Слухалі ветэрана са слязамі на вачах


У сярэдзіне чэрвеня каманда нашай школы прыняла ўдзел у абласным этапе ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца», прысвечанай 71-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якая на працягу двух дзён праходзіла на тэрыторыі Расонскага раёна. Паездка атрымалася вельмі насычанай і незабыўнай. Мы ўдзельнічалі ў розных спартыўных, інтэлектуальных і творчых конкурсах, весела і змястоўна правялі час, пазнаёміліся і пасябравалі з аднагодкамі з усёй вобласці, даведаліся шмат новага з гісторыі гераічнага мінулага беларускага народа.

Усе мерапрыемствы «Зарніцы» прайшлі на ўра. Кожнае з іх адбілася ў памяці яркімі хвалюючымі момантамі. Было прыемна атрымліваць віншаванні з перамогай у самым галоўным конкурсе гульні — марш-кідку, цікава — жыць у палатачным гарадку, пабываць у адрэстаўраваных зямлянках, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны размяшчалася партызанская брыгада імя Ракасоўскага, камісарам якой быў будучы Герой Савецкага Саюза і першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў, наведаць музей баявой садружнасці ў Расонах, прыняць удзел у мітынгу, што адбыўся ў мемарыяльным скверы гарадскога пасёлка.

А больш за ўсё мяне ўразіла выступленне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Канстанціна Мікалаевіча Палявечкі. Сёлета яму споўніцца 90 гадоў. Канстанцін Мікалаевіч спазнаў усе жахі вайны, бачыў трагічную смерць блізкіх людзей, рызыкаваў сваім жыццём дзеля вызвалення Айчыны. Спачатку ён партызаніў у атрадзе імя Шчорса, якім кіраваў П. М. Машэраў, а пасля вызвалення ў 1944 годзе тэрыторыі Расонскага раёна працягнуў ваяваць на фронце і дайшоў да Берліна. Двойчы быў паранены.

Вітаючы ўдзельнікаў «Зарніцы», ветэран расказаў пра сваё знаёмства з Машэравым, партызанскі рух, ратныя подзвігі савецкага народа, узяцце Берліна. Нават праз столькі гадоў жудасныя падзеі тых дзён не мог успамінаць спакойна: пры аповедзе пра штурм варожай сталіцы, падчас якога байцоў Чырвонай Арміі абстрэльвалі з кожнага акна, на яго вачах нагарнуліся слёзы. Выступленне Канстанціна Мікалаевіча было настолькі шчырым і кранальным, што да слёз узрушыла і ўсіх нас.

Спрыяла асэнсоўванню жахаў вайны і сама абстаноўка: мітынг праходзіў у мемарыяльным скверы ў цэнтры Расон, дзе пахаваны 2,5 тысячы воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі фашысцкай агрэсіі. Таксама тут устаноўлены помнік 109-ці вёскам раёна і іх жыхарам, якія былі спалены ў час вайны і назаўсёды адышлі ў нябыт. У гэтым скверы спачывае і маці П. М. Машэрава, якую разам з іншымі мірнымі жыхарамі расстралялі за тое, што яны не выдалі месца стаянкі партызан. Пётр Міронавіч кожны год прыязджаў ушаноўваць памяць землякоў. А страты Расонскага раёна непапраўныя: вайна адабрала жыццё ў кожнага другога яго жыхара.

Дзякуй, ветэраны, за здабытую Перамогу!

Іван ФІЛАНОВІЧ,

навучэнец СШ №4.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.