“Пагаворыш з кветкамі — і на душы лягчэй”


Самыя яркія ўспаміны дзяцінства жывуць з чалавекам, напэўна, да канца яго дзён. Вось і Вацлава Людвікаўна Касцень з вёскі Андроны, якая завяршае восьмы дзясятак, не-не ды і ўспомніць, як малая хадзіла з мамай па родных Балаях у пошуках насення кветак — так ім хацелася, каб у агародчыку цвілі настурцыі, наготкі, аксаміткі, астры і іншыя няхай сабе самыя просценькія, але такія жаданыя кветкі.

Тую прывітую мамай любоў яна пранесла з дзяцінства праз усё жыццё. Зараз перад яе домам цэлая плантацыя, соткі чатыры, не менш, заняты кветкамі самых розных сартоў. Высаджаны яны і ўздоўж дарожкі, і нават за хлявом.

— Пакуль працавала ў калгасе (а была я малаказборшчыцай), не мела часу на кветкі, і іх было ў мяне мала, — расказвала Вацлава Людвікаўна. — А вось як пайшла на пенсію, дала сабе волю — і купляла, і з суседкамі мянялася, ды і зараз прадаўжаю гэта рабіць.

Ідзём з гаспадыняй на “экскурсію” ў кветнік. Нарцысы, цюльпаны, ружы, гваздзікі, півоні, лілеі, каны, вяргіні, настурцыі — пералік можна прадаўжаць і прадаўжаць. Адны ўжо адцвілі, другія ва ўсёй красе, трэція толькі збіраюцца ўвайсці ў яе. Стаім сярод усіх колераў вясёлкі, удыхаем водар, з якім не параўнацца самым тонкім пахам духоў. І пра кожную кветачку Вацлава Людвікаўна расказвае з асаблівым замілаваннем. Не сумняваюся, што і з імі яна размаўляе, як з разумнымі істотамі.

А каму расказаць пра свае маленькія радасці і вялікія беды, калі з усіх родных засталася адна? Дзяцей Бог не даў. Трох мужоў мела — і ўсіх пахавала. З першым лічаныя гады пражыла, як адышоў у свет іншы, другога забіла ў лесе дрэвам. І трэці, з якім былі разам 23 гады, пакінуў яе раптоўна — інсульт. Адна за другой памерлі і дзве родныя сястры.

— А гэта ж — стрэсы, — вільгатнеюць ад цяжкіх успамінаў вочы жанчыны. — Усё трэба было перажыць. Вось і зараз, калі ў мяне якія непрыемнасці ці нездароўе, іду да сваіх кветак — і на душы лягчэе.

— І што ты сябе так абцяжарваеш? Навошта табе іх столькі? — “шкадуюць” жанчыну вяскоўцы. — Запусціла б травой і не мела б клопату.

Не, пакуль будуць служыць рукі, яна такога не зробіць. Наадварот, кожны год усё папаўняе і папаўняе свой кветнік, з ранняй вясны да позняй восені шчыруе ля дарагіх сэрцу раслінак і непакоіцца толькі пра адно: “А што з імі будзе, як мяне не стане?”.

Але развітвацца з гаспадыняй на такой мінорнай ноце мне не хочацца, і я пераводжу размову, пытаюся, хто ўвіхаецца ў яе двары з бензакасой, да самай зямлі «збрываючы» падрослую траву.

— А гэта муж маёй роднай пляменніцы, — тлумачыць жанчына. — Яны жывуць у Варапаеве, мяне не забываюць. Вось і зараз прыехалі, каб абкасіць траву, а гэта прыходзіцца рабіць амаль кожны месяц.

Парадак у Вацлавы Людвікаўны ўсюды — у кветніку, двары, на агародзе. Многім маладым павучыцца б такой гаспадарлівасці. Зрэшты, і ў суседніх з яе домам дварах я таксама бачыла і кветкі, і парадак. І гэта парадавала.

Фаіна КАСАТКІНА.

 Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.