Даказвае сваю жыццяздольнасць і неабходнасць


Сёння ў работнікаў спажывецкай кааперацыі Пастаўшчыны, як і ўсёй краіны, прафесійнае свята. З якімі набыткамі сустрэў яго калектыў? Наколькі запатрабавана дзейнасць кааператараў у сучасных умовах? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта “Пастаўскага краю” Пятра Курыловіча адказаў заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення райспажыўтаварыства Рыгор Арсенцьевіч ЛЕЎКАВЕЦ.

— Рыгор Арсенцьевіч, што сёння ўяўляе сабой спажывецкая кааперацыя раёна?

— Спажывецкае таварыства мае сетку прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання, нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, выпускае разнастайныя тавары і аказвае паслугі насельніцтву, ажыццяўляе знешнеэканамічную дзейнасць, мае ўласныя транспартныя сродкі. Словам, нягледзячы на некаторыя структурныя змяненні, яго функцыі і задачы засталіся ранейшымі. А асновай было і ёсць гандлёвае абслугоў¬ванне насельніцтва. З 36 тысяч чалавек, якія карыстаюцца нашымі паслугамі, амаль 37% — жыхары сельскай мясцовасці. У спажыўкааперацыі раёна каля 13 тысяч пайшчыкаў, 908 працуючых. Яе жыццяздольнасць і неабходнасць пацвярджаюцца станоўчай дынамікай развіцця большасці галін. За пяць месяцаў 2016 года перавыкананы даведзеныя аблспажыўсаюзам прагнозныя паказчыкі па тэмпах росту прамысловай прадукцыі, закупе сельгаспрадукцыі і сыравіны, вытворчасці ўласнай прадукцыі і тавараабароце грамадскага харчавання.

— А як у цэлым выглядае гандлёвы тавараабарот?

— На долю важнейшай сферы спажыўкааперацыі прыпадае 71,5% сукупнага аб’ёму ўсёй нашай дзейнасці. Развіваць гандаль у сучасных умовах няпроста, бо пастаянна расце канкурэнцыя з боку розных суб’ектаў гаспадарання, даюць пра сябе ведаць эканамічныя цяжкасці, у сельскай мясцовасці зніжаецца колькасць насельніцтва. Названыя і некаторыя іншыя прычыны і прывялі сёлета да некаторага зніжэння гандлёвага тавараабароту. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, мы шукаем магчымасці павышэння эфектыўнасці сваёй работы ў новых умовах. У першую чаргу за кошт паляпшэння арганізацыі гандлю, ажыццяўлення маркетынгавай стра¬тэгіі ў райцэнтры. Дзякуючы зніжэнню адпускных цэн пастаўшчыкамі-вытворцамі і гандлёвых надбавак, праводзілася пастаянная работа па фарміраванні акцыйнага пакета тавараў па зніжаных цэнах. У выніку прырост тавараабароту склаў больш за 1 млрд 596 млн рублёў.

Па-ранейшаму аддаём перавагу айчынным вытворцам. Доля іх прадукцыі ў агульным тавараабароце склала за пяць месяцаў 92,6%. Для далейшай папулярызацыі беларускіх тавараў створаны фірменныя секцыі і фірменныя магазіны з элементамі франчайзінгу. Развіваем актыўныя формы гандлю. Ажыццёўлены 252 выезды на рынкі райцэнтра, Мінска і Полацка, у выніку чаго дадатковы тавара¬абарот склаў 2 млрд 791,5 млн рублёў. Удзел у кірмашах прынёс 767,3 млн рублёў выручкі.

На тэрыторыі нашага раёна налічваецца больш за 350 малых населеных пунктаў, у якіх пражывае 4,1 тысячы чалавек. Жыхароў аддаленых малалікіх вёсак абслугоўваюць 10 аўтамагазінаў. Месячны тавараабарот кожнага складае ў сярэднім 175,2 млн рублёў.

— Якія яшчэ захады прымаюцца ў спажывецкім таварыстве, каб больш зацікавіць пакупнікоў?

— Значным прагрэсам у развіцці гандлёвых адносін з’яўляецца ўкараненне канцэпцыі аўтаматызацыі, якая праду¬гледж¬вае стварэнне цэнтральных офісаў, укараненне адзінага класіфікатара тавараў, распрацоўку аналітычных справаздач па тавараруху на базе таварнага прадукту САП.

