Спаборнічалі, весяліліся, адпачывалі


Ужо не першы год у канцы чэрвеня ўрочышча маляўнічага возера Варанец ператвараецца ў сапраўдны палатачны гарадок, дзе пануюць дух спартыўнай барацьбы, азарт і весялосць. Тут праходзіць раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі. Сёлета ён адбыўся 24—25 чэрвеня і быў прысвечаны 71-ай гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Удзел у спаборніцтвах прынялі восем каманд. У разнастайных конкурсах свой спрыт, творчыя здольнасці і вынаходлівасць дэманстравалі прадстаўнікі малочнага завода, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельгаспрадпрыемстваў «Дунілавічы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра», а таксама тры тандэмы: моладзь ААТ «Сцяг Перамогі-агра» аб’ядналася з аднадумцамі з Юнькаўскага сельсавета, прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў — з Пастаўскім аддзяленнем Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, у адной звязцы выступалі работнікі заводаў «Беліт» і «Паставымэбля».

Падчас самага важнага, працяглага і складанага конкурсу — турысцка-прыкладнога мнагаборства — камандам трэба было пераадолець шэраг перашкод: змайстраваць насілкі і транспарціраваць «пацярпелага» па перасечанай мясцовасці, прайсці па паралельна нацягнутых вяроўках, пры дапамозе каната пераскочыць з аднаго берага невялікага вадаёма на іншы, завязаць пэўны від вяровачнага вузла, па драўляных купінах пераправіцца праз балота. Таксама на гэтым этапе ўдзельнікаў чакалі арыентаванне па азімуце і абуладкаванне турыстычнай стаянкі, якое ўключала ўстаноўку палаткі, развя­дзенне вогнішча і кіпячэнне вады. Найлепшы вынік паказала каманда з Навасёлак.

У арыентаванні на мясцовасці і перацягванні каната не было роўных камандзе Дунілавіч, у спаборніцтвах па дартсе і ўзняцці гіры — Камай, летнім біятлоне — малаказавода. Найлепшую гульню ў валейболе паказала каманда УП ЖКГ.

Акрамя фізічнай вытрымкі, ацэньвалася і арганізацыя быту каманд-­удзельніц. Раз за разам вызначыць пераможцу ў гэтай намінацыі становіцца ўсё складаней, бо кожная пляцоўка афармляецца з густам і фантазіяй, на ёй вельмі ўтульна знаходзіцца. А прадстаўнікі ААТ «Навасёлкі-Лучай», да ўсяго, упрыгожылі свой палатачны гарадок светлавымі прыборамі. Атрымаўся мініяцюрны Лас-Вегас. Іх пляцоўка і была прызнана найлепшай.

Свае творчыя здольнасці ўдзельнікі злёту дэманстравалі ў конкурсе мастацкай самадзейнасці. У дамашнім заданні трэба было пафантазіраваць на тэму «Незвычайная гісторыя турыста». Выступленні атрымаліся жартоўнымі і цікавымі. І не дзіва! Да іх падрыхтоўкі ўсе аднесліся сур’­ёзна: прывезлі з сабой дэкарацыі, касцюмы, амаль усе нумары суправаджаліся ігрой на музычных інструментах. Самымі артыстычнымі аказаліся ўдзельнікі з Навасёлак.

У агульным заліку пераможцай прызнана каманда ААТ «Дунілавічы-агра». На другім месцы — ААТ «Навасёлкі-Лучай», замкнула тройку прызёраў каманда Пастаўскага малочнага завода. Пераможцам уручаны дыпломы і памятныя падарункі.

Застаецца толькі дадаць, што арганізатарамі раённага турыстычнага злёту выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА «БРСМ» і ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». У набыцці прызоў дапамагла раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», а транспарт і вінтоўкі для стральбы прадаставіла раённая арганізацыйная структура ДТСААФ.

Лізавета ТАНАНА, юнкор.