Асноўны кірунак — клопат пра людзей

Экономика

У рэдакцыю звярнулася работніца завода “Беліт” Ніна Зуева: “Напішыце пра старшыню нашай прафсаюзнай арганізацыі Ірыну Міхайлаўну Маланчук. Яна дбае пра людзей працы, заўсёды падкажа і параіць, акажа канкрэтную дапамогу”.

Тэлефаную дырэктару прадпрыемства Дзмітрыю Барысавічу Чыжэўскаму. “Больш за два гады Ірына ўзначальвае кадравую службу, паўтара па сумяшчальніцтве займаецца яшчэ і прафсаюзнай работай. Адказная, ініцыятыўная, актыўная, прынцыповая, цвёрда стаіць на абароне законных правоў нашых работнікаў”, — дае характарыстыку кіраўнік.

— На “Беліце” працуюць 250 чалавек, 215 з іх — члены прафсаюза, — расказвала пазней сама Ірына. — Вытворчасць на прадпрыемстве расшыраецца, ствараюцца новыя рабочыя месцы, прыбаўляецца і людзей. Два з паловай гады таму, калі я ўладкавалася на завод, калектыў налічваў крыху больш за 100 чалавек. Усе, хто працаўладкоўваецца, праходзяць праз аддзел кадраў, пры прыёме на работу займаюся не толькі афармленнем дакументаў, але і бліжэй знаёмлюся з чалавекам, распытваю пра сям’ю, дзяцей, цікаўлюся тым, што хвалюе, якія мае праблемы, раблю для сябе паметкі.

— А як самі трапілі на прадпрыемства?

— Пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа мяне накіравалі ў ААТ “Хацілы-агра”. Працавала інспектарам па кадрах і на паўстаўкі юрысконсультам, завочна вучылася на юрыдычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава (летась атрымала дыплом), назапашвала практычныя веды. Удзячна цудоўнай жанчыне — галоўнаму бухгалтару гаспадаркі Ганне Мар’янаўне Шубелька — за тое, што вучыла, падказвала, дзялілася ўсім тым, што ведае сама, за мудрыя жыццёвыя ўрокі. Дзякуючы дырэктару Вячаславу Іосіфавічу Крыштафовічу, я навучылася адстойваць свой пункт погляду, загартавала характар. Сама пастаўчанка, таму і работу шукала ў горадзе. Так трапіла на “Беліт”. Практыку праходзіла ў раённым аддзеле Следчага камітэта, але зразумела, што мне бліжэй работа на прадпрыемстве.

— Хутка прыжыліся на новым месцы?

— Хутка. Прынялі мяне цудоўна. Калектыў малады, дружны, згуртаваны. Дырэктар Дзмітрый Барысавіч — сучасны, «інавацыйны» кіраўнік, цэнтральнае звяно і рухаючая сіла. З ім лёгка вырашыць любое пытанне. Адчувальнай была дапамога з боку старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Іны Аляксееўны Далецкай, абласнога камітэта прафсаюзаў. Штосьці новае чэрпаю на розных курсах, на якія мяне пасылае кіраўніцтва завода.

— Якія асноўныя клопаты старшыні прафкама?

— Іх шмат. Сацыяльна-эканамічная і прававая абарона, клопат пра маладых спецыялістаў і ветэранаў працы, шматдзетныя сем’і, спартыўна-масавая работа і іншае. Аднак прыярытэтнымі пытаннямі былі і застаюцца заработная плата і занятасць людзей. Усе праблемы, якія ўзнікаюць, стараемся вырашаць разам з кіраўніцтвам. У аснове эфектыўнага сацыяльнага партнёрства ляжыць рэгуляванне калектыўна-дагаворных адносін. Пастаянна працуем над удасканаленнем гэтай сістэмы. Асноўны ж кірунак работы — клопат пра чалавека працы.

— Работа ў цэхах не з лёгкіх. Што робіце, каб заахвоціць людзей?

— Сумесна з кіраўніцтвам завода прыкладаем намаганні, каб ва ўсіх была дастойная заработная плата. Згодна з прынятым калектыўным дагаворам, аказваем і матэрыяльную дапамогу. Працуем над паляпшэннем умоў працы: абсталяваны душавыя кабінкі і пакоі для прыёму ежы. Ёсць мікрахвалевыя печы, халадзільнікі, чайнікі, неабходны посуд. Пад пастаянным кантролем захаванне тэхнікі бяспекі на рабочых месцах, дысцыпліна.

Дапамагаем шматдзетным сем’ям. Набываем канцылярскія тавары, іншае неабходнае да навучальнага года і раздаём работнікам, у якіх ёсць школьнікі. Арганізуем навагоднія ранішнікі, сумесна з адміністрацыяй завода рыхтуем падарункі. З нагоды Дня маці ўшаноўваем мнагадзетных маці, і не толькі тых, якія на цяперашні час маюць такі статус, але і тых, чые дзеці ўжо выраслі. Віншуем маладажонаў, бацькоў, у якіх нараджаецца дзіця. З асаблівай пашанай ставімся да ветэранаў. Калі чалавек, які адпрацаваў шмат гадоў на заводзе, ідзе на заслужаны адпачынак, уручаем памятныя каштоўныя падарункі. Дзень абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка шырока адзначаюцца ў калектыве, да гэтых дат прымяркоўваюцца канцэрты. Здараецца ў каго бяда — не пакідаем чалавека сам-насам з ёй.

— Ведаю, што каманда завода рэгулярна ўдзельнічае ў раённым турыстычным злёце, лыжні, іншых культурна-масавых мерапрыемствах.

— Людзі ў нас актыўныя. Сёлета на турзлёце была зборная каманда сумесна з заводам “Паставымэбля”. Цяпер рыхтуемся да ўдзелу ў турзлёце, які праводзіць холдынг “Гарызонт”. Ён, звычайна, праходзіць у Радашковіцкім раёне. Не першы год на ім выступаем і заўсёды вяртаемся з дыпломамі не за адну намінацыю. Я з’яўляюся ўдзельніцай конкурсу маладых спецыялістаў “Шлях да поспеху”. Часу на падрыхтоўку катастрафічна не хапае, тым не менш імкнуся выконваць усе пастаўленыя задачы. Займаюся на курсах англійскай мовы, у вольны час хаджу ў трэнажорную залу.

Вось такая яна, Ірына Маланчук, прафсаюзны лідар завода “Беліт”, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, справяд¬лівая, схільная да самастойнага прыняцця эфектыўных рашэнняў, здольная вырашыць любыя задачы і ажыццявіць задуманае.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.