Пакупнікі станоўча ацанілі адкрыццё ў Паставах фірменных секцый такіх вядомых пастаўшчыкоў прадукцыі, як, напрыклад, “Мінск Крышталь”. Сумесна з акцыянерным таварыствам “Пінск¬дрэў” адкрыты магазін з элементамі франчайзінгу ў гарадскім пасёлку Варапаева. Пашыраем абслугоўванне насельніцтва праз дробнарознічную гандлёвую сетку, арганізуем выязны гандаль на рынкі, прамысловыя прадпрыемствы і іншыя месцы продажаў Мінска і Полацка.

Павышэнню попыту пакупнікоў садзейнічае шэраг іншых маркетынгавых мерапрыемстваў. У іх ліку месячнае фарміраванне акцыйных пакетаў, пра якія гаварылася вышэй, правядзенне адзіных дзён скідак, тэматычных святочных акцый, продаж тавараў у крэдыт. Сумесна з “Беларусбанкам” дадаткова ажыццёўлена праграма, якая дазваляе спажыўцам узяць у магазінах спажывецкай кааперацыі тавар у крэдыт з растэрміноўкай плацяжу на 12 месяцаў з працэнтнай стаўкай 0,01% гадавых. З 1 красавіка гэтага года ўкаранёна сістэма разлікаў картай “Халва”. Яна дзейнічае ў такіх гандлёвых аб’ектах райцэнтра, як уні¬версамы “Цэнтральны”, “Родны кут” па вуліцы Савецкай, магазінах “Юбілейны”, універмаг “Амега”, “Мэбля”, “Гаспадарчы двор”, а таксама ў магазінах “Родны кут” і “Гаспадарчыя тавары” гарпасёлка Варапаева.

— Рыгор Арсенцьевіч, што вы можаце сказаць пра грамадскае харчаванне, асноўная сетка якога, як вядома, у раёне захавалася?

— Нягледзячы на тое, што ўдзельная вага грамадскага харчавання ва ўсім абароце складае 9%, яму належыць вельмі важная роля ў абслугоўванні мясцовага насельніцтва і гасцей. Прыемна адзначыць, што ў гэтай галіне назіраецца станоўчая дынаміка росту. Калі, напрыклад, за 5 месяцаў 2015 года тавараабарот у супастаўных цэнах складаў усяго 55,1% у параўнанні з папярэднім годам, то сёлета за такі перыяд часу — 109,9%. У валавым тавараабароце галіны аб’ём рэалізацыі ўласнай прадукцыі займае амаль 73%, што ў суме складае 13 млрд 391,3 млн рублёў. За пяць месяцаў гэтага года ў цэхах грамадскага харчавання выраблена 52,9 тоны кандытарскіх, 82,1 тоны здобных булачных вырабаў, 34 тоны паўфабрыкатаў, 11,3 тоны рыбнай прадукцыі. У рознічную гандлёвую сетку яе паступіла амаль на 7 млрд рублёў.

Сваю задачу мы бачым у тым, каб і далей развіваць грамадскае харчаванне шляхам павышэння канкурэнтаздольнасці дзеючых аб’ектаў. А гэта магчыма пры ўмове ўкаранення прагрэсіўных тэхналогій і новых відаў абсталявання, рэканструкцыі і пераспецыялізацыі сеткі і яе тэхнічнага перааснашчэння.

— Раённае спажывецкае таварыства моцнае і сваёй прамысловай галіной. Наколькі запатрабавана сёння яе прадукцыя?

— На працягу многіх гадоў нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы забяспечваюць стабільны прырост аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі. Вось і сёлета за 5 месяцаў яе атрымана на 6,4% больш, чым за такі час летась. На дзеючых вытворчых плошчах выраблена 678,8 тоны хлебабулачных вырабаў, 80,4 тоны паўфабрыкатаў, 61,1 — каўбасных вырабаў, 359,9 — мяса. Замарожана 7,4 тоны плодаагародніннай прадукцыі, перапрацавана 48,6 тоны агародніны на квашаную і марынаваную. Усяго ў дзеючых цэнах аб’ём прамысловай прадукцыі склаў амаль 24,6 мільярда рублёў.

