Найлепшыя ў калектыве

Общество

Злева направа: А. Ю. Каралёнак, Т. П. Дарашкевіч, Я. Б. Хмяльніцкі, І. І. Будзіч.

З нагоды прафесійнага свята ажно чатыры работнікі Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях удастоены ўзнагарод абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Граматамі Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь узнагароджаны прапаршчык унутранай службы Яўгеній Баляслававіч Хмяль­ніцкі і сяржант Андрэй Юр’евіч Каралёнак, Ганаровай граматай — старшына Таццяна Пятроўна Дарашкевіч. А Ігару Іванавічу Будзічу загадам міністра па надзвычайных сітуацыях краіны датэрмінова прысвоена чарговае спецыяльнае званне “прапаршчык унутранай службы”.

— Выпадковых лю­дзей у нашым калектыве няма, — расказваў намеснік началь­ні­ка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАНС І. І. Януковіч. — Усе стараюцца, выконваюць свой абавязак і ўскладзеныя на іх задачы. А ўзнагароджаныя — найлепшыя работнікі, якія з года ў год паказваюць высокія вынікі ў службе, прымаюць актыўны ўдзел у спартыўным жыцці аддзела, ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне. Яны сапраўды вартыя ўзнагарод і пахвалы. Думаю, калегі будуць раўняцца на іх. Хоць той жа Андрэй Каралёнак служыць усяго два гады. Але ўжо паспеў вельмі добра сябе зарэкамендаваць: дысцыплінаваны, выдатна спраўляецца з усімі пастаўленымі задачамі.

Яго старэйшыя таварышы аддалі райаддзелу каля 10 гадоў. Гэта ўжо вопытныя ратаўнікі, якія дасканала авалодалі прафесійным майстэрствам і могуць многаму навучыць моладзь, што прыходзіць у РАНС. На іх рахунку не адзін патушаны пажар, не адна ліквідаваная надзвычайная сітуацыя і не адно выратаванае жыццё. Напрыклад, пры непасрэдным ­удзеле Ігара Будзіча з ахопленых агнём будынкаў выратаваны два чалавекі. Таму ён удастоены такога дастаткова рэдкага віду заахвочвання, як датэрміновае прысваенне звання.

Паспяховасць работы ратаўнікоў у многім залежыць ад аператыўных і граматных дзеянняў дыспетчара, які прымае ўсе паведамленні ў службу “101” і высылае на месца здарэння неабходныя сілы і сродкі. Таццяна Дарашкевіч тут не навічок. Дзякуючы яе аператыўнасці і прафесіяналізму пажарных, не раз  удавалася ліквідаваць пажар у застаных памерах, не дапусціць вялікіх матэрыяльных страт. Так было, у прыватнасці, калі гарэў цялятнік у вёсцы Падлявонавічы, “чырвоны певень” гуляў на льнозаводзе і “Беліце”. Нездарма заслугі дыспетчара адзначаны Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення МНС.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.