Пафестывалілі


Кожны год у адным з галоўных музычных форумаў краіны — фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” — разам з прадстаўнікамі іншых раёнаў вобласці прымаюць удзел і пастаўчане. Сёлета тых, хто пабываў на юбілейным, 25-ым, свяце ў сталіцы прыдзвінскага краю, было як ніколі шмат. З 14 па 18 ліпеня ў фестывальных мерапрыемствах былі задзейнічаны каля 120 нашых землякоў: работнікі культуры, народныя майстры і калектывы, удзельнікі мастацкай самадзейнасці.

14 ліпеня, у дзень адкрыцця фестывалю, у святочным парадзе па вуліцах горада ў складзе калоны больш чым з тысячы чалавек ішлі ансамбль барабаншчыц Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза і ўзорны духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, а таксама дэлегацыя работнікаў культуры раёна, якая прадстаўляла Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”. У гэты ж дзень наш аркестр прыняў удзел у конкурсе духавых аркестраў, што праходзіў на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы на плошчы Свабоды.

15 ліпеня ўдзельнікамі конкурсу “Стежки мастерства” сталі майстры Дома рамёстваў “Стары млын” Таццяна Мікалаеўна Петух, Юлія Аляксандраўна Калядзіна і Вольга Мікалаеўна Гукава. Спецыяльна да фестывалю яны вырабілі аўтэнтычныя народныя касцюмы, якія калісьці насілі на Пастаўшчыне, і самі прадставілі іх публіцы і журы падчас дэфіле, фотасесіі і абароны ўбораў.

На працягу пяці фестывальных дзён, з 14 па 18 чысло, у горадзе над Дзвіной працавалі пастаўскі падворак і майстры, прэзентуючы ўсё, чым багаты і славіцца наш край. Былі арганізаваны выставы (мёду, арыгамі, бісерапляцення), розныя гульні і забавы, бяспройгрышная латарэя. Удзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” частавалі ўсіх наведвальнікаў прысмакамі, зазываючы іх на свой падворак песнямі і прыпеўкамі. А ў апошні дзень знаходжання на фестывалі адбылася прэзентацыя тэматычнай тэатралізаванай пляцоўкі брэнда раёна “На пастаўскім кірмашы ўсё, што трэба для душы”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.