі спажывецкі набор тавараў для школьнікаў (у яго, акрамя камплектаў школьнай і спартыўнай формы і абутку, канцтавараў і ранцаў, уключылі таксама панчошна-шкарпэтачныя вырабы і нацельную бялізну) і падлічылі яго кошт. Дык вось, каб цалкам “экіпіраваць” вучня малодшых класаў, давядзецца аддаць ад 1,7 да 3,3 мільёна недэнамінаваных руб­лёў, калі гэта хлопчык, і ад 2,2 да 3,5 мільёна, калі дзяўчынка. Поў­ны школьны камплект вучня старэйшых класаў пацягне: для юнакоў — на суму ад 3 да 5,2 мільёна рублёў, для дзяўчат — ад 3,5 да 4,6 мільёна. Таму разлічвайце свае фінансы, бацькі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.