Атакі пад раскаты грому

Спорт

Барацьба ў гэтым матчы вялася на кожным участку поля.

“Паставы-ПМЦ” — ФК “Лепель” — 2:1

Пасля дзвюх леташніх пераканаўчых перамог над ПМЦ госці і на гэты раз прыехалі ў Паставы з цвёрдым намерам зноў дабіцца поспеху. Праўда, і пастаўчане выйшлі на поле поў¬насцю мабілізаванымі, гатовымі да барацьбы, каб нарэшце парадаваць дома сваіх прыхільнікаў. Подых блізкай навальніцы адчуваўся на працягу ўсёй напружанай сустрэчы, часта грымела, але ніхто з гледачоў не пакінуў гарадскі стадыён, нават калі ў другім тайме пайшоў невялікі дождж.

Абедзве каманды стараліся падтрымліваць высокі тэмп, але больш востра сталі атакаваць гаспадары. Яны маглі дабіцца поспеху ўжо на 8-й хвіліне, аднак завяршальны ўдар пасля падачы вуглавога аказаўся крыху недакладным. Затым небяспечны штрафны ўдар у выкананні капітана пастаўчан Руслана Зелянкевіча з цяжкасцю парыраваў варатар лепяльчан Максім Любочка. Але неўзабаве ён быў вымушаны дастаць мяч з сеткі, калі на ўдарнай пазіцыі без перашкод аказаўся нападаючы ПМЦ Раман Мядзведзеў, які і адкрыў лік. Другая палова паядынку пачалася для гаспадароў з непрыемнасцей: з-за другога па ліку папярэджання атрымаў чырвоную картку і пакінуў поле абаронца Руслан Жылевіч.

Госці вялікімі сіламі прадказальна пайшлі наперад, а пастаўчане перагрупаваліся і сталі адказваць вострымі контратакамі. Адна з іх на 62-й мінуце прынесла поспех. Пазіцыйнай памылкай абаронцаў “Лепеля” скарыстаўся форвард Р. Мядзведзеў, які, не ўваходзячы ў штрафную пляцоўку, моцна прабіў у верхні вугал варот — 2:0. Да гонару гасцей, яны працягвалі змагацца да канца, іх рэзервіст Міхаіл Маскалёнак з блізкай адлегласці трапіў у перакладзіну, а затым са штрафнога ўдару Андрэй Рымаровіч скараціў разрыў у ліку. У нервовай канцоўцы прыціснутым да сваіх варот пастаўчанам удалося адбіцца і атрымаць перамогу над моцным сапернікам — сярэбраным прызёрам мінулага сезона.

Апладысментамі стадыён праводзіў з поля футбалістаў ПМЦ Лубко, Р. Жылевіча, Жарскага, Дубіна, Амбразевіча, Зелянкевіча (к), Я. Грантоўскага, Павініча, Ясюкевіча, Пучынскага (Місніка), Мядзведзева (В. Жылевіча). У чарговым, 7-ым, туры пастаўчане свабодныя ад гульняў. Першы круг абласнога першынства яны завяршылі на 6-м прамежкавым месцы. Лідзіруе каманда Глыбокага, якая на выездзе згуляла ўнічыю 0:0 з “Полацкгазам”. У матчы суседзяў міёрцы з лікам 3:0 адолелі шаркаўчан. Барацьба ў другім крузе чэмпіянату вобласці па футболе адновіцца ў жніўні.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.