Дыпломы — як пуцёўкі ў дарослае жыццё

Образование Общество

Выпускнікі групы №209 з майстрам Ганнай Браніславаўнай Маслоўскай і куратарам Таццянай Аляксееўнай Дзеравянка.

Гэтага дня навучэнцы Пастаўскага каледжа чакалі: хто тры, хто два, а хто ўсяго адзін год — у залежнасці ад тэрміну навучання. І ён настаў. 30 чэрвеня ва ўстанове адбыўся святочны вечар з нагоды ўручэння дыпломаў выпускнікам. Радасць і хваляванне віноўнікаў урачыстасці раздзялілі выкладчыкі, майстры, куратары, бацькі.  З наказамі і пажаданнямі да маладых спецыялістаў звярнуліся дырэктар каледжа Мікалай Мікалаевіч Лысёнак, яго намеснікі Наталля Аляксандраўна Шылько і Алена Канстанцінаўна Дубовік.

У каледжы на выпускным вечары прысутнічаў шмат разоў і магу з упэўненасцю сказаць, што развітанне з навучальнай установай тут праходзіць заўсёды ўрачыста, хвалююча, кранальна. Да гэтай па­дзеі старанна рыхтуюцца ўсе. Вось і сёлета на вечары панавала дзелавая і адначасова сяброўская атмасфера. Прадстаўнікі адміністрацыі неаднаразова падкрэслівалі, што ганарацца сваімі выпускнікамі як спецыялістамі, маладымі людзь­мі, якія адолелі чарговую прыступку, упэўнена ўступаюць у самастойнае жыццё.

Сёлета іх 165. Столькі юнакоў і дзяўчат атрымалі ў навучальнай установе прафесіі слесара, трактарыста-машыніста, вадзіцеля транспартных сродкаў, аператара машыннага даення, повара, тэхніка-механіка. Яны займаліся ў адзінаццаці групах на дзённай і завочнай формах навучання. Кожная пакінула свой след у цікавым, вірлівым студэнцкім жыцці. І ўсё ж, як падалося, самыя добрыя ўспаміны будуць пра групу №207. Тры гады назад майстар Валянціна Міхайлаўна Клянтак прыняла пад сваё крыло 26 дзевяцікласнікаў. Хапіла з імі клопатаў. Але ўсе без выключэння дайшлі да фінішу, набылі спецыяльнасці, навучыліся па-сапраўднаму працаваць, жыць у калектыве. На сцэне юнакі выглядалі ўзмужнелымі, статнымі, вельмі паважліва гаварылі пра ўсіх, хто даў прафесію, многаму навучыў, без чаго немагчыма знайсці сваё месца ў жыцці і грамадстве, стаць шчаслівым чалавекам.

Шчыра дзякавалі сваім выхавальнікам і педагогам за набытыя веды, жыццёвую мудрасць выпускнікі групы №209, у якой пераважалі дзяўчаты. Радавалі і краналі да слёз развітальныя словы іншых учарашніх навучэнцаў.

Адміністрацыя, майстры і выкладчыкі, кіраўнікі грамадскіх арганізацый высока ацанілі веды, творчыя здольнасці, грамадскую актыўнасць, спартыўныя дасягненні выпускнікоў. За галоўную працу — выдатную вучобу — граматамі каледжа ўзнагароджаны Ірына Бондар і Паліна Маісеева. Такіх адзнак удастоены таксама “харашысты” Уладзіслаў Макоўскі, Андрэй Яфіменка, Арцём Белановіч, Валерый Ківатыцкі, Дзяніс Кузняцоў, Яўгеній Мядзелка, Валерый Пліско, Аляксандр Пронічкін, Андрэй Дунец, Карына Бандарэнка, Дзіяна Варанец і іншыя.

А выпускнікам Аляксею Беланоўскаму, Уладзіславу Лявіцкаму і Віталію Пацэвічу разам з дыпломамі тэхнікаў-механікаў былі ўручаны граматы дырэкцыі за добрую вучобу і актыўны ўдзел у тэхнічнай творчасці.

У каледжы створаны ўсе ўмовы не толькі для атрымання грунтоўных ведаў па абранай спецыяльнасці, але і для развіцця здольнасцей і магчымасцей навучэнцаў. Многія з цяперашніх выпускнікоў радавалі аднагодкаў і педагогаў сваімі выступленнямі на сцэне, адстойвалі гонар навучальнай установы на занальных і абласных аглядах і конкурсах, спартыўных спабор­ніцтвах розных узроўняў. Шмат ­удзячных слоў прагучала ў адрас Таццяны Ждановіч, Аляксандра Макаранкі, Аляксандра Грузда, Канстанціна Шэршня, Дзмітрыя Аксёненкі, Валерыя Пліско, Аляксандра Падгайскага, Рамана Мядзведзева, Яўгенія Лысёнка.

Дырэктар каледжа Мікалай Мікалаевіч Лысёнак уручае дыплом старасту групы №207 Аляксандру Грузду.

На цырымоніі ўручэння дыпломаў, якая суправаджалася выступленнямі-падзякамі, канцэртнымі нумарамі, не было раўнадушных. А па ўсхваляваных тварах прысутных і слязінках радасці на вачах можна было здагадацца, што ў зале нямала бацькоў выпускнікоў. Многія з іх падчас вучобы дзяцей наведвалі каледж, падтрымлівалі цесныя кантакты з майстрамі і педагогамі, разам рыхтавалі сваіх сыноў і дачок да дарослага жыцця. 29 бацькам навучэнцаў, якія вызначыліся ў вучобе, узорна паводзілі сябе, дырэкцыя накіравала падзячныя пісьмы.

— 2015/2016 навучальны год адметны тым, што наша ўстанова атрымала статус сярэдняй спецыяльнай і прайшла акрэдытацыю на адпаведнасць яму, — адзначыў падчас размовы дырэктар М. М. Лысёнак. — Для нас галоўнае не толькі падрыхтаваць спецыяліста, але і даць яму магчымасць працаўладкавацца. 110 выпускнікоў застануцца на Пастаўшчыне, папоўняць працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый раёна, хтосьці прадоўжыць вучобу. Ёсць падстава для кар’ернага росту і ў 11 завочнікаў, якія сёлета першымі шляхам такой формы навучання набылі спецыяльнасць тэхніка-механіка. Упэўнены, што водгукі пра ўсіх будуць найлепшыя і праз пэўны час мы зможам з гонарам назваць тых, хто стаў сапраўдным прафесіяналам.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.