Каханне шукалі, вянкі кідалі…


У ноч з 6 на 7 ліпеня ў гарадскім парку адбылося традыцыйнае народ нае свята Купалле. Гэта прыгожае месца найбольш адпавядае правядзенню cімвалічных абрадаў, “ажыўленню” легенд і паданняў, канцэртным выступленням, вясёлым гульням. З наступленнем цемры загадкавымі паўстаюць пагорак са старажытнымі соснамі, драўляныя альтанкі і скульптуры казачных персанажаў, кусты папаратніку, цёмная гладзь Мядзелкі. Усё гэта і незвычайныя дзеі, якія разгортваюцца на сцэне летняга амфітэатра, і прывабліваюць жыхароў горада, асабліва моладзь.

Вось і на гэты раз, нягледзячы на халаднаватае надвор’е, сотні чалавек сабраліся ў парку, каб акунуцца ў казачную атмасферу свята. Многія дзяўчаты прыйшлі з вянкамі, сплеценымі з лугавых кветак. Шмат жадаючых набыць купальскія вянкі было і перад пачаткам прадстаўлення. Пра гэта сёлета ўпершыню паклапаціліся арганізатары Купалля — работнікі цэнтра культуры і народнай творчасці раёна. Увогуле, яны падрыхтавалі вельмі цікавую праграму, у якой удала перапляліся старадаўнія традыцыі і сучасныя матывы.

Пачалося свята з купальскага шэсця, выступлення народных калектываў. Першымі напоўнілі наваколле сваім шматгалоссем удзельнікі гурта аўтэнтычнай песні з Андрон і клуба “Юнчанка”. Яны выканалі абрадавыя песні, якія гучалі на Пастаўшчыне дзясяткі гадоў назад. А потым завіхурыў карагод. У акружэнні дзяўчат у прыгожых нацыянальных касцюмах на сцэне з’явіліся нязменныя персанажы свята — Купалінка і Купаліш, з якімі звязана ўсё светлае, радаснае і рамантычнае.

Купалле — гэта не толькі пошук папараць-кветкі, праяўленне самых лепшых пачуццяў, але і сустрэча з нячыстай сілай. На свяце яе прадстаўлялі Ведзьма, Лешы, Чорт, Кікімара і іншыя нячысцікі. З іх удзелам адбываліся дзіўныя, жартоўныя гісторыі.

На сцэне амфітэатра праводзіліся гульні на самага спрытнага і ўдалага дзецюка (узнагародай стала бутэлька шампанскага), выконваліся даўнейшыя танцы, вадзіліся карагоды. Вясёлым атрымаўся конкурс на веданне цудадзейных чараў палявых траў. У цемры ночы дзяўчаты кідалі гледачам вянкі. У перапынках паміж купальскімі дзеямі выступалі салісты эстрадных студый цэнтра культуры і народнай творчасці і раённага цэнтра дзяцей і моладзі: Крысціна Клянтак, Дзіяна Дзяменцьева, Эліна Мейшутовіч, Дар’я Румянцава, Кацярына Жук, Дар’я Гагалінская, Яўгенія Бяляўцава, Вольга Нікалаева, Таццяна Карпава, Андрэй Леўшын, Дзяніс Круглоў.

Заключным акордам дзвюхгадзіннай праграмы стаў рытуал ачышчэння агнём — купальскае вогнішча. Яго полымя высока ўзнімалася ў начное неба, асвятляючы наваколле і радасныя твары юнакоў і дзяўчат.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.