Сустрэча праз дзесяцігоддзі


Група выпускнікоў з Пастаўшчыны

Калі на  сайце “Аднакласнікі” з’явілася паведамленне аб маючай адбыцца сустрэчы выпуcкнікоў Слабадской СШ Шаркаўшчынскага раёна, якая была закрыта ў 2011-ым і якой бы сёлета споўнілася 80 гадоў, у адрас арганізатараў мерапрыемства сталі паступаць дзясяткі водгукаў з розных гарадоў і  населеных пунктаў Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі.

І гэта не дзіўна, бо школа дала пуцёўкі ў жыццё не адной тысячы юнакоў і дзяўчат. Яны атрымалі тут глыбокія веды, добрую фізічную і прафесійную падрыхтоўку. Дзякуючы знакамітаму садаводу Івану Паўлавічу  Сікору і яго спадчыне, дасягненням мясцовага калгаса, вучні па-сапраўднаму ганарыліся родным краем, вучыліся любіць прыроду і працаваць на зямлі. Усё самае лепшае, звязанае са школьнымі гадамі, яны пранеслі праз дарослае жыццё, захавалі да сённяшняга дня. Гэта і пацвердзіла сустрэча, якая прайшла 9 ліпеня ў Жукоўшчынскім сельскім клубе і на якую прыехала каля 200 чалавек. Асабліва шмат было тых, хто закончыў школу ў 60—90-ыя гады  мінулага стагоддзя. Многія не бачыліся даўно, а некаторыя — ўвогуле з часу выпускнога  вечара.

Зоя Іванаўна Талапіла.

Прадстаўнічай атрымалася дэлегацыя пастаўчан. У Слабадзе вучыліся не толькі шаркаўчане, якіх пазней лёс прывёў у наш горад, але і выпускнікі Навасёлкаўскай, Дуброўскай, Белькаўскай і Балаёўскай васьмігадовых школ нашага раёна. Сярод іх намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш, дырэктар Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Мікалай Лысёнак, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Пастаўскага раёна Павел Райчонак, начальнік участка філіяла “ДРБУ-132” Вадзім Лысёнак і іншыя.  На сустрэчы з юнацтвам прысутнічалі таксама  Тамара Балай, Вольга Касарэўская, Алена Хмяльніцкая, Вера Жук, Глафіра Аўлас, Казімір Кішко, Міхаіл Бутар, Святлана Райчонак, Эльвіра Чачуковіч, Таццяна Януш, Мая Нямірская, Зоя Каравацкая, Наталля Клімава, аўтар гэтых радкоў і іншыя выпускнікі.

Арганізатары вечара паклапаціліся пра тое, каб кожнага вярнуць у непаўторную пару юнацтва. А запрасіў у той час, выклікаўшы шчымлівую   радасць і хваляванне, школьны званок. Дала яго  выпускніца 1949 года, былая настаў­ніца Зоя Іванаўна Талапіла. Дарэчы, Зоя Іванаўна некалькі гадоў працавала ў Белькаўскай школе, выкладала рускую мову і літаратуру. Яна прасіла перадаць найлепшыя пажаданні пастаўчанам — былым калегам і вучням, многіх з якіх добра памятае і цяпер.

Выпускнікам былі адрасаваны песні і музыка, расказы вядучых. А яны ў сваю чаргу ахвотна прыгадвалі розныя школьныя гісторыі, дзяліліся  жыццёвым вопытам, з вялікай удзячнасцю ўспаміналі настаўнікаў, кружыліся  ў танцах, спявалі песні мінулых гадоў.

Непрыкметна праляцелі некалькі гадзін. Развітваючыся, удзельнікі вечара абяцалі сустрэцца праз год, каб зноў вярнуцца ў шчаслівыя і радасныя гады маладосці.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.