Стопудова!


— Збірайся на свята. Да яго пачатку засталося менш за паўгадзіны.

— Якое свята такой спёкай? Хочацца схавацца ў які-небудзь склеп і не вылазіць.

— І ўсё-такі хадзем. Не цукровыя, не растанем.

(З размовы дзвюх суседак.)

Надвор’е не закажаш. Яго нам “выпісвае” нябесная канцылярыя. А там сёлета, відаць, зусім заблыталіся, бо спёка ў нас стаяла анамальная. Слупок тэрмометра перасягнуў адзнаку 35 градусаў і ў тую ня­дзелю, калі работнікі раённага Дома культуры ладзілі свята вуліцы Паўліка Марозава і прылеглых да яе: Матросава, Зарэчнай, Дзяржынскага, Маркава, Марата Казея, Першамайскай,  Астроўскага і іншых. Нягледзячы на гэта, гараджан сабралася шмат. І не “спякліся”. Сцэна схавалася ў цені будынка раённага цэнтра дзяцей і моладзі, гледачоў на адкрытай пляцоўцы абвяваў лёгкі ветрык, захіналі ад сонца бярозы, клёны ды рабіны. А колькі было смеху, радасці і аглушальнага піску падчас выступлення супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, калі з расцягнутага на зямлі пажарнага рукава паліўся сапраўдны халодны душ! Была і яшчэ адна “фішка” — паказальныя выступленні службовага сабакі з Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы. Гледачы суперажывалі, калі аўчарка, разамлелая ад спёкі, не адразу падпарадкоўвалася камандам міліцыянера-кінолага, а ўсё насцярожана паглядвала на блізкія прырэчныя кусты. І якім усеагульным было захапленне, калі сабака імгненна накінуўся на “парушальніка”, які паспеў ступіць з тых кустоў усяго некалькі крокаў. Учапіўся ў яго адзенне вострымі клыкамі, паваліў на зямлю, і чалавеку не заставалася нічога іншага, як здацца.

А зараз пра галоўныя дзеі, што ад      бываліся на сцэне. Найперш скажу пра тое, што загадчыца дзіцячага аддзела раённага Дома культуры Таццяна Кухальская, якая рыхтавала сцэнарый, а потым і вяла ўрачыстасць, выканала вялізную работу, абышоўшы вуліцы, наведаўшыся ва ўстановы і да дзясяткаў людзей, распытаўшы пра іх лёсы, сем’і, працу, захапленні. Многія былі названы на свяце, атрымалі хто кветкі, хто — невялічкія падарункі. А першай вядучая дала слова дырэктару раённага цэнтра дзяцей і моладзі Л. М. Пушкар. “Гэты будынак — галоўны ў маім жыцці, — прызналася Леакадзія Міхайлаўна. — Я спяшаюся сюды на працу на працягу 24 гадоў. Ва ўстанове дадатковай адукацыі сёлета займаецца больш за 600 дзяцей і падлеткаў, з якімі працуюць 19 педагогаў, развіваючы іх таленты”. Што і прадэманстравалі на сцэне ў вершах, песнях і танцах юныя гурткоўцы, а таксама выхаванцы дзіцячага садка “Сонейка”.

Адметна, што вядучая расказвала прысутным на свяце не толькі пра дзень сённяшні раённага цэнтра дзяцей і моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзіцячага садка “Сонейка”, размешчаных па вуліцы Паўліка Марозава, але і пра іх гісторыю і гісторыю самой вуліцы, якую асабліва карысна ведаць маладому пакаленню, тым, каму ствараць будучыню. А хіба можна было не ўзгадаць тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся за вызваленне краіны ад фашысцкай нечысці? Гэта Мікалай Яў­стаф’­евіч Зубовіч і Аляксандр Аляксандравіч Антух, для якіх вуліца Паўліка Марозава стала роднай. Не абмінулі ўвагай і былога малалетняга вязня Серафіму Аляксееўну Мацеша. Прагучалі дзясяткі прозвішчаў доўгажыхароў. Гэта А. У. Курыловіч, В. Б. Мацур, З. П. Мілянцэвіч, З. С. Соўка, А. С. Каліта, Я. П. Мацкевіч, Н. А. Харытонава, А. У. Касцень, Я. І. Пяткевіч, Л. М. Гінько, М. І. Чыбук, С. І. Собаль, Л. Ф. Махніс, Г. В. Латочка, А. А. Маісеева і іншыя.

Амаль кожны двор гэтага мікрараёна ўпрыгожвае разнаколернасць кветак. Пералічыць усіх клапатлівых гаспадароў проста немагчыма. І ўсё ж вядучая адзначыла дамы ўзорнага парадку А. Б. Касцюкевіч, Т. А. і І. С. Сташулёнак, А. Я. і А. А. Собаль,   А. Э. і А. К. Кейзік, Г. М. Горшын, М. А. Клянцэвіч, Т. С. Мацуковай, Камянецкіх, Багдановічаў.

Свята вуліцы — гэта          і свята сем’яў, якія тут пражываюць. Асабліва ўразіў “клан” Рамана Дзянісавіча і Ганны Міхайлаўны Голуб, калі на сцэну выйшла ажно 12 чалавек. Вайцех Півусавіч і Гертруда Іванаўна Дулінец 4 лістапада гэтага года адзначаць залатое вяселле, і яны таксама ведаюць сакрэты сямейнага шчасця. Галоўнае — паважаць адно аднаго, давяраць, саступаць. Зрабіла ў блакноце паметку абавязкова расказаць пра гэтыя сем’і на старонках газеты асобна: некалькімі радкамі тут не абысціся. Прыемна было бачыць і дружную сям’ю Ількевіч. У жніўні спаўняецца 15 гадоў, як Наталля і Андрэй уступілі ў шлюб. Выхоўваюць траіх дзетак, купілі і ўжо амаль абуладкавалі дом. А самае галоўнае — захавалі ў сэрцах трапяткое пачуццё закаханасці.

Выдатны прыклад для маладых — сем’і з вялікім «стажам»: М. М. і Я. М. Жук, А. М. і В. Д. Дзеравянка, Э. Ф. і Г. А. Дашчынскіх, І. Ю. і М. І. Жамойць, Г. І. і С. С. Пісарчык, Я. М. і В. Л. Шакола, У. І. і Ю. І. Авін, М. Н. і Н. Ф. Барцецкіх, П. Я. і Я. П. Антаневіч, А. П. і І. К. Шашкель і іншых.

А вось і самыя маладыя — на сцэне Аляксандра і Віктар Стоўбун са сваёй дачушкай Дарынай, якой споўнілася ўсяго тры месяцы. Магчыма, калі вырасце, прачытае гэтыя газетныя радкі і прыемна здзівіцца таму, як у такім пяшчотным узросце стала гераіняй урачыстасці. На свяце ўвогуле было шмат дзяцей, і гэта яго ўпрыгожвала.

Ну а ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці падарылі вялікі канцэрт. Музычныя віншаванні героям свята і ўсім прысутным адрасавалі Сняжана Буйко, Арсеній Леўшын, Лада Аляксеева, Вольга Балотнікава, Эла Панавас, Аляксей Конанаў, Пётр Кароль і іншыя.

— Не шкадуеш, што я “выцягнула” цябе ў людзі?

— Ты што? Я ў захапленні! Якія ж малайцы артысты! Свята — стопудовае. Часцей бы такія праводзіліся! Абавязкова буду хадзіць.

(З размовы тых жа суседак.)

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.