Прыгожа, весела, дружна


17 ліпеня на ціхіх вуліцах вёскі Гвоздавічы было надзвыйчай шумна: маладыя і старыя ўсёй гурбой спяшаліся на свята вёскі, якога так доўга чакалі. Гэта мерапрыемства — яшчэ адна нагода сабрацца ўсім разам, пагутарыць з аднавяскоўцамі, з раднёй, успомніць, якой вёска была раней, што за гэты час змянілася.

Месцам правядзення стаў двор адной з жыхарак Гвоздавіч. Пры падыходзе да яго разбягаліся вочы ад прыгажосці, якую жанчыны вёскі стварылі сваімі рукамі і прынеслі на свята, — гэта і тканыя дываны, і ажурныя ручнікі, развешаныя ў двары, абрусы з арнаментам на стале, вышытыя рознакаляровыя падушкі… Глядзіш на ўсё гэта — і нібыта акунаешся ў мінулае.

Камайскім СДК для жыхароў Гвоздавіч быў падрыхтаваны святочны канцэрт. У ходзе яго вяскоўцы весяліліся, танцавалі, спявалі вядомыя раней песні. Нават старыя ішлі ў скокі. Адчувалася, што ў людзей цудоўны настрой, вочы гарэлі ад радасці і захаплення.

Уразіла размова з самай старэйшай жыхаркай гэтай вёскі Лоўкіс Алімпіяй Міхайлаўнай. Ёй 92 гады, але гумару жанчыны любы можа пазайздросціць. Яна распавяла, якой вёска была семдзесят гадоў назад, якімі справамі займаліся яе жыхары і якія песні спявалі. «Раней лепш было жыць, — казала яна, — людзі былі дружнейшымі».

Сваёй жыццёвай энергіяй і дабрынёй таксама падзяліўся старэйшына вёскі Гвоздавічы  Аляксандр Веньямінавіч Кундра. Ён паважаны чалавек сярод вяскоўцаў, трымае вялікую гаспадарку, яго сядзіба дагледжаная, з’яўляецца прыкладам для астатніх.

Дзіцячы гоман і смех не сціхалі на працягу ўсяго свята. Вельмі прыемна, што і дарослыя ўжо дзеці  кінулі ўсе свае справы і прыехалі да бацькоў, каб разам з імі святкаваць. Для іх гэта магчымасць яшчэ раз акунуцца ў дзяцінства, успомніць сваю маленькую вёсачку, дзе нарадзіліся і раслі, бавілі час. Надоўга застанецца гэты дзень у памяці ўнукаў, якія прыехалі да бабуль і дзядуляў.

Старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзь Часлававіч Урбанайць павіншаваў вяскоўцаў са святам, падзякаваў за стараннасць і руплівасць, за тое, што, хоць вёска і невялічкая, але жыве і цяпер, вабіць сваёй прыгажосцю і чысцінёй.

Свята прайшло, людзі вярнуліся да сваіх штодзённых спраў, Але вельмі хацелася б, каб яно яшчэ доўгі час грэла сэрцы жыхароў Гвоздавіч.

С. ЛАПІНА,  Камайскі СДК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.