Няма нічога даражэйшага за жыццё

Общество

Да пастаўчан Віктара Рыгоравіча і Ганны Адамаўны Крэскіян я наведалася якраз 22 чэрвеня, калі ўсе размовы зводзіліся да трагічнай для нашага народа даты — пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І хоць мае суразмоўцы тады мелі ўсяго па 6-8 гадоў, дзіцячая памяць да драбніц захавала падзеі таго жудаснага часу.

Родам я з Казічоў, — расказваў Віктар Рыгоравіч. — Акрамя мяне, у сям’і падрастаў малодшы брат. Вёсачка наша была невялікая — крыху больш за 20 дамоў. Калі пачаў зараджацца партызанскі рух, многія маладыя хлопцы былі сярод яго арганізатараў. Найбольш актыўна дзейнічалі браты Якаў і Сяргей Пронькі. А немцы ў адказ здзекаваліся з мясцовага насельніцтва. Рабілі аблавы, катавалі маці Пронькаў. Нярэдка чуў ад сваіх бацькоў: “Проньчыху зноў збілі, вадой прыйшлося адліваць. Ледзь апрытомнела”.

З жахам перажылі блакаду 43-га. Бацьку разам з іншымі маладымі людзьмі забралі ў абоз і пагналі на Паставы. Далейшы шлях ляжаў на прымусовыя работы ў Германію. У Юньках яму ўдалося ўцячы. І да лета 44-га ён быў з намі.

Вестку пра тое, што немцы нарэшце адступаюць, у Казічы прынесла радня з Валкоў, што каля Навасёлак. Яна жыла побач з чыгункай і бачыла, як па ёй ішлі і ішлі варожыя эшалоны. Партызаны нярэдка пускалі іх пад адхон. Жыхары Казічоў жылі пад страхам, што немцы, помсцячы партызанам, спаляць вёску. Таму тата загадаў маме сабраць лепшую вопратку, такія-сякія рэчы, а сам раскідаў гной, выкапаў у хляве глыбокую яму, паставіў у яе куфар, у які насыпаў збожжа, туды склалі і прыгатаваныя мамай рэчы. Яму закапалі і заклалі гноем. Такое ж сховішча было зроблена і ў свірне. Самі вырашылі перабрацца да радні на хутар каля Ралаўцаў (недалёка ад Груздава). Запраглі каня, да воза прывязалі карову, а авечак пакінулі на выжыванне дома.

Аднойчы мы з бацькам пайшлі на бальшак паміж Плаксамі і Ралаўцамі. Там сабраліся людзі — усе чакалі чырвонаармейцаў-вызваліцеляў. Паставілі дзве бярозы, злучылі іх у выглядзе брамы і павесілі партрэт — чый, не памятаю, думаю, што Сталіна. Першымі прыскакалі два коннікі, напэўна, разведчыкі, пагутарылі з людзьмі і вярнуліся назад. Неўзабаве пачулі гул танка, які адкрываў калону. За ім ехалі ў спрэжцы па чацвёра коней і цягнулі гарматы, а яшчэ былі палявая кухня і санітарная машына. Адзін з чырвонаармейцаў, напэўна, камісар, гаварыў, што «Гітлер драпае і яму хутка будзе капут». Ідучы дадому, мужчыны казалі: “Прыйшла наша чарга браць у рукі зброю”.

Вярнуліся мы ў свае Казічы. Вёска ўцалела, а вось Юнькі, Логавінцы былі спалены. Адкапалі прыхаванае дабро, і авечкі ўцалелі. Хутка пачалася мабілізацыя, і мы засталіся без бацькі. Ён служыў у зенітнай артылерыі, дадому вярнуўся толькі зімой 46-га. Без гаспадара жылі цяжка. Праўда, дапамагаў дзядзька — муж мамінай сястры. Нярэдка за плуг станавіўся і я, 10-гадовы. Замест хлеба елі какоркі з бульбы. А здаралася, што і іх не было. У вёсцы з мужчын засталіся толькі зусім старыя ды 16-гадовыя падлеткі. Уся праца лягла на іх і жанчын. Многія гаспадары так і не вярнуліся — іх жыццё абарвала вайна.

— Успаміны балючыя, але пазбавіцца ад іх немагчыма, — працягвала жонка Віктара Рыгоравіча Ганна Адамаўна. — Я родам са Смалявіцкага раёна. Бацька і два старэйшыя браты Фелікс і Антон з прыходам фашыстаў падаліся ў партызанскі атрад. Паліцаі пра гэта данеслі немцам. Маму і іншых жанчын, чые мужы і сыны партызанілі, часта выклікалі на допыты, пагражалі расстраляць. Пад такім страхам мы і жылі. Кастрычніцкай ноччу 1942 года прыйшоў бацька са сваімі ляснымі таварышамі. У спешным парадку жанчыны сабралі самае неабходнае, і мы выправіліся ў невядомую дарогу. Ноччу ішлі лясамі, днём сядзелі пад елкамі. Так нас выводзілі за лінію фронту. У дарозе былі больш за паўтара месяца. Ад Суражскіх варот да чыгуначнай станцыі ехалі на санях. Цягніком — да Масквы, а адтуль эвакуіравалі ў Башкірыю. Там я пайшла ў першы клас.

На Радзіму вярнуліся ў 1947-ым. А на месцы вёскі — папялішча. Карнікі спалілі хаты разам з жыхарамі. На наш лёс выпала цяжкая доля, але няма нічога даражэйшага за жыццё.

Запісала Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.