Ад усмешак вёска маладзела


У нядзелю, 17 ліпеня, каля Лукашоўскага сельскага клуба было нязвыкла шматлюдна. У 15 гадзін тут пачалося свята вёскі. Ганак будынка стаў сцэнай для артыстаў, а гледачоў сабралася столькі, што лавак, прынесеных загадзя, усім не хапіла.

Ужо з першых акордаў шчымлівай музыкі і з       першых слоў вядучай, загадчыцы сельскага клуба Людмілы Мелец, стала зразумела: сустрэча разбудзіць душы і сэрцы, верне кожнага з прысутных у родны куточак маленства, дзе і кусцікі, і дрэўцы ля хаты, і да болю знаёмыя сцежкі, лужок і ўзлесачак рады вітаць. У сцэнарыі таленавітага культработніка знайшліся шчырыя і ўзнёслыя словы і гісторыі вёскі, і яе людзям. Перад вачыма паўставала панарама жыцця даваеннага і ваеннага, і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай і дамоў не вярнуўся, падзякавалі за свабоду вызваліцелям. Намаганнямі нястомных рупліўцаў, вёска адбудавалася, а яе жыхары апра­цоў­валі зямлю, вырошчвалі хлеб, былі вядомымі ў раёне жывёлаводамі, механізатарамі, пра што таксама гаварыла вядучая.

Пуцёўку ў жыццё вясковым дзецям дала школа. Пра рэпетытарства ў той час, калі я вучылася, ніхто і не чуў. Мы вучыліся старанна і ўсяго дамагаліся самі, паступалі ў ВНУ і тэхнікумы, атрымлівалі адукацыю. Выпускнікі Лукашоўскай СШ жывуць у розных кутках былога Саюза, займаюць адказныя пасады. І колькі б гадоў ні мінула, а школу памятаюць. Напрыклад, Віктар і Зоя Ханяўка прыехалі з Екацярынбурга (дарэчы, Віктар — ваенны медык, цяпер — памочнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па справах ваеннай медыцыны).

На жаль, выпускнікам ужо не зайсці ў класы і не сесці за парты — некалькі гадоў таму ўстанову закрылі. Са шкадаваннем пра гэта гаварыла і адна з выпускніц — Алена Антух. Каб хоць крыху суцешыць душу, яна выкапала са школьнай клумбы кусцік півоні і пасадзіла ў сваім агародчыку: кожнае яго цвіценне вяртае ў дзяцінства, школьнае жыццё.

З удзячнасцю мы ўзгадалі настаўнікаў, якія вучылі і выхоўвалі нас і якіх ужо няма з намі. Гэта Таіса Уладзіміраўна Чарэнка, Галіна Уладзіміраўна Несцяровіч, Леанід Вацлававіч і Яўгенія Уладзіміраўна Ластоўскія, мая мама Данута Францаўна Крукач.

Наша вёска, як і многія іншыя, старэе. Але жыве, яна па         стаянна ў клопатах, яшчэ сілкуе, дае энергію людзям, каб рухацца наперад. Вясной п’яняць яе чаромхавыя сады, улетку — кветкі, восенню — спелыя яблыкі і грушы. А самы найвялікшы скарб — людзі. Пра сталых і маладых так хораша гаварыла Людміла Аляксандраўна Мелец. І не дзіўна: усе яны — яе аднавяскоўцы. З любоўю і павагай вядучая падыходзіла да кожнага і частавала духмяным караваем.

Не магу не сказаць пра дарагіх мне суседзяў — Тэрэзу Міхайлаўну і Віктара Іванавіча Зелендзіных, усё жыццё якіх праходзіла ў працы. Дзверы іх кватэры для нас, дзяцей, ніколі не былі зачыненымі, і па рознай дробязі мы туды заходзілі. Тэрэза Міхайлаўна — адмысловая гаспадыня, сваёй выпечкай частавала ўсіх. А якая яна была пявуння!

Прыемна было бачыць на свяце Людмілу Людвігаўну і Рычарда Канстанцінавіча Балошка, Дзмітрыя, Вольгу і Юрыя Куцуха, нашага нязменнага прадаўца Ганну Уладзіславаўну Дуброўскую, іншых лукашоўцаў. Успомнілі добрым словам паштальёнаў, спецыялістаў гаспадаркі, тых, хто лячыў, аказваў бытавыя паслугі. А колькі дзетак весялілася! Ад усмешак, здаецца, сама вёска маладзела.

Не шкадую, што адмовілася ад паездкі ў Віцебск на “Славянскі базар” і разам з татам завітала на свята. Атрымалі столькі пазітыўных эмоцый! А чаго каштуе сустрэча з аднавяскоўцамі! Вялікае дзякуй за арганізацыю мерапрыемства і цікавы аповед Людміле Мелец, за песні — а мы ўсе таксама падпявалі і танцавалі, — удзельнікам мастацкай самадзейнасці Аляксею Баторы, Марыне Пусько, Ірыне Шымук, Дзянісу Шымуку, Вікторыі Корзан, Алене Іваніцкай, Галіне Рагіня, Крысціне Багушэвіч, Іне Протас.

Разыходзіліся апоўначы, адно аднаму жадалі зда­роўя, аптымізму і надзеі, каб праз год зноў сустрэцца вясковай сям’ёй.

Ж. КУРДО, г. Паставы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.