“Будзьце аптымістамі”


Сяргей Васільевіч Бамбізаў, настаўнік хіміі Дунілавіцкай яслі-сад-сярэдняй школы.

— Раскажыце, калі ласка, пра сябе.

— Нарадзіўся ў вёсцы Клясціцы Расонскага раёна. Скончыў мясцовую школу, затым Віцебскі педінстытут, дзе атрымаў спецыяльнасць настаўніка хіміі і біялогіі. Станоўча паўплывала на жыццё і служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Пасля яе працаваў другім сакратаром Расонскага райкама ГА “БРСМ”, а пазней — і першым. А вось сямейнае шчасце знайшоў на Пастаўшчыне. Мая любая жонка Наталля родам з вёскі Валкі. Яна і пераманіла на сваю малую ра­дзіму.

— Якія рысы характару найбольш цэні­це ў людзях?

— Шчырасць, праўдзівасць, сумленнасць. Паважаю чалавека, які гаворыць праўду ў вочы.

— Ці добра ведаеце свой радавод?

— Да чацвёртага калена магу расказаць пра сваіх продкаў многа цікавага. Па бацькоўскай лініі ўсе яны — простыя людзі і жыццё прысвяцілі працы на зямлі. Дуброўскія, па матулінай лініі, з Міёрскага раёна, былі даволі заможныя і пусцілі свае карані ў Польшчы.

— Ваша любімая страва, якую гатуе жонка?

— У гэтым я непераборлівы. Адна з самых любімых страў — “бабка”, якую Наталля запякае ў гліняных гаршчочках у духоўцы.

— Што такое шчасце?

— Шчасце — гэта любоў да жыцця. Найвялікшае — нараджэнне дзяцей. Мая любая Наташа падарыла іх пяцёра. Старэйшая, Паліна, хутка скончыць школу, Радзівон — чацвёртакласнік, Варвара — на год меншая, Мілана ходзіць у дзіцячы садок, а Кліменту ўсяго два гадочкі.

— Вы ўжо амаль два дзесяцігоддзі працуеце педагогам. Калі атрымліваеце найбольшае задавальненне ад зробленага?

— Калі бачу вынік сваёй працы. Сёлета, напрыклад, мае вучаніцы Ксенія Латушкіна і Паліна Бамбізава сталі пераможцамі раённай алімпіяды па хіміі. Нядрэнна выступілі яны і на абласным этапе.

— Ці сябруеце са спортам?

— Я ўвесь час са спортам на “ты”. У школьныя гады меў пэўныя поспехі ў лёгкай атлетыцы. Двойчы станавіўся чэмпіёнам Расонскага раёна па футболе. На працягу многіх гадоў з’яўляюся нязменным капітанам каманды сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-агра” па турызме. За апошнія шэсць гадоў на раённых спаборніцтвах пальму першынства наша каманда саступіла толькі аднойчы. Дадайце яшчэ валейбол, тэніс, шашкі, шахматы, хакей, лыжы. Кумір у спорце — Аляксей Калюжны, які абараняе колеры “Дынама-Мінск”. Амаль у 40 гадоў не кожны зможа гуляць на такім узроўні.

— Якую кнігу раіце прачытаць кожнаму?

— Раман Л. М. Талстога “Вайна і мір”. Аўтар змог цудоўна перадаць псіхалогію галоўных герояў, іх памкненні і мары. Пра гэта не раскажаш, трэба проста прачытаць.

— Дзе хацелі б пабываць?

— На возеры Байкал, а больш за ўсё — у сібірскай тайзе. Там многа цікавага і нязведанага…

— Вашы пажаданні чытачам “Пастаўскага краю”?

— Будзьце аптымістамі. Ніколі не здавайцеся, нават калі бывае вельмі цяжка.

Гутарыў Юрый КАТОВІЧ,

няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.