Пакуль запасы меншыя


Яўгеній Дубіновіч.

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Янавіца-агра” з начальнікам райсельгасхарчу Сяргеем Васільевічам Чэпікам былі напрыканцы чэрвеня. У той спякотны дзень, як і ў папярэднія, пераважная большасць механізатараў працавалі на нарыхтоўцы кармоў. Разам з дырэктарам сельгаспрадпрыемства А. Э. Кажурнам накіраваліся на сенажаць. Па дарозе Андрэй Эдуардавіч расказаў пра абстаноўку з забеспячэннем грамадскага статка кармамі. Зялёнае жніво завяршылася, а сенажу было закладзена менш, чым летась. Асабліва “падвялі” травы першага года карыстання, якія далі невысокую ўраджайнасць зялёнай масы.

Як і за кошт чаго яшчэ можна папоўніць запасы травяністых кармоў? Аказалася, што рэзервы ёсць. Першым укосам яшчэ не былі скошаны ўсе сеяныя травы, ёсць няўдобіцы, бу­дзе працягвацца падкошванне траў на шматкампанентнай пашы. Спадзяюцца ў гаспадарцы і на другі ўкос.

Рады старацца далей і механізатары. Сёлета яны на паўмесяца раней, чым летась, выканалі асноўны аб’ём работ на сваіх сенажацях. Прадаўжалі і прадаўжаюць працаваць у садружнасці з суседзямі з ААТ “Блакітныя азёры-агра”. Для ўборкі траў і нарыхтоўкі кармоў у гэтай гаспадарцы намнога слабейшая матэрыяльна-тэхнічная база, ёсць праблемы з кадрамі. Часовае аб’яднанне аказалася карысным і паказала, што пры наяўнасці большага аб’ёму работы механізатары абедзвюх гаспадарак здольны дабівацца добрай выпрацоўкі, а некаторыя нараўне спаборнічаюць з перадавікамі з іншых сельгасарганізацый раёна.

Бухгалтар, старшыня прафсаюзнага камітэта Наталля Петрусевіч пракаменціравала вынікі працы кожнага як з палескай, так і з лынтупскай зон. На касьбе першынство трымае Мікалай Жарын, які склаў травы ў пракосы на 588 гектарах. На рахунку Фёдара Цыбулёнка — 263 гектары скошаных траў. Не намнога адстаў ад яго Раман Панкрашоў. На зграбанні зялёнай масы найвышэйшую выпрацоўку — 413 гектараў — мае Валерый Петрусевіч. Разам з ім стараліся Тадэвуш Заляціла і Яўгеній Дубіновіч.

Механізатары Валерый Глазко, Віталій Паўкштэла, Аляксандр Тамілін, Ігар Плотнікаў, другі справа — галоўны аграном Фёдар Ванага.

Вялікая нагрузка лягла на Аляксандра Таміліна, які працуе на адзіным у сельгаспрадпрыемстве КВК-800. За няпоўны месяц ён падабраў і здрабніў 3145 тон правяленай масы. Больш за 2200 тон сенажу нарыхтаваў Генадзій Рэксць. На яе адвозцы вызначыліся Валерый Глазко, Фёдар Бартунскі, Ігар Плотнікаў, а таксама Валянцін Лукашэвіч і малады механізатар Віталій Паўкштэла. А вось на прэс-падборшчыку па-ранейшаму прыспешвае Віктар Дубі­новіч. Ён нарыхтаваў каля 100 тон сена ў рулонах.

Хапала клопатаў на разраўноўванні і трамбоўцы масы ў траншэях аднаму са старэйшых механізатараў Пятру Урбановічу. А калі здарылася паломка трактара, на дапамогу прыйшоў Уладзімір Віткоўскі.

У гэтыя дні «дэсант» механізатараў з “Янавіцы-агра” “высадзіўся” на сенажаці ААТ “Блакітныя азёры-агра”, дзе яшчэ ёсць крыніцы папаўнення кармавых запасаў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.