Найлепшая ў свеце цешча


Ю. І. Раманоўская з унукамі.

У рэдакцыю завітаў жыхар Пастаў Рычард Іванавіч Радзюш: “Прыйшоў да вас ад імя пецярых зяцёў Юзэфы Іванаўны Раманоўскай, якая жыве ў Навасёлках. У яе 7 ліпеня юбілей. Хочам зрабіць сюпрыз і праз газету пахваліцца, якая ў нас цудоўная цешча. Для мяне Іванаўна — сапраўдная мама. Рана застаўся сіратой, выхоў­вала цётка. Вярнуўся з арміі і закахаўся ў маладзенькую дзяўчыну Яню з Навасёлак. Хутка стаў паўна­праўным членам яе вялікай і дружнай сям’і. З асаблівай цеплынёй прыняла цешча. 25 гадоў мне хораша і ўтульна ў яе доме”.

Юзэфа Іванаўна Раманоўская нарадзіла пецярых дачок і сына. Калі малодшай было ўсяго паўтара года, аўдавела. Цяжка ўявіць, як спраўлялася з гаспадаркай, дзецьмі, а яшчэ працавала на ферме. Дзеці выраслі, усе маюць сем’і. Бабуля багатая ўнукамі — іх у яе пятнаццаць. Усе любяць яе і шануюць.

— Найперш мы ўдзячны Юзэфе Іванаўне за тое, што дачок выхавала добрымі, працавітымі, набожнымі, — гаварыў Р. І. Радзюш. — Цешча ніколі ні на што не наракае, верыць у Божую падтрымку. Умее падбадзёрыць добрым словам, даць слушную параду. І для дачок, і для ўнукаў яна як сяброўка.

З Юзэфай Іванаўнай асабіста мне давялося не адзін раз пілігрымаваць па Еўропе. Энергічная, вясёлая, ураўнаважаная. Калі сказалі, што ў жанчыны шасцёра дзяцей, нават не паверыла. Звычайна бацькі ўсе свае даходы аддаюць дзецям, унукам, а тут бабуля сама адпраўляецца ў паездкі. Памятаю, жанчына казала: “Дзеці падштурхоўваюць да таго, каб пабачыла свет. У маладосці не было на гэта ні часу, ні сродкаў. І цяпер матэрыяльнага багацця ўжо не назбіраю. Мой скарб — дзеці, унукі. Чым ім магу дапамагчы? Толькі шчырай малітвай”.

У суботу за святочным сталом у Юзэфы Іванаўны збярэцца шмат гасцей. Дачка Дана (яна адмысловая майстрыха па выпечцы тартоў) паднясе чарговы шэдэўр сваёй творчасці. Розных страў нагатуюць іншыя дочкі. Словы віншаванняў і падзякі юбілярцы будуць гаварыць не толькі родныя дзеці, але і зяці, якія з асаблівай павагай ставяцца да яе і сцвярджаюць, што ў іх самая лепшая ў свеце цешча.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.