Каля 150 назваў налічвае асартымент прадукцыі хлебазавода. Ён пастаянна абнаўляецца за кошт укаранення ў вытворчасць новых яе відаў, многія з якіх распрацаваны спецыялістамі прадпрыемства. Вось і сёлета ўжо з’явіліся дзве такія навінкі. Для таго каб забяспечыць насельніцтва хлебабулачнай прадукцыяй на любы густ, мець яе шырокі асартымент у гандлёвых аб’ектах, на хлебазаводзе ўкаранёны ў вытворчасць рэцэптуры з выкарыстаннем паляпшальнікаў і сухіх заквасак, кампазітных сумесяў, пшанічнага вотруб’я, сухіх прыпраў, кампазіцый двайнога дзеяння, сухафруктаў, семак сланечніка, абагачаных рознымі вітамінамі і мінераламі. Адной з апошніх распрацовак з’яўляецца хлеб “Ільняны дар” у арыгінальнай упакоўцы з утрыманнем 20% ільняной мукі. Хлебабулачныя вырабы выпускаюцца розных відаў і форм. Каля 80% прадукцыі адгружаецца ў гандлёвую сетку ва ўпакаваным і нарэзаным выглядзе.

У каўбасным цэху пасля праведзенай мадэрнізацыі вядзецца глыбокая перапрацоўка сыравіны, забяспечваецца выпуск шырокага асартыменту прадукцыі, у тым ліку па нацыянальных, хатніх рэцэптах. Удзельная вага апошніх — больш за 75% і склала сёлета 46,1 тоны. Асаблівай папулярнасцю ў насельніцтва карыстаюцца ліверна-паштэтныя каўбасныя вырабы і зельцы.

У квасільна-засолачным цэху вядзецца перапрацоўка агуркоў, таматаў, капусты, перцу, яблыкаў, часнаку. З выкарыстаннем гэтай сыравіны выпушчана прадукцыі на 786,2 млн рублёў, гэта на 76,3% больш, чым было на такі час летась. Яе прыгатаванне вядзецца як па традыцыйных для Беларусі “дзедаўскіх” рэцэптах, так і па спецыяльных венгерскіх тэхналогіях і рэцэптах. Акрамя традыцыйных салёнай агародніны і квашанай капусты, вялікім попытам карыстаюцца таксама часнок салёна-марынаваны, капуста марынаваная арыгінальная, салаты з гародніны, нестэрылізаваныя закускі — усяго больш за 10 назваў.

Павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, у прыватнасці хлебабулачных вырабаў, стала магчымым дзякуючы пашырэнню зоны продажу. Нашы вырабы ахвотна купляюць жыхары Верхнядзвінскага, Лепельскага, Глыбоцкага, Шумілінскага, Міёрскага і Полацкага раёнаў, а таксама мінчане.

— Як вядома, дзейнасць спажывецкай кааперацыі носіць сацыяльны кірунак. У чым гэта праяўляецца?

— У першую чаргу ў гандлёвым абслугоўванні жыхароў населеных пунктаў, а таксама ў арганізацыі закупу ў насельніцтва сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі. Наша нарыхтоўчая галіна выконвае важную ролю ў фарміраванні сыравіннай базы вытворчасці, валодае высокім экспартным патэнцыялам, са¬дзейнічае матэрыяльнай падтрымцы жыхароў сельскай мясцовасці і гараджан. Сёлета кааператарамі раёна ўжо нарыхтавана сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны больш чым на 10 млрд рублёў, а непасрэдна ад насельніцтва — на 2,7 млрд. Намі закуплена 171,5 тоны агародніны, 35,4 — фруктаў, 519,8 — лому чорных металаў, 82,9 — макулатуры, 40,3 тоны шклабою і шэраг іншай сыравіны. У нарыхтоўчым абароце ўдзельнічаюць практычна ўсе магазіны, прыёмна-нарыхтоўчыя пункты, няштатныя нарыхтоўшчыкі.

— Рыгор Арсенцьевіч, што б вы пажадалі работнікам спажывецкай кааперацыі Пастаўшчыны?

— Нягледзячы на пэўныя цяжкасці і негатыўныя моманты, якія, на жаль, яшчэ ёсць у нашай дзейнасці, мы па-ранейшаму забяспечваем рэнтабельную работу ўсіх галін. У тым, каб і ў далейшым захаваць спажывецкую кааперацыю як сістэму, зацікаўлены кожны работнік. У нас шмат прафе-сіяналаў, майстроў сваёй справы. Лепшыя з лепшых адзначаны на ўрачыстым сходзе, які адбыўся на гэтым тыдні ў Паставах. Карыстаючыся выпадкам, хочацца падзякаваць за працу ўсім кааператарам раёна і пажадаць ім працоўных поспехаў, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.