Сцены таксама лечаць

Общество

Побач з аказаннем якаснай медыцынскай дапамогі кіраўніцтва Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы клапоціцца і пра тое, каб стварыць максімальна камфортныя ўмовы знаходжання для сваіх пацыентаў і наведвальнікаў. І асабліва маленькіх. А дапамагаюць ім у гэтым ужо не першы год выкладчыкі школы мастацтваў імя А. Ромера.

— За апошнія гады шмат зроблена для таго, каб інтэр’еры бальніцы адпавядалі не толькі санітарна-гігіенічным нормам, але і эстэтычным. А для дзяцей, да ўсяго, створана казачная атмасфера, дзе правяць баль не строгія ўрачы, а добрыя Айбаліты, — расказваў галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ Уладзімір Мікалаевіч Чакавы.

Дзякуючы намаганням Жанны Уладзіміраўны Курдо, Ніны Віктараўны Бардзеевай, Наталлі Уладзіміраўны Танана, Марыны Раманаўны Скіндар, Ганны Браніславаўны Дрылінскай, Іосіфа Канстанцінавіча Атрахімовіча і Аляксандра Сяргеевіча Дзеравянкі, у дзіцячай кансультацыі і аддзяленні стацыянара, а таксама радзільным аддзяленні створана ўтульная абстаноўка, максімальна набліжаная да хатняй. А робяць яе такой з густам аформленыя інтэр’еры і неймаверна прыгожыя сцены, над роспісам якіх папрацавалі мясцовыя мастакі. Прыцягваюць увагу прадуманая колеравая гама, вясёлыя казачныя персанажы, архітэктурныя сімвалы роднай Пастаўшчыны.

Творчае супрацоўніцтва выкладчыкаў «художкі» з раённай бальніцай пачалося больш за пятнаццаць гадоў таму. Спачатку іх мастацкае бачанне і майстэрства ператварылі аднатонныя сцены дзіцячай кансультацыі ў сапраўдны шэдэўр, які радуе дзетак і іх бацькоў і па сённяшні дзень. Затым была грунтоўная праца па афармленні дзіцячага аддзялення стацыянара. Па задумцы творцаў, лейтматывам роспісу сцен стала вясёлка. Нават кожны пралёт калідора мае адпаведны колер, прычым у пэўнай паслядоўнасці. Жалюзі для сталовай і тыя падбіралі ў адпаведнасці з агульнай канцэпцыяй. А ўсё разам стварае цэласную і гарманічную карціну, дзе кожная дэталь прадумана да дробязей. Перад тым як прыступіць да стварэння акрылавых фрэсак, выкладчыкі разам абмяркоўваюць сюжэт, робяць мноства эскізаў.

Сёлета крэатыўны падыход мастакоў змяніў яшчэ адно аддзяленне — радзільнае. Яго сцены ўпрыгожылі малюнкі архітэктурных помнікаў раёна, анёлаў, крылатага сімвала Беларусі, які нясе ў дзюбе немаўля, дрэва жыцця, пад шатамі якога стаяць хлопчык з дзяўчынкай, а над імі расправілі крылы райскія птушкі, і іншыя. На іх фоне ўжо шмат шчаслівых бацькоў зрабілі першае сумеснае фота з нованароджаным.

— Мы з калегамі бачым у сацыяльных сетках фотаздымкі, зробленыя ў выпісной палаце радзільнага аддзялення бальніцы, з задавальненнем чытаем пад імі водгукі пра мастацкае афармленне сцен. Шчыра радуемся, што фрэскі ўсім прыйшліся даспадобы. У іх стварэнне нашы выкладчыкі ўклалі душу і зрабілі гэта абсалютна бясплатна, — падзялілася дырэктар школы мастацтваў Жанна Курдо.

У калідоры, над уваходам у выпісную палату радзільнага аддзялення, у адзінае цэлае зліліся маці і дзіця, этажом ніжэй (ля дзіцячага аддзялення) радуюць вока і выклікаюць усмешку пацешныя звераняты, якія ўскарабкаліся адзін аднаму на галаву ля растамеру. Аўтарства апошняй работы належыць сёлетняй выпускніцы школы мастацтваў Насці Клянцэвіч.

Роспіс сцен — не адзіны від супрацоўніцтва мастакоў і медыкаў. У свой час сумеснымі намаганнямі ўладкоўвалі альпійскія горкі, якія і зараз упрыгожваюць тэрыторыю бальнічнага сквера. Перад уваходам у дзіцячае аддзяленне не першы год красуюцца выставы работ вучняў школы мастацтваў, якія перыядычна абнаўляюцца. Надаюць непаўторны каларыт вучнёўскія малюнкі і амбулаторыі ўрачоў агульнай практыкі ў 5 гарадку, а нядаўна іх калекцыя папоўнілася работамі ў акрылавай тэхніцы выкладчыка школы Ганны Дрылінскай.

Усё гэта, безумоўна, робіць цэнтральную раённую бальніцу прывабнай і ўтульнай. Удзельнікі разнастайных медыцынскіх семінараў застаюцца ў захапленні ад убачанага, фатаграфуюць фрэскі. А ўрачы з Верхнядзвінска і Шуміліна нават прыязджалі са сваімі спецыялістамі, каб пераняць вопыт.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.