Прывыкаем да новых грошай


1 ліпеня ў Беларусі адбылася трэцяя дэнамінацыя (папярэднія былі 20 жніўня 1994 года і 1 студзеня 2000-га). З банкнот зніклі чатыры нулі. Разам з новымі купюрамі ў абарачэнне ўведзены манеты. Як рыхтаваліся да дэнамінацыі банкі, як працуецца з новымі грашыма работнікам гандлю і ці арыентуюцца ў новых цэнах і купюрах людзі, цікавілася карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч.

Леанід Леанідавіч КАСАРЭЎСКІ, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 230 філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк”:

— Ніякага ажыятажу ў нас не назіралася. Праграмнае забеспячэнне было перададзена цэнтралізавана з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Нашы спецыялісты яго ўстанавілі. Усе сістэмы ўзаемазвязаны: картачкі, інтэрнэт-банкінг, касавы сэрвіс і іншае адначасова перайшлі на новы фармат. Банкаматы ў гора­дзе новымі купюрамі пачалі загружаць 1 ліпеня ў 7 гадзін раніцы.

У абарачэнне ўвайшлі 7 наміналаў банкнот і 8 наміналаў манет. Калі хто пажадае памяняць старыя купюры на новыя, то ў нашым цэнтры па вуліцы Юбілейнай з гэтай мэтай адкрыта дадатковая каса. Праўда, жадаючых практычна няма. Людзі разумеюць, што да канца бягучага года ў абарачэнні будуць і старыя купюры, таму не спяшаюцца з імі расставацца.

Ганна Мечыславаўна СЯНЬКО, першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства:

— Да пераходу на новую сістэму мы рыхтаваліся загадзя. У магазінах на цэнніках даўно ўказаны цэны ў старых і новых грашах. З часам на першы план выйдуць дэнамінаваныя цэны.

1 ліпеня тэрміналы магазінаў запрацавалі па-новаму. Для разліку прымаюцца купюры як новага, так і старога ўзору. Здачу прадаўцы стараюцца выдаваць новымі. Аднак маюць права даць і “сумессю” розных гадоў. Работнікам гандлю трэба быць вельмі пільнымі і ўважлівымі, каб не зблытацца. Пакупнікам раю разлічвацца пластыкавымі карткамі. Так зручней і ім, і прадаўцам.

Аксана ПРОНЬКА, маладая мама:

— У нашым сямейным кашальку грошай з чатырма нулямі ўжо няма. У мужа ў канцы чэрвеня была зарплата. Адразу не здымалі. А ў першыя дні пасля дэнамінацыі банкаматы выдавалі новыя купюры. Прыгожыя. Сарыентаваліся хутка. Калі глядзіш на новыя цэны, то здаецца, што рэчы каштуюць вельмі танна. Трэба добра падумаць, каб не патраціць лішняга. У магазінах мы разлічваемся ў асноўным карткай. Галоўнае — пра­вільна разлічыць расходы.

Марыя Іосіфаўна ЧАРНЯЎСКАЯ, пенсіянерка:

— Для мяне гэта не першая дэнамінацыя, перажыла розныя грашовыя змены і капейкі ў руках раней трымала. Праўда, цяпер без акуляраў дрэнна бачу, якая на іх лічба. Да ўсяго новага трэба прывыкнуць. Як толькі  перастануць хадзіць купюры старога ўзору, дык і ўсё стане проста. А пакуль трэба думаць: ці правільна здачу далі, колькі гэта па-ранейшаму.

Уладзімір ЧАРЭНКА, прадпрымальнік:

— Якая розніца, старыя або новыя грошы. Галоўнае — мець іх. Часта бываю за мяжой, там манеты — прывычная справа. Купіце зручны кашалёк, каб не пагубляць іх, бо цяпер і капейкі маюць вартасць.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.