Самі для сябе

Общество

На гэтым тыдні завяршыў работу лагер працы і адпачынку, створаны на базе сярэдняй школы №1. У яго склад таксама ўваходзілі падраздзяленні, што дзейнічалі ў трэцяй і чацвёртай школах райцэнтра.

Атрадам, які шчыраваў у сярэдняй школе №3, кіраваў настаўнік працоўнага навучання Сяргей Яўстаф’евіч Маслоўскі. Падчас майго прыезду ў навучальную ўстанову пад яго наглядам чатырнаццаць падлеткаў уносілі апошнія штрыхі ў касметычны рамонт школы. За плячыма працоўнага дэсанта — вялікі аб’ём разнапланавых работ. Школьнікі спачатку падрыхтавалі, а затым пабялілі столі і частку сцен, астатнюю — пафарбавалі. Пасля іх руплівай працы малярнымі пэндзлямі і валікамі, як новыя, заблішчэлі вокны, падлога, радыятары ацяплення і разметка ў спартыўнай зале. Таксама моладзь клеіла шпалеры і займалася добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі.

Амаль кожны дзень вучнёўскую рамонтную брыгаду чакалі розныя віды работ, але распарадак дня пры гэтым заставаўся нязменным: пачатак рабочага дня ў дзевяць гадзін, завяршэнне — у пяць вечара, перапынак на абед — адна гадзіна. Перш чым прыступіць да працы, падлеткі атрымлівалі неабходны інвентар і матэрыялы ў намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы школы Пятра Віктаравіча Абушнага, які паралельна акрэсліваў кола задач на дзень.

— Я вельмі задаволены працай рамонтнай брыгады. Сёлета, як ніко­лі, усе падабраліся адказныя, акуратныя, дысцыплінаваныя, руплівыя, дадзеныя даручэнні выконваюць бездакорна, не парушаюць інструктаж па тэхніцы бяспекі, — хваліў падапечных С. Я. Маслоўскі.

Любая работа спорыцца ў брыгадзіра атрада Віталія Жылевіча. Хлопец прызнаўся, што вырашыў папрацаваць падчас летніх канікул, найперш каб падзарабіць. Але не апошняе месца ў выбары арганізацыі вольнага часу адыграла магчымасць бачыцца і праводзіць час з адна­класнікамі падчас канікул, разам займацца падрыхтоўкай школы да новага навучальнага года. Нароўні з брыгадзірам шчыруюць Арцём Авін, Марыя Акуленка, Вікторыя Багданава, Маргарыта Варашкевіч, Ілья Дубавец, Луіза Дунец, Вадзім Кавалёнак, Ілья Кулак, Маргарыта Ластоўская, Багдан Рымша, Віталій Скрыдлеўскі, Максім Сабецкі і Валерыя Таяновіч.

Першага верасня абноўленая пасля касметычнага рамонту СШ №3, на які аддзел па занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама выдзеліў пятнаццаць з паловай мільёнаў рублёў, сустрэне сваіх вучняў, чыім гоманам і смехам на новыя дзевяць месяцаў напоўняцца яе сцены. Членаў вучнёўскай брыгады гэта абнаўленне будзе радаваць асабліва, бо яно зроблена іх рукамі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.