“Пілігрымы” з Маладзечна


“Падарожжы па пастаўскай зямлі”, “Край азёр, касцёлаў, паркаў”, “Паставы—Будслаў—Камаі”, “Гарадскія экскурсіі” — пад такімі і іншымі назвамі арганізатары экскурсійных і турыстычных падарожжаў запрашаюць пазнаёміцца з найпрыгажэйшым рэгіёнам беларускага Паа¬зер’я. Асабліва шмат жадаючых дакрануцца да нашай гісторыі, помнікаў архітэктуры, палюбавацца края¬відамі летнім часам.

Для жыхароў райцэнтра стала звычайнай з’явай бачыць купкі людзей у гарадскім скверы, адкуль, звычайна, пачынаецца знаёмства з нашым старажытным горадам. Многія імкнуцца трапіць у Паставы менавіта ў дні правя¬дзення Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. З такім разлікам у сваё чарговае падарожжа накіроўваліся на веласіпедах і ўдзельнікі турыстычнага клуба “Пілігрым” з горада Маладзечна. Наведаўшы Смаргонь, Свір, Блакітныя азёры, пераначаваўшы на возеры Варанец, заўзятыя падарожнікі на паўтара дня затрыма¬ліся ў Паставах і былі ў захапленні ад сустрэч, творчай атмасферы фестывалю.

Уразіла тое, што ў велападарожжа адправіліся толькі пенсіянеры. Высветлілася, што і ўдзельнікамі клуба, які існуе з 1977 года, у асноўным з’яўляюцца людзі пажылога ўзросту, тыя, хто спалучае адпачынак з вывучэннем роднага краю. Маладзечанскія “пілігрымы” рэгулярна адпраўляюцца ў паходы на веласіпедах, пешшу і нават на лодках. Такі актыўны лад жыцця станоўча ўплывае на здароўе, фізічны стан у цэлым, настрой.

З Пастаў маладзечанцы з яркімі ўражаннямі накіраваліся ў Стары Двор, Лучай, “Салаўіны гай”. Далей іх маршрут пралёг на возера Нарач, у Мядзел, Любань.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.