Каб праз гады пранесці скарб


Неяк зайшла ў адзін з пастаўскіх прадуктовых магазінаў. Перада мной у чарзе стаяла жанчына. Звярнуўшыся да прадаўца, яна папрасіла цукру, кавы і цукерак. І прамовіла ўсё па-беларуску, чым здзівіла работніка прылаўка. Ды і пакупнікі сталі перашэптвацца, паўтараючы пачутыя словы.

Вось такая карцінка з натуры прымусіла задумацца. Даўно хвалюе пытанне: чаму большасць з нас не размаўляе на роднай мове і чаму яна выклікае здзіўленне? У транспарце, магазінах, іншых грамадскіх месцах чуем рускую мову (а часцей — трасянку). На рабоце і дома — таксама. Мала таго, што суразмоўца часам цябе не разумее, дык некаторыя маладыя могуць пакпіць, маўляў, гавару на вясковай мове. У аўтобусе ці тралейбусе, калі еду з універсітэта, са студэнтамі размаўляем на беларускай мове, дык пасажыры глядзяць на нас, як на дзівакоў.

Яны, гараджане, напэўна, і сваім дзецям раяць карыстацца толькі рускай мовай, бачачы ў гэтым лепшую перспектыву. Таму заахвоціць школьнікаў вывучаць родную мову няпроста. А яны ж — заўтрашні дзень краіны, і каму, як не ім, цікавіцца сваімі каранямі — гісторыяй і мовай у прыватнасці?! Цікавіцца, каб праз гады пранесці той скарб, які збераглі для нас нашы дзяды і прадзеды.

А што ж сама раблю для гэтага? Размаўляю на беларускай мове. Мне пашанцавала: я вучылася ў беларускамоўнай (Юнькаўскай базавай) школе, у мяне былі цудоўныя настаўнікі, ды і нарадзілася я ў вёсцы. Цяпер студэнтка ўніверсітэта, вывучаю родную мову. Адным словам, каб бачыць вынік, пачынаю з сябе. Так рабіць раю і іншым.

Дзіяна ЛІТВІНОВІЧ, студэнтка-практыкантка

Віцебскага дзяржаўнага  ўніверсітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.