Пераканаў… конкурс

Местная власть

Калі Ірыне сказалі, што яна будзе ўдзельнічаць у аб ласным конкурсе прадаўцоў, дзяўчына палічыла гэта за розыгрыш: яшчэ і года не працуе пасля заканчэння каледжа — які конкурс? Але навіна аказалася небеспадстаўнай — праўленне райспажыўтаварыства сапраўды зрабіла стаўку на яе. Маладая, яркая, прыгожая, упэўненая. Добра зарэкамендавала сябе ў калектыве, не разгубіцца і сярод саперніц.

— Часу на падрыхтоўку ў нас было зусім мала, — расказвала вядучы таваразнаўца райспажыўтаварыства Наталля Леанідаўна Артамонава. — Але Іра вельмі сур’ёзна аднеслася да гэтага і ўсё паспела.

І вось — конкурс. На сцэне Лепельскага Дома культуры 21 яго ўдзельні¬ца. Самая маладая — пастаўчанка Ірына Брэхун, якой споўнілася ўсяго дзевятнаццаць.

— Дала сабе ўстаноўку не хвалявацца, — узгадвае дзяўчына тыя гадзіны. — І ў мяне гэта атрымалася. Можа, таму, што не гналася за перамогай, для мяне быў важны сам удзел. Але да выканання кожнага задання ставі¬лася вельмі адказна. А іх было пяць.

Самым складаным аказалася першае — «Візітная картачка». Пра сябе Ірына расказала вершамі. «Универсам «Центральный» мой стал для меня как дом родной..», «…соревноваться среди лучших — уже это счастливый случай..», «…готова спортом заниматься, я в волейбол люблю сражаться..», «…мы мастерством своим сильны, наш труд так важен для страны…» — упэўнена дэкламавала канкурсантка гэтыя і дзясяткі іншых вершаваных радкоў, а на экране ў гэты час дэманстравалася адпаведнае відэа. Усё атрымалася выдатна, і якім жа вялікім было засмучэнне, калі з пяці магчымых балаў журы недадало адзін. Але такая неспа¬дзяванка не выбіла дзяўчыну з каляіны — у астатніх чатырох заданнях яна набрала найвышэйныя балы. А гэта — рэклама тавару; веданне правілаў гандлю, тэрміналогіі, Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», маркетынгавай стратэгіі; падрыхтоўка рабочага месца: выкладка тавараў, афармленне гандлёва-дэкаратыўнай экспазіцыі ў вітрыне, знешні выгляд і форменнае адзенне прадаўца; работа з пакупнікамі.

— Я вельмі ўдзячна Наталлі Леані¬даўне Артамонавай і Людміле Мікалаеўне Касцюковай, якія дапамаглі падрыхтавацца да конкурсу. А як перажывала Ганна Мечыславаўна Сянько! Яна званіла пасля кожнага конкурснага этапа і цікавілася вынікам.

А агульны вынік наступны: прадавец чацвёртага разраду пастаўскага ўніверсама “Центральный” Ірына Мікалаеўна Брэхун заняла ў ХХХ абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі” другое месца, саступіўшы ўсяго адзін бал лепяльчанцы. Прывезла яна і яшчэ адзін дыплом, якім адзначана як самая маладая ўдзельніца, а ў якасці падарункаў — пыласос і набор посуду з хрусталю. Чакаюць прызёра і такія бонусы, як павышэнне разраду і даплата да акладу на працягу года.

У гэтыя дні Ірына знаходзіцца ў Віцебску. Пастаўскія кааператары будуць два тыдні гандляваць на “Славянскім базары”. Яна — у пары з Анастасіяй Савельевай з “Дзявятачкі” — мінулагодняй пераможцай такога ж абласнога конкурсу. Скажыце, ну, хіба не малайчыны нашы дзяўчаты?

На завяршэнне размовы я спытала ў Ірыны, што, акрамя другога месца і падарункаў, даў ёй конкурс. І пачула ў адказ зусім нечаканае: “Натхніў і дапамог вызначыцца з далейшым шляхам у жыцці”. Аказваецца, нягледзячы на тое, што яна закончыла Пастаўскі каледж і атрымала спецыяльнасць “Бухгалтарская справа і прадавец”, паспяхова спраўляецца за прылаўкам, усё яшчэ вагалася: пакінуць гандаль і пайсці вучыцца на медыка або застацца ў прафесіі.

“Пасля конкурсу ўсе гэтыя ваганні развеяліся, — прызнаецца дзяўчына. — Буду паступаць у Полацкі гандлёвы каледж, а далей — у Гомельскі гандлёвы дзяржуніверсітэт”.

Ну што ж, няхай здзяйсняюцца мары!

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота прадастаўлена праўленнем райспажыўтаварыства.